В церкви Сергия Радонежского в Лесковичах вас встретит прихожанка Софья Соколова

Духоўнае

Гаспадыня свечачнай скрыні
Нягледзячы на свае паважаныя гады, Соф’я Герасімаўна Сокалава заўсёды знаходзіцца ў руху. Жанчына мае дачу ў Башнях і ніяк не можа дазволіць сабе адмовіцца ад гаспадаркі. Таму дарога ад Шуміліна да аграгарадка зусім не падаецца ёй няблізкай: аўтобус жа ходзіць.
А пазнаёміліся мы з жанчынай у храме Сергія Раданежскага ў Лескавічах падчас святочнай службы. На яе нельга было не звярнуць увагу. Лёс распісаўся на твары кабеты глыбокімі маршчынамі, а ў блакітных вачах – мора дабрыні, спагады, нейкага асаблівага разумення жыцця. Магчыма, гэта ад таго, што Соф’я Герасімаўна працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе, а ўзаемаадносіны з дзеткамі заўжды асаблівым чынам уплываюць на асобу. І яшчэ, безумоўна, многаму навучыла прыхаджанку і адданая вера, вучыла і заўжды дапамагала. Пакорна прымаць жыццё, якое не заўжды песціць, быць шчырай і сумленнай, гатовай дапамагаць.
Вы заўжды сустрэнеце Соф’ю Герасімаўну ў храме. “Як прыйшоў наш бацюшка ў 90-м годзе, – гаворыць жанчына пра протаіерэя Фёдара Пучынскага, –  храм адкрыўся і пачаў працаваць. З той пары я тут. 14 год спявала на клірасе, а як пайшла з жыцця Еўдакія Пятроўна Кавалёва, верная прыхаджанка, выдатны чалавек, заняла яе месца ля свечачнай скрыні”, – расказвае пра сябе жанчына. Купіць свечку ці ікону, нешта запытаць ці параіцца – з гэтым у лескавіцкім храме вам заўжды дапаможа ўсмешлівая кабета. А яшчэ абавязкова памоліцца за вас, за тое, каб усё ладзілася добра.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 83 ад 23.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *