Виктор Игнатов из Тулы погиб за освобождение Шумилинского района. Через 70 лет его родные приехали на могилу…

Духоўнае

Чакаў сустрэчы больш за 70 год салдат…
Іерэй Вадзім Яско: “Усе войны, якія вядуцца на зямлі, вядуцца паміж дабром і злом. Воіны, якія абаранялі Айчыну, выконвалі свой доўг перш за ўсё перад Богам. Наш пачэсны доўг – узносіць малітвы за ўсіх тых, хто сваім жыццём падарыў нам магчымасць жыць, атрымаць вечнасць у спадчыну. Маліцеся аб спачыне ўсіх загінуўшых воінаў, якія выканалі свой як чалавечы, так і рэлігійны доўг”.

Вялікая Айчынная вайна затрымала, спыніла на шумілінскай зямлі сотні, тысячы чалавек. Яны не думалі, не збіраліся заставацца тут надоўга, а засталіся на вечнасць… Іх чакалі дома, яны, напэўна ж, пісалі лісты блізкім з абяцаннем вярнуцца, абавязкова выжыць. Але ім не ўдалося зберагчы свае жыцці – гэтыя людзі расплаціліся імі за нашу свабоду, за наш сённяшні мір. І ўсе яны – нашы героі. Яны назаўжды звязалі, параднілі нас з Тулай і Самарай, з Грозным і Масквой, з Ноўгарадам і Табольскам…
Штогод з усіх куткоў былога Савецкага Саюза едуць у Шуміліна родныя загінуўшых салдат, асабліва цяпер, калі інтэрнэт адкрыў больш шырокія магчымасці для пошуку блізкіх.
Нядаўна месцы гібелі і пахавання свайго дзядзі, Віктара Пятровіча Ігнатава, удалося адшукаць Таццяне Драздовай. Расследаванне ў інтэрнэце, якое зрабіў сын Таццяны Пятроўны Сяргей, прывяло іх з Тулы ў Шумілінскі раён.
“Віктар – брат майго бацькі. І калі вайна скончылася, тата пачаў шукаць месца, дзе загінуў брат. Але месца было вызначана недакладна – вёска Новая – таму ўсе намаганні не мелі выніку. У сваіх пошуках бацька дайшоў да таго, што гэта недзе ля Гарадка… Бацькі ўжо няма 18 год, але яшчэ пры жыцці я абяцала яму, што мы абавязкова знойдзем месца, дзе загінуў яго брат”, – расказала сваю гісторыю Таццяна Пятроўна.
Летась, у чэрвені, жанчына прыехала ў Шуміліна, як кажуць, “на разведку”, а цяпер, напярэдадні дня памяці загінуўшага роднага, завітала да нас ужо з сынам. Думаецца, што гэта не апошні візіт тульскіх гасцей на Шуміліншчыну.
Віктар Пятровіч Ігнатаў загінуў 15 студзеня 1944-га года ў баях пад вёскай Новазаронава Сіроцінскага сельсавета. Пахаваны ён на брацкіх могілках у Дворышчы. У Віктара зараз яшчэ жывыя сястра і брат, расказала яго пляменніца.
13 студзеня ў храме Афанасія Брэсцкага настаяцель іерэй Вадзім правёў службу за спачын Віктара і ўсіх воінаў, якія загінулі, абараняючы Айчыну ад ворага.
“Мы вельмі ўдзячныя за добры прыём, за такія адносіны, за памяць. Мы пра ўсё гэта раскажам у нашай сям’і”, – паабяцала Таццяна Пятроўна. Госці з Тулы ў гэты дзень усклалі вянок да брацкіх пахаванняў у Дворышчы, наведалі месца гібелі Віктара Ігнатава, пабывалі ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Вось так праз некалькі дзесяцігоддзяў, але сустрэўся з роднымі салдат Віктар. Сёння ён глядзіць на нас са старога фотаздымка, які беражліва захоўвае яго сям’я, шчырымі, добрымі вачыма, якія навек застануцца маладымі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 5 ад 19.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *