Доска почёта Шумилинского района: Наталья Быковская

Актуалии Экономика

37 год – у ДРБУ-204
Амаль 37 год працуе Наталля Уладзіміраўна Быкоўская ў Шумілінскім ДРБУ-204. І ўвесь час інжынерам планава-вытворчага сектара. У розныя перыяды існавання прадпрыемства аддзел называўся па-рознаму, але ж функцыі яго заставаліся аднымі і тымі ж. Тое, што прозвішча Н. У. Быкоўскай занесена сёлета на раённую Дошку гонару, пацвярджае факт прызнання і высокай ацэнкі стараннай і плённай работы інжынера.
– Чым ганарыцеся? – пытаю ў Наталлі Уладзіміраўны.
– Канешне ж, як любая жанчына ганаруся сваёй сям’ёй, тымі шчырымі і даверлівымі ўзаемаадносінамі, якія склаліся з мужам і дзецьмі. Я вельмі шчаслівая, што яшчэ жывыя маці і тата, яны ў мяне доўгажыхары, ім зараз па 85 год. Пры кожнай магчымасці, на ўсе святы і дні нараджэнняў стараемся наведвацца да іх на Гомельшчыну.
Я шчаслівая, што ў мяне выраслі добрыя, шчырыя і сціплыя дзеці. Дачка Святлана жыве ў Салігорску, працуе медыцынскай сястрой, сын Сяргей жыве побач у Шуміліне, працуе электраманцёрам у Дэпартаменце аховы. Дзеці гэтак жа, як і я, шануюць бацькоў, бязмерна любяць дзяцей і наогул адданыя сям’і. Не магу нарадавацца на ўнучку Насцечку і ўнука Жэнечку.
Я шчаслівая, бо ў мяне ёсць па-сапраўднаму верныя сябры, якія ў любую жыццёвую хвіліну дапамогуць, падтрымаюць, выручаць.
Ну, і вядома, ганаруся сваім прадпрыемствам, кіраўніцтвам і калектывам, у якім мне камфортна працаваць. Тут мне ўтульна, цікава і разам з тым кожны дзень не падобны на іншы. За столькі гадоў ДРБУ стала амаль родным домам.
– Пра што марыце?
– Усе мае запаветныя мары звязаны з сям’ёй. Як любая маці, я мару, каб усе мае дзеці і ўнукі былі здаровыя і ўсё ў іх жыцці складвалася добра і ладна. Мару, каб мае бацькі пажылі даўжэй, бо мне вельмі патрэбны іх цёплыя бацькоўскія словы падтрымкі і пяшчота. Ёсць у мяне і жаночыя мары, між іншым, як і ў любой жанчыны. Але няхай гэта будзе маленькай тайнай і, як кажуць, не для друку…
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 83 ад 23.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *