Шумилинская районная гимназия отметила свое 10-летие

Актуалии Образование

«Квітнець, гімназія, табе я пажадаю”
У мінулую суботу ў Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрнаце адбылося свята, прысвечанае 10-годдзю з дня ўтварэння гэтай навучальнай установы. На юбілей з’ехаліся сённяшнія і былыя вучні і настаўнікі, шматлікія госці.
Свята пачалося з урачыстага шэсця, якое ўзначалілі юныя барабаншчыцы і духавы аркестр школы мастацтваў.
Юбілейныя ўрачыстасці прадоўжыліся ў мясцовым клубе. Трэба адзначыць, што праграма была насычанай: выступленні і віншаванні гасцей, былых выпускнікоў і настаўнікаў, бацькоў перапляталіся з песнямі і вершамі. Вядучыя (імі былі вучні гімназіі) расказалі, што ў 2005 годзе ў гэтай навучальнай ўстанове было ўсяго з паўсотню вучняў, цяпер тут вучыцца больш за 120 дзяцей. За дзесяць гадоў у гімназіі было восем выпускных класаў, адсюль у далейшае дарослае жыццё адправіліся 130 вучняў, у тым ліку 8 з іх  – залатыя медалісты. Практычна ўсе выпускнікі паспяхова паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
А як усё пачыналася? Хто стаяў ля вытокаў гімназіі? Несумненна, гэта яе першы дырэктар С. А. Сільчанка, якую сустрэлі на свяце бурнымі апладысментамі. Святлана Анатольеўна  расказала прысутным, што ідэя стварэння раённай гімназіі належала былому старшыні райвыканкама В. А. Падлешчуку і старшыні раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай. Былая Лескавіцкая санаторная школа была пераўтворана ў раённую гімназію-інтэрнат. “Мы рыхтавалі вучэбны і спальны корпусы, каб з годнасцю прыняць першых вучняў, – згадала С. А. Сільчанка. – Было нялёгка. І сёння гімназія – дастойная навучальная ўстанова з вопытнымі настаўнікамі, разумнымі вучнямі. Ведайце, душой і сэрцам я заўсёды з вамі. І сёння я з гордасцю гавару: квітней, гімназія!”
Дырэктар установы Л. У. Маладзечкіна расказала, што навучальная ўстанова цвёрда стаіць на нагах, што апошнія тры гады існуе конкурс пры паступленні. Гімназія карыстаецца аўтарытэтам, яе падтрымліваюць, ёй давяраюць бацькі і дзеці.  З нядаўняга часу ў Шумілінскую гімназію пачалі паступаць дзеці з іншых раёнаў нашай вобласці. Ларыса Уладзіміраўна сказала ўдзячнае слова ветэранам педагагічнай працы, падзякавала сённяшнім настаўнікам і выказала надзею, што і надалей гімназія будзе трымаць марку лепшай навучальнай установы ў раёне.
На юбілей гімназіі прыехала многа гасцей. Шмат было і падарункаў. Намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Л. І. Ціханенка ўручыла гімназіі Ганаровую грамату абласнога Савета дэпутатаў – за мэтанакіраваную дзейнасць па выхаванні і навучанні, за высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук за высокія дасягненні  гімназістаў па прадметных алімпіядах прывёз навучальнай установе Падзяку райвыканкама, а таксама падарыў юбіляру воданагравальнік.
Ліст-віншаванне работнікам гімназіі і яе вучням зачытала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова. Яна ўручыла гімназіі сертыфікат на 15 мільёнаў рублёў і пажадала настаўнікам і надалей быць мудрымі, энергічнымі і крэатыўнымі.
ДРБУ-204 выдзеліла аўтобус для дзвюх паездак гімназістаў у Казьянскі заказнік. Пра гэта паведаміў, узяўшы слова на свяце галоўны інжынер прадпрыемства У. П. Раманаў. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава ад удзячных бацькоў і ў гонар 10-годдзя прывезла вялікі торт. А што ён вельмі смачны – расказалі гімназісты, якія пасля ўрачыстай часткі свята сабраліся ў сталовай на салодкі стол.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 84 ад 27.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *