Про кошек и собак.

Общество

Зло вяртаецца бумерангам
З сівой даўніны чалавек стаў прыручаць жывёлу. Менавіта дзякуючы гэтаму людзі займелі добрых вартаўнікоў для свайго дома і сапраўдных барацьбітоў з пераносчыкамі самых небяспечных інфекцый – крысамі і мышамі. Ні адна атрута не дапамагае поўнасцю пазбавіцца ад гэтых хітрых і прадбачлівых грызуноў. А прыручаны чалавекам кот (па сваёй прыродзе сапраўдны паляўнічы) хутка спраўляецца з гэтай навалай. Толькі чамусьці, як паказвае праблемнае становішча з бадзяжнай жывёлай, многія гаспадары братоў нашых меншых хутка забываюць пра тое, колькі карыснага, колькі радасных хвілін прынеслі ім іх чатырохногія сябры. Выкідваючы на ву-ліцу сваіх катоў і сабак, такія гаспадары не толькі жывёлін асуджваюць на пакутніцтва, яны парой самі таго не падразаючы, пазбаўляюць здароўя жаласлівых маладых і пажылых людзей. Не кожны ж можа прайсці міма галоднай, няшчаснай істоты, адпіхнуць нагой або падкінуць у чужы двор. Сумленныя людзі стараюцца прытуліць, пакарміць выкінутага на вуліцу небараку, а ў выніку проста абрастаюць кацінай сям’ёй. Той, хто развёў бяздомнікаў, спіць спакойна і сумленне яго не грызе. А той, хто пашкадаваў бедака, вымушаны пастаянна непакоіцца, чым накарміць і сваіх, і падкінутых жывёлін, вымушаны прымаць маральна нялёгкія (тапіць, ці ўсыпляць) меры, каб не разводзіць яшчэ большую колькасць бяздомных. Мала таго, трэба выслухоўваць натацыі тых самых несумленных гаспадароў, якія і выкінулі свайго гадаванца: “Паразводзілі тут кашакоў…”, яшчэ і пальцам ля скроні круцяць. І няўцям ім, што не ўсе могуць быць такімі, як яны, злымі і бязлітаснымі, не ўсе могуць спакойна глядзець на пакуты жывой істоты.
Нельга не гаварыць і пра тое, што ад голаду і холаду  ў многіх гаротных бяздомнікаў пакутуе нервовая сістэма. Яны становяцца бязлітаснымі і да сваіх сабратаў, і да чалавека.  А вінаватыя перад пакалечанымі людзьмі і павінны несці адказнасць менавіта гаспадары, якія праганяюць, ці проста не даглядаюць сваю сабаку.
З кожным годам у свеце расце колькасць арганізацый, якія паўстаюць супраць жорсткіх адносінаў да братоў нашых меншых. Яны заклікаюць зразумець, раз і назаўсёды, што і чалавек, і жывёлы – дзеці прыроды. Абгрунтавана даказваюць, што нельга скідваць з ліку распаўсюджаную ў сучасным свеце “Тэорыю выкіду ў атмасферу негатыўнай энергіі”, у аснове якой стаіць сцвярджэнне: чым больш ад чалавека зыходзіць злога, чым больш на зямлі пакутуе жывых істот, тым больш у прыродзе анамалій і катаклізмаў. Верагодна, што зло бумерангам вяртаецца да людзей.
Валянціна ПАЎЛАВА.
Надрукавана ў №16 ад 1.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *