Обольский музей комсомольского подполья отмечает своё 50-летие

Актуалии Векапомнае

Мост, які злучае мінулае і будучае
29 кастрычніка, у Дзень нараджэння камсамолу, Обальскі музей камсамольскага падполля святкаваў свой 50-гадовы юбілей.
Як і належыць імянінніку, у гэты дзень ён прымаў гасцей, віншаванні, падарункі. Прама на ганку гасцей сустракалі маладыя супрацоўнікі музея Мікалай Стальмакоў і Аляксандр Васіленка, якія выступілі ў ролі вядучых мерапрыемства.
Ад імя райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў віншаванні з нагоды юбілейнай даты выказала старшыня райсавета І. М. Новікава. Ірына Мікалаеўна адзначыла ролю музея як храма памяці – памяці пра обальскіх маладагвардзейцаў і іх подзвіг. Мы павінны быць нацыяй, якая памятае сваю гісторыю, падкрэсліла яна. Прывітальны адрас ад раённай улады прымала захавальніца музейных каштоўнасцей Лёля Паўлаўна Лузгіна.
Музей і наогул культура – гэта той мост, які злучае мінулае і будучае. Такое перакананне выказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая.
Старшыня раённай арганізацыі ветэранаў К. Ф. Палоўнікава падзякавала супрацоўнікам музея за вялікую патрыятычную работу. Кацярына Фамінічна адзначыла важнасць пераемнасці пакаленняў.

Сваіх калег са знамянальнай датай прыехалі павіншаваць і работнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея, філіялам якога зараз з’яўляецца Обальскі музей (на здымку ўверсе). Дырэктар установы Святлана Іванова трапна зазначыла, што Обальскі музей камсамольскага падполля з’яўляецца візітнай карткай Шумілінскага раёна.
На свяце вялікую ўдзячнасць выказвалі Нэлі Адольфаўне Азолінай за яе неацэнны ўклад у станаўленне і развіццё Обальскага музея.
Шмат было сказана шчырых слоў і ўручана падарункаў прадстаўнікамі обальскіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія агучылі дырэктар Обальскага ГДК Валянціна Сіценка і дырэктар Обальскай школы мастацтваў Вольга Карбавец.  А народны ансамбль “Гарэзнікі” павіншаваў юбіляраў добрай звонкай песняй.
Для дзяцей з прытулку і ўсіх прысутных работнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея правялі цікавую латарэю.
Наогул, гэтыя ўрачыстасці вянчалі юбілейныя мерапрыемствы. Сярод якіх нельга не адзначыць экскурсію ўдзельнікаў аўтапрабегу ветэранаў камсамолу Віцебшчыны. Аўтапрабег быў арганізаваны ў гонар 95-годдзя ЛКСМБ. Сярод ганаровых гасцей можна было ўбачыць такіх актыўных камсамольскіх работнікаў, як Зоя Крот, Віктар Грузневіч, Раіса Шах. Вядома, яны таксама прыйшлі на юбілей не з пустымі рукамі, падарылі 1 мільён 200 тысяч рублёў і самыя найлепшыя пажаданні.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 86 ад 03.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *