Снег прибавил забот коммунальникам и дорожникам

Актуалии

“Не такі вялікі снег, каб панікаваць”
У канцы мінулага тыдня сіноптыкі аб’явілі аранжавы ўзровень небяспекі і папярэдзілі пра моцныя мяцеліцы. Разам з парывістымі вятрамі. Гэта прынесла не толькі прыгожыя зімовыя пейзажы, але і мноства праблем кумунальнікам і іншым службам.
“У першы дзень непагадзі тэхніка па расчыстцы працавала з чатырох гадзін раніцы і да апоўначы, – расказаў дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро. – Людзі адпачылі ўсяго дзве гадзіны і зноў выехалі на работу ў дзве гадзіны ночы. Для расчысткі снегу ў нас ёсць МАЗ з грэйдэрам, 11 трактароў з лапатамі. Складзены графік расчысткі, мы ў яго ўкладваемся. Скаргаў наконт расчысткі дарог не было. Да таго ж, выпаў не такі вялікі снег, каб панікаваць. Жыхары раёна разумеюць, што мы не можам расчысціць ўсе дарогі за адзін вечар. Але ніводны ўчастак не застанецца без увагі”. Камунальнікі расчышчаюць не толькі вуліцы Шуміліна, але і ў вёсках раёна – на кожным ўчастку УП ЖКГ (іх усяго сем) ёсць трактар.
Дарэчы, у камунгасе прадугледжана сітуацыя на выпадак вялікіх снежных заносаў – заключаны дагаворы з кожным сельгаспрадпрыемствам, кіраўнікі якіх абавязаны аказаць дапамогу па расчыстцы дарог у час аўралу.
Работнікі УП ЖКГ расчышчаюць снег не толькі тэхнікай, але і рыдлёўкамі. У прыватнасці, кожную раніцу на работу выходзіць брыгада рабочых. “У першы дзень мяцеліцы ўручную чысцілі вузкія тратуары, па якіх  не змог прайсці трактар – на вуліцах Валадарскага, Ленінскай, Вакзальнай, – расказала майстар камунгасу В. А.  Пушнякова.  – Акрамя таго, прыбіралі снег ля пад’ездаў шматпавярховых дамоў”.
Работнікі камунальнай службы, ДРБУ-52 і ДРБУ-204 кожны дзень падсыпаюць дарогі пясчана-салёнай сумессю, якой нарыхтавана  больш за дзесяць тысяч тон. Па словах начальніка планавага аддзела ДРБУ-204 А. М. Сомава, у першую чаргу расчышчалі і падсыпалі дарогі вышэйшай катэгорыі і дарогі першага-трэціх узроўняў. Гэта дарогі Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні, Обаль-Полацк, Віцебск-Сіроціна і іншыя. Таксама навялі парадак на дарогах у Крывым Сяле, Улазавічах, Каз’янах, Обалі. Усяго на дарогах раёна кожны дзень працуюць 12 снегаўборачных машын ДРБУ-204 і 5 раскідвальнікаў пяску.
Снег з дажджом, якія выпалі ў канцы мінулага тыдня, прыбавілі клопату. На аўтадарогах было слізка. “Нашы работнікі працавалі ва ўзмоцненым рэжыме згодна з планам “Надвор’е”, – расказаў начальнік ДАІ РАУС М. У. Гаралевіч. – У выхадныя на аўтадарозе Віцебск-Полацк адбылося адно ДТЗ. Легкавую машыну “занесла” на дарозе, у выніку чаго вадзіцель не справіўся з кіраваннема і выехаў на сустрэчную паласу руху, дзе сутыкнуўся яшчэ з адной легкавой машынай. У выніку ДТЗ пацярпелі двое жыхароў Віцебска, якія з лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлены ў бальніцу. Так што ў такое надвор’е вадзіцелям прыватных машын па магчымасці раім  устрымацца ад паездак”.
Пакуль снежная сітуацыя на дарогах некрытычная, але невядома, якія яшчэ сюрпрызы нам падрыхтуе зіма. Таму работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях гатовы да любых непрадказальных сітуацый. “Калі нехта з вадзіцеляў акажацца ў бязвыхаднай сітуацыі на заснежанай дарозе, мы гатовы дапамагчы, тэлефануйце 101”, – кажуць выратавальнікі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 3 ад 13.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *