Читатели «Герой працы» предлагают свои рецепты лечения простуды

Здоровье

Лечымся ад прастуды народнымі спосабамі
Як толькі пахаладала, людзі пачалі часцей хварэць на прастуды. То нос пацячэ, то  ў горле запяршыць, то вушы закладае ці кашаль забівае. У такім разе многія з нашых чытачоў раяць лячыцца народнымі метадамі.

Зінаіда Журлова, в. Ляжні: Калі пачынаецца кашаль, то самае галоўнае –  пачаць лячыцца на пачатковым этапе хваробы. Вельмі дапамагаюць капусныя лісты з мёдам. Трэба тры лісты капусты апусціць на 2-3 хвіліны ў кіпень, потым выцягнуць і намазаць ліст мёдам. Па аднаму лісту кладзем на плечы (на лапаткі), і адзін на грудзі. Укручваем зверху ручніком, завязваем. Нават пасля першага разу такога лячэння вы адчуеце, што кашаль стаў мякчэйшым.
Ад насмарку раю лячыцца звычайным алоэ. Адрываем ліст, выціскаем сок і закапваем некалькі разоў на дзень у нос. Пасля такога лячэння не бывае кашлю – выпрабавана на сабе.

Лілія Кучмарова, в. Лажок: А ў мяне адзін ратунак ад усіх прастудных хвароб – гэта печка. Закашляў ці горла пачырванела – хутчэй на печку, пачаўся насмарк – таксама як след праграваю плечы і пяткі. Вельмі дапамагае. Паколькі аптэка ад нашай вёскі далёка, у якасці лячэбных сродкаў выкарыстоўваю яшчэ часнок. У прыватнасці, выціскаю з яго сок, разбаўляю напалову з вадой і капаю ў нос. Так і вылечваюся: часнаком і праграваннем на печцы.

Алена Зубарава, Мішневічы: А ў мяне ёсць свой салодкі рэцэпт ад кашлю: насыпаць няпоўную сталовую лыжку цукру, дадаць у яго некалькі кропель соку цыбулі, а потым лыжку трымаць над ўключанай газавай канфоркай да таго часу, пакуль увесь цукар не пацямнее. Гарачы салодкі раствор выліваю на сподачак, а калі астывае, разламваю цукерку-ляпёшку на маленькія кавалачкі. Такія ле-дзянцы валодаюць адхаркваючым дзеяннем.

Ніна Буланчыкава, в. Язвіна: Ад прастуд рэкамендую лячыцца імбіром. Калі пачырванела горла, то трэба пасмактаць імбір – ён хоць і пячэ, але ў пачатку хваробы дапамагае добра.  Зімой  ўжываю гарбату з імбіром: заварваю зялёны ці чорны чай, кладу туды кавалачак імбіру і даю настаяцца – напітак атрымліваецца смачным і карысным.
Рэцэпты запісала Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №88 ад 10.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *