У цэнтральнай аптэцы функцыянуе сістэма настаўніцтва, і гэта дапамагае маладым спецыялістам лёгка ўліцца ў работу.
«Настаўнікі, нашы вопытныя фармацэўты і правізары, дапамагаюць маладым хутчэй адаптавацца на новым рабочым месцы, перадаюць вопыт і карпаратыўныя стандарты, – кажа загадчыца цэнтральнай аптэкі № 40 Анастасія Маскалькова. – І мы сёння можам пахваліцца сваімі ўжо даволі вопытнымі маладымі спецыялістамі».
Размова пра правізара-рэцэптара Святлану Лысёнак, фармацэўта-рэцэптара Варвару Марозаву, загадчыцу аптэкі № 374 пятай катэгорыі Ганну Уласаву.
Святлана Лысёнак родам з Шаркоўшчыны, закончыла Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт і трапіла ў Шумілі-на, дзе працуе ўжо чатыры гады. «Задаволена, што трапіла ў Шуміліна. Гарадскі пасёлак утульны, прыгожы і ціхі, як мая Шаркоўшчына, – кажа Святлана. – Я здымаю кватэру, якую згодна з калектыўным дагаворам аплачвае Віцебская УП “Фармацыя”». Яе аплачваюць і фармацэўту-рэцэптару Варвары Марозавай, якая родам з Лёзна і пасля заканчэння медкаледжа год працуе ў Шумілінскай цэнтральнай аптэцы.
Святлана і Варвара ажыццяўляюць рознічную рэалізацыю тавараў, кансультуюць пакупнікоў пра асаблівасці прымянення лекавых сродкаў.
Асвоілі рэалізацыю лекаў па электронных рэцэптах, працуюць з інтэрнэт-заказамі лекавых сродкаў. Маладыя правізар і фармацэўт уважлівыя да людзей, неаднойчы чулі падзякі ў свой адрас ад наведвальнікаў. Вось і нядаўна ў рэдакцыю звярнулася наша чытачка Іна Ліўшыц і прасіла на старонках газеты падзякаваць Святлане Лысёнак за яе кампетэнтнасць і прафесіяналізм.
Ганна Уласава родам з Шуміліна, пасля заканчэння Віцебскага медуніверсітэта пяць месяцаў працавала ў цэнтральнай аптэцы правізарам-інтэрнам. Зараз – загадчыца аптэкі № 374 па вуліцы Сіпко ў райцэнтры. Працуе тут амаль два гады. «Працаваць адной зручна, – кажа Ганна. – Усё пад уласным кантролем».
Маладыя спецыялісты кажуць, што ім падабаецца працаваць у Шуміліне, нікуды з’язджаць не збіраюцца. Для іх створаны добрыя ўмовы работы і жыцця, маюць дастойны заробак. Згодна з калектыўным дагаворам атрымліваюць і дадатковы бонус – па 10 базавых велічынь у год.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

