Слово о лучших работниках села Шумилинского района

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Хвала  і  гонар рукам  руплівым

Лепшы экіпаж камбайнераў
Гэты экіпаж камбайнераў з “Шумілінскага райаграсэрвісу” сёлета лепшы ў раёне – Сяргей Гоманаў і Васіль Маліноўскі намалацілі амаль паўтары тысячы тон зерня.
Малады механізатар Васіль Маліноўскі расказаў: ”Быў задаволены, што мяне паставілі працаваць менавіта з Сяргеем Гоманавым. Ведаў жа: ён практычна кожны год у тысячніках. Значыць, работа будзе кіпець. І яна кіпела: Сяргей рабіў усё хутка, спрытна і дакладна. Гэтая шчырасць ў рабоце перадавалася і мне. Праўда, да канца рабочага дня адчувалася стома ва ўсім целе, але ж было задавальненне: у раённай зводцы мы наперадзе!”
Сяргей Гоманаў – вопытны камбайнер, ён працуе ў гаспадарцы  ўжо 21 год. А Васіль Маліноўскі ўсяго першы год. Але дзякуючы таму, што вопыт і маладзецкі спрыт спляліся ў адзінае цэлае, што Сяргей і Васіль знайшлі агульную мову і спрацаваліся, яны і сталі сёлета лепшым экіпажам камбайнераў.

“Старацца трэба ўсюды”
Зоя  Старкова з аграгарадка Башні – адна з лепшых даярак у раёне. Так, за студзень-кастрычнік яна надаіла 180,9 тоны малака (109% да ўзроўню мінулага года), надой на карову склаў 3934 кілаграмы (109% да мінулагодняга ўзроўню).
Адно задавальненне назіраць, як на ферме Башні Зоя Аляксандраўна ўвішна спраўляецца са сваёй работай. Па графіку яна робіць кантрольныя дойкі, штодзень раздае каровам муку. Здаецца, у працэсе даення жанчына да кожнай каровы падыходзіць з асаблівым клопатам і любоўю. Кожную пагладзіць, назаве па мянушцы. “Жывёла любіць увагу”, – упэўнена жанчына. Менавіта з гэтым перакананнем і працуе Зоя Аляксандраўна ў жывёлагадоўлі паўтара дзясятка гадоў. Калісьці прыехала ў “АграБаравінку” з “Альгоўскага”, што ў Віцебскім раёне. “Старацца трэба ўсюды, без гэтага не будзе спорыцца аніякая работа”, – лічыць жанчына, надоі ў групе якой зараз адны з лепшых у раёне – больш за 12 літраў на карову.

Маладая і талковая
Прыемна, калі ў жывёлагадоўлі працуюць маладыя. Калі яны пры гэтым яшчэ талковыя, з любоўю даглядаюць жывёлу – гаспадарцы пашанцавала, лічаць спецыялісты ААТ “Прыазёрны мір”. Сярод такіх  – аператар па вырошчванні і адкорме жывёлы Марына  Кальніна, якая працуе на ферме Непароты.
Сярэднясутачныя прывагі ў групе Марыны Кальнінай сёлета склалі больш за семсот грамаў. Дададзім, што Марына працуе разам са сваім мужам Аляксандрам. Ён таксама аператар па вырошчванні і адкорме, даглядае цялят на бяспрывязным утрыманні.
Марына расказала, што  з усіх ферм гаспадаркі – Амбросавічы, Дабея, Маркава – трохтыднёвых цялят прывозяць менавіта ў Непароты. Тут маладняк расце з паўгода, за гэты час набірае вагу больш за паўтары сотні кілаграмаў.
Кожны дзень Марына Кальніна чысціць кармушкі цялятам, раздае ім муку, падкідвае корм, падсыпае падлогу апілкамі, каб было чыста. “Мне падабаецца даглядаць цялятак, назіраць, як яны растуць, – кажа Марына. – Галоўнае, каб ім было сытна, суха і чыста”.

Адзіная сярод мужчын

Сярод  мужчынскага калектыву ўрачоў-гінеколагаў райплемстанцыі ёсць адна жанчына. Гаворка  пра Таццяну Філімонаву.  Яна дае фору сваім калегам. Напрыклад, сёлета  Таццяна атрымала 80 цялят на сто кароў – гэта лепшы паказчык сярод усіх урачоў-гінеколагаў нашага раёна.
У райплемстанцыі Таццяну Філімонаву можна застаць толькі раніцай, а потым яна едзе працаваць на фермы. Узяла менавіта КУСГП “Сіроцінскі” і “Мішневічы”, бо сама жыве ў Сіроціне. Раней працавала ветурачом у калгасе імя Урыцкага, а потым вывучылася на ўрача-гінеколага. Кажа, што гэта работа ёй па душы – сама ж выбірала. У Таццяны Мікалаеўны дзве з паловай тысячы падапечных, гэта ў два разы вышэй за норму. “Адказваю за асемяненне кароў, стаўлю на ўлік нованароджаных цялят”, – коратка расказала пра сваю работу  Т. М. Філімонава.
Спакойная і ўраўнаважаная, Таццяна Мікалаеўна старанна выконвае сваю работу. Ну, а калі патрэбна, на дапамогу прыходзіць вадзіцель-санітар, з якім  яна разам працуе – Віталь Цітавіч Балаболаў.

Гаспадар “Ягуара”
Пра Пятра Бардзюкова з ААТ “Лаўжанскае” раённая газета піша кожны год. У розныя гады ён быў лепшым сярод сеяльшчыкаў, механізатараў на адвозцы зялёнай масы, сярод лепшых камбайнераў раёна.
А вось ужо трэці год мы пішам пра яго як пра перадавіка па нарыхтоўцы кармоў.
“Працую на кормаўборачным камбайне “Ягуар”, – кажа Пётр Бардзюкоў. – У гэтым годзе падабраў і здрабніў больш за 21 тысячу тон травы. На першы ўкос выехаў працаваць 28 мая. І хоць трава сёлета вырасла не вельмі добрая, але за дзень паспяваў нарыхтоўваць па 150 тон. Ад майго “Ягуара” кожны дзень адвозілі траву па тры-чатыры механізатары”.
Пасля першага ўкосу пачаўся другі, потым – уборка кукурузы. Адным словам, Пётр Бар-дзюкоў з канца мая і да позняй восені шчыраваў на нарыхтоўцы кармоў.

Малады аграном
Андрэй Гушча з СФГ “Раднік” з’яўляецца самым маладым сярод кагорты галоўных аграномаў. Хлопец прыйшоў працаваць у гаспадарку ў мінулым годзе пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Андрэй Гушча родам з Мішкавіч. Выбраў агранамічную спецыяльнасць па блаславенні дзеда Пятра Мацвеевіча Аглушэвіча, які ўсё жыццё адпрацаваў у гаспадарцы брыгадзірам. Зараз дзядуля на пенсіі, і час унуку паказаць, на што ён здатны. І Андрэй паказвае. У гэтым годзе ў “Радніку” накапалі 5055 тон бульбы (124% да мінулагодняга ўзроўню), ураджайнасць склала 337 цэнтнераў з гектара. Урадзілі зерне і шматгадовыя травы. Вырасцілі ў “Радніку” нядрэнны ўраджай морквы, чырвоных буракоў і капусты. Усяго атрымалі 720 тон гародніны, што на 52% вышэй узроўню мінулага года.
Надрукавана ў №89 ад 13.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *