В Шумилино на «Дожинках» чествовали лучших тружеников села

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Хвала і гонар рукам руплівым
Ёсць у народнай культуры беларусаў добры звычай – талака. Талакой выконваюць самую цяжкую, складаную, адказную ці вялікую работу. Талакой працуюць, талакой пасля выкананай працы і гуляюць.
У мінулую суботу, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, на “Талаку-2015” сабраліся ў раённым цэнтры культуры прадстаўнікі ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, перапрацоўчых прадпрыемстваў АПК. Сабраліся, каб падвесці вынікі сялянскай працы за год, ушанаваць лепшых, узнагародзіць тых, хто дапамагаў сялянам вырошчваць і ўбіраць хлеб, рыхтаваць кармы.
“Сялянская праца неабходная ўсім. Яе пладамі карыстаюцца і ў вёсцы, і ў горадзе. Працаўнікі палёў і ферм вырашаюць праблему харчовай бяспекі краіны, забяспечваюць сыравінай прамысловыя прадпрыемствы, – адзначыў ў сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны. – Сёлета вырашчаны і сабраны багаты ўраджай, які дазволіў Віцебшчыне ўпершыню ў гісторыі стаць экспарцёрам зерня. Усё гэта стала магчымым дзякуючы напружанай працы вяскоўцаў, дзякуючы інтэнсіўнаму земляробству, строгаму выкананню тэхналогій, вырошчванню сучасных гатункаў сельскагаспадарчых культур, паступленню сучаснай высокаэфектыўнай і энерганасычанай тэхнікі. Дзякуючы плённым вынікам, ствараюцца ўмовы для развіцця вытворчасці, для паляпшэння якасці жыцця на сяле”.

Уладзімір Пятровіч выказаў словы падзякі ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці, якія сваёй працай заклалі фундамент сучаснага аграпрамысловага комплексу краіны і раёна, якія і цяпер дапамагаюць, калі патрэбна. Кіраўнік раёна падзякаваў шэфскім арганізацыям і навучэнцам устаноў адукацыі, якія працавалі на ўборцы ўраджаю.
“Нельга спыняцца на дасягнутым, нельга забываць пра планы на заўтра і перспектывы развіцця ў будучым”, – падкрэсліў на завяршэнне прамовы У. П. Куранны. Ён павіншаваў прысутных і ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі з прафесійным святам.

Старшыня райвыканкама ўручыў Ганаровыя граматы, Падзякі раённага выканаўчага камітэта і грашовыя прэміі пераможцам раённых спаборніцтваў сярод сельскагаспадарчых арганізацый, асобных работнікаў, якія дасягнулі лепшых вынікаў у развіцці аграпрамысловага комплексу ў 2015 годзе.  (Рашэнне райвыканкама аб выніках раённых спаборніцтваў у 2015 годзе надрукавана на 1 і 3 старонках).
Памятныя падарункі былі ўручаны ветэранам сельскагаспадарчай працы П. І. Кузьміну, З. В. Юдзянковай, У. П. Долгаму, М. П. Грэчку, Н. П. Ястрабавай, А. П. Жыгунову, А. А. Цынгелю.
Старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава павіншавала прысутных са святам, выказала ад імя ветэранаў словы ўдзячнасці за падтрымку і дапамогу. Кацярына Фамінічна падарыла старшыні райвыканкама У. П. Куранному энцыклапедычны даведнік, надрукаваны з нагоды 70-годдзя Перамогі, які ўтрымлівае інфармацыю ў тым ліку і пра ветэранаў нашага раёна.
Узнагароджваючы вучаніц Кардонскай СШ Наталлю Шнітко і Насцю Семянюга, Уладзімір Пятровіч заўважыў, што Хараўцоў Алег з Мішкаўскай дзіцячы сад-базавай школы не змог прыйсці на свята, бо ў гэты час ўдзельнічае ў раённай алімпіядзе па школьных прадметах: “Калі першы, дык першы ва ўсім – і ў працы, і ў вучобе”.
Першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. М. Пытко ўручыў удзячныя лісты ўпраўлення лепшым працаўнікам, прадстаўленым сельскагаспадарчымі і перапрацоўчымі прадпрыемствамі раёна.
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” А. Ю. Хмарын ўзнагародзілі пераможцаў спаборніцтва сярод моладзі, уручылі ім каштоўныя падарункі.
Граматы абкама прафсаюза работнікаў АПК уручыла асобным працаўнікам спецыяліст райкама прафсаюза работнікаў АПК Л. Г. Варкун.
Фінальную кропку паставілі самыя маленькія ўдзельнікі свята – выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якія звярнуліся да працаўнікоў сельскай гаспадаркі са словамі ўдзячнасці за нялёгкую сялянскую працу і віншаванняў са святам.
Работнікі культуры раёна прапанавалі ўдзельнікам і гасцям свята цудоўную музычную праграму. Лепшыя калектывы – народныя і ўзорныя – спявалі і танцавалі для вяскоўцаў. “Гульбічы”, “Гарэзнікі”, вакальная група хору “Світанак”, салісты групы “Шанс”, сямейны ансамбль Скорынавых, дзіцячыя калектывы: ансамбль барабаншчыц, “Жавараначкі” і студыя “Асарці”. Песні і танцы,  прэзентацыя раённага брэнда “Кірмаш бульбашоў” былі прадстаўлены ўдзячным гледачам, якія кожны нумар сустракалі шчодрымі і шчырымі апладысментамі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Фота Аляксандра ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №90 ад 17.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *