12 семей из Оболи Новый год встречают в новых квартирах

Актуалии Общество Экономика

Асобная кватэра – шчасце  для сям’і
Прыгожа і велічна выглядае на вуліцы Зяньковай, што ў Обалі, новы дом № 2. Пабудаваны на сродкі “Віцебскаблгазу”, ён быў здадзены  “пад ключ” у канцы лета, расказаў старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч.
Службовыя кватэры трохпавярховага дома былі размеркаваны паміж работнікамі ВУ “Віцебскторф”.
Дванаццаць сем’яў атрымалі ключы ад новых кватэр. Жыллё здавалася з аддзелкай, як кажуць, “пад ключ”: не трэба было клапаціцца, каб паклеіць шпалеры, пафарбаваць падлогу ці купіць сантэхніку. Адным словам, расстаўляй мэблю – і жыві.
А як жывецца, мы пацікавіліся ў саміх навасёлаў. Святлана Мароз, якая працуе машыністам упаковачна-расфасовачнай машыны, расказала: “У нас з мужам двое сыночкаў. Вядома, мы  былі вельмі рады асобнай трохпакаёвай кватэры. Спадабалася зручная планіроўка, напрыклад, вокны пакоя сыноў выходзяць на дзіцячую пляцоўку”. А ёй жыльцы дома таксама задаволены. Толькі той факт, што на арэлі і горкі прыходзяць гуляць дзеці з усёй Обалі, сведчыць, што будаўнікі дагадзілі дашкалятам.
Атрымала кватэру ў новым доме і сям’я Прыгуноў: Іна працуе аператарам ПВМ, Сяргей – машыністам экскаватара.  “Мы толькі збіраемся пераехаць у новую двухпакаёвую кватэру, – расказала Іна. – Усё адкладвалі грошы на  мэблю – старую не хочацца везці ў новую кватэру. Але можам з упэўненасцю сказаць: кватэра ў нас добрая, яна выходзіць на сонечны бок. Вельмі зручна тое, што на кухні стаіць газавы кацёл – гэта значыць, мы самастойна можам рэгуляваць тэмпературу. Можам уключыць газавы кацёл за некалькі тыдняў да ацяпляльнага сезона”.
Вакол новага дома добраўпарадкавана тэрыторыя, зроблены клумбы і газоны, пабудаваны лавачкі. Ёсць вулічнае асвятленне. Як расказалі жыльцы, іх не пужае той факт, што жыллё службовае: ніхто не збіраецца мяняць месца работы. Жыць у асобнай кватэры намнога лепш, чым у інтэрнаце з агульнай кухняй.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №93 ад 27.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *