“Крылы шчасця” Анатоля Міхеева

Духоўнае Культура

“Крылы шчасця” Анатоля Міхеева
На мінулым тыдні ў чытальнай зале раённай бібліятэкі адбылося чарговае пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, прысвечанае нашаму земляку, паэту, кампазітару, выкладчыку школы мастацтваў Анатолю Васільевічу Міхееву.
У гэтым годзе А. В. Міхееў адзначыў юбілей – 45-годдзе творчай дзейнасці. І нашаму земляку ёсць што расказаць. “Вершы – гэта мае пачуцці, эмоцыі. Тэкст і музыка нараджаюцца практычна адначасова, тэкст пішу, а мелодыя звініць у вушах, – расказаў Анатоль Васільевіч. – Песні ідуць ад самага сэрца, з глыбіні душы. Мелодыя – гэта пэўны рух, душа музыкі. Выканаўца дае ёй крылы, і песня імчыць ў блакітную далячынь”.
І ў гэтым упэўніліся ўсе тыя, хто прыйшоў на творчую сустрэчу з Анатолем Міхеевым. Аўтар чытаў свае вершы, спяваў. Яго  патрыятычныя, лірычныя, жартоўныя  песні выконвалі дзеці, работнікі раённага цэнтра культуры і самадзейныя артысты. На свята завіталі і ўдзельнікі самадзейнасці культурна-гістарычнага цэнтра «Залатое кальцо “Дзвіна”» з Віцебска: В. У. Грачанік, Т. Б. Ваяводская. Галоўны дырыжор Віцебскага абласнога цэнтра народнай творчасці А. П. Слінькова прыехала на творчы вечар нашага земляка з падарункам: прывезла два тамы кнігі вершаў Анатоля Міхеева “Крылы шчасця”, якія цэнтр надрукаваў спецыяльна да 45-годдзя творчай дзейнасці кампазітара і музыканта.
“Творчасць Анатоля Васільевіча – гэта як каштоўная самабытнасць, як бурштын, які пераліваецца на сонцы, – адзначыла Антаніна Паўлаўна. – У прадмове да зборнікаў, якія нашым цэнтрам выдадзены ўпершыню, можна даведацца пра жыццё Анатоля Васільевіча, пра яго перамогі ў абласных конкурсах: напрыклад, у 2012 годзе ён стаў лаўрэатам першай ступені абласнога агляду-конкурсу на стварэнне лепшага твора, прысвечанага вызваленню Беларусі і Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне ў намінацыі “Лепшы музычны твор”. Песні і вершы, якія змешчаны ў зборніках, – гэта палёт душы аўтара, гэта яго натхненне, яго крылы, яго шчасце.
Вельмі цёпла пра Анатоля Міхеева гаварыла В. У. Грачанік. “З Анатолем Васільевічам  пазнаёміліся ўсяго некалькі тыдняў таму. І мне было вельмі прыемна, што ён падарыў мне дзве свае песні: “Вясковае вяселле” і “Асеннія кветкі”, – адзначыла Валянціна Уладзіміраўна. –  Яны адразу спадабаліся, і я ўзялася іх развучваць”. Госця з Віцебска парадавала гэтымі песнямі ўдзельнікаў літаратурна-музычнай гасцёўні.
Творчая сустрэча А. В. Міхеева прайшла ў цёплай атмасферы. Напрыканцы мерапрыемства намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая ўручыла Анатолю Васільевічу падзяку ад аддзела за шматгадовую працу ў галіне культуры, за адданасць прафесіі і талент, за стварэнне яркіх самабытных твораў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 95 ад 04.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *