Страхавы агент Люся Семянькова

Общество

Страхавы агент Люся Семянькова
Гэта спалучэнне слоў для многіх, хто ведае асабіста гэту жанчыну, можна сказаць, непарыўнае. Яшчэ б. За два дзясяткі гадоў, якія Люся Мікалаеўна працуе ў прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Шумілінскім раёне, яна зарабіла сабе імя, аўтарытэт, павагу як з боку кіраўніцтва прадпрыемства, так і кліентаў. Хаця правільней будзе сказаць заслужыла, бо адносіцца яна да сваіх працоўных абавязкаў надзвычай сур’ёзна і адказна. Зразумела, што работа страхавога агента заключаецца перш за ўсё ў пастаянных зносінах з людзьмі, таму вялікі плюс дадаюць уласцівыя гэтай жанчыне добразычлівасць, усмешлівасць і камунікабельнасць. А яшчэ прастата і душэўнасць.
Усё гэтае і робіць сваю справу: Люся Мікалаеўна Семянькова – адна з лепшых страхавых агентаў, якая пастаянна выконвае даведзеныя паказчыкі і планы па заключэнні дагавораў абавязковага і добраахвотнага страхавання.
Страхавы агент разумее важнасць сваёй работы. Дагаворы страхавання абараняюць чалавека ад непрыемных наступстваў, скажам, няшчасных выпадкаў, захворванняў, надзвычайных здарэнняў, кампенсуюць уроны.
Л. М. Семянькову ведае, напэўна, усё насельніцтва раёна, бо за час сваёй работы ёй даводзілася працаваць на многіх участках. Зараз у яе “падначаленні” райцэнтр, у якасці дадатковай нагрузкі – частка Дабейскага і Каўлякоўскага сельсаветаў.
“Я люблю сваю работу, лічу яе цікавай, – шчыра прызнаецца Люся Мікалаеўна. – Падабаецца працаваць з людзьмі. У мяне неяк лёгка атрымліваецца кантактаваць з кліентамі, знаходзіць з імі агульную мову. Да таго ж, адчуваю вялікую падтрымку з боку кіраўніцтва прадстаўніцтва, разуменне калег”.
І хаця, як і на любой рабоце, здараюцца непрыемнасці ці выпадаюць цяжкасці, Л. М. Семянькова ніколі не падае віду, не губляецца. Усміхнецца, сядзе на веласіпед (першы і лепшы памочнік страхавога агента, можна сказаць, круглы год) – і да сваіх кліентаў, адным нельга прапусціць тэрмін прадаўжэння дагавора, з другімі заключыць новыя, трэціх праінфармаваць пра новыя віды страхавання. Такая работа…
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 95 ад 04.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *