Прыпынак – Мікалаева

Актуалии Край шумілінскі Сельское хозяйство

Паміж лясоў на беразе Заходняй Дзвіны
Ёсць тут нешта прыцягальнае, штосьці такое, чаго не здолее ацаніць мясцовы жыхар, які даўно да ўсяго прывык. Мікалаева з усіх бакоў абступіў густы лес, прыгожы і шчодры, казачны. Мяжа з суседнім раёнам тут абазначана шырокай стужкай Заходняй Дзвіны, праз якую перакінуты мост, што злучае суседзяў. Вёску пераразае транзітная дарога, па ёй імчаць машыны ў Бешанковічы, Лепель, Мінск… Хоць гэтыя госці і мімалётныя, але і пра іх тут думаюць, падтрымліваючы парадак у вёсцы. Вось і Уладзімір Сідараў – руплівая рука мясцовага майстра падарыла вёсцы нямала драўляных фігур – працуе над новымі цікавымі персанажамі. Старшыня Мікалаеўскага сельсавета У. А. Сядлоўскі папрасіў да вясны выразаць жаніха ды нявесту, каб “пасяліць” іх на новым мосціку, што нядаўна аздобіў тэрыторыю ля сельвыканкама. Хочацца ж, каб прыгожа было, выдае свае эстэтычныя запыты Уладзімір Аляксеевіч, а пацверджанае – 11 новых малых архітэктурных форм і ландшафтных кампазіцый, што сёлета ўпрыгожылі вёску.
Геаграфія і прыродныя ўмовы сапраўды ў многім вызначаюць уладкаванне жыцця ў вёсцы. Зразумела, што калі гаворка ідзе пра бізнес, то дрэваапрацоўка – гэта першае, што прыходзіць у галаву. Гэтым з поспехам і займаецца Віталь Васёха – прыватнае прадпрыемства “Кубаметр”. Родам з гэтай вёскі, прадпрымальнік заўжды дапамагае як спонсар усім, хто папросіць.
“А летам нашы людзі літаральна жывуць у лесе, – працягвае аповед пра Мікалаева Уладзімір Аляксеевіч. – Збіраюць грыбы, ягады, робяць запасы на зіму, здаюць дары лесу нарыхтоўшчыкам”. Работа хоць і няпростая, але ж за сезон сапраўды можна добра паправіць сямейны бюджэт. Дарэчы, працуюць мікалаеўцы ў двух мясцовых сельгаспрадпрыемствах – “Радніку” і “Ульскім”, многія знайшлі сабе працу ў суседняй Уле.
Сёння вёска Мікалаева – гэта 165 двароў, дзе жыве 427 чалавек. Дастатковым называе старшыня транспартнае забеспячэнне з райцэнтрам, улічваючы, што паслугі па перавозцы аказвае і прадпрымальнік з Мішкавіч. А вось тое, што патрэбы вяскоўцаў магазін райспажыўтаварыства задавальняе не заўжды, і было б добра, каб у вёсцы з’явіўся прыватны магазін, відавочна. Пакуль мікалаеўцы часцяком вязуць грошы ў Улу, дзе і базар, і магазінаў шмат. Не ў Шуміліна ж ехаць – цераз мост бліжэй.
Амаль 60 гектараў зямлі знаходзіцца ў асабістых падсобных гаспадарках людзей. Праўда, кароў амаль ніхто ўжо не трымае. Сапраўдны статак – 30 галоў – у сям’і Лінкевічаў (газета нядаўна пісала пра гэтых рупліўцаў), яны і зборам малака займаюцца, нават цяпер па 700 літраў за дзень здаюць.

Дзеці будуць
Калі ў вёсцы працуе дзіцячы садок, то ўжо сам па сабе гэты факт нясе аптымізм і жыццесцвярджальную радасць. Мікалаеўскі садок наведваюць 16 дзетак рознага ўзросту. Сямёра на наступны год пойдуць у першы клас, а чацвярых новых малышоў садок прыме. “Перспектывы на бліжэйшыя тры гады ў нас ёсць”, – не без радасці заўважае загадчыца садка Любоў Ніканава.
У садзе моцны калектыў – 13 работнікаў, вопытныя педагогі. Прыгожыя, радасныя, дагледжаныя дзеткі, не адрываючыся ад лепкі зайца, дазволілі сябе сфатаграфаваць. Хорам заўважылі, што любяць хадзіць у сад, што тут цікава. Пасля таго, як быў закрыты сад у суседнім Кардоне, некалькіх дзетак штодня падвозяць адтуль. Дрывамі сад забяспечвае аддзел адукацыі – тэмпература ва ўстанове камфортная. Гародніну для сталовай садаўскія работнікі нарыхтоўваюць самі, дапамагаюць бацькі. На зіму ім хапае тоны бульбы і па 100 кілаграмаў морквы і буракоў. Любоў Аляксееўна вельмі дзякавала мясцоваму прадпрымальніку В. Васёху і дырэктару КУСГП “Ульскі” В. Лабейка, якія заўжды адгукаюцца, калі дзеткам трэба дапамога.

Іх шчасце –  Саша і Маша
Вольга і Уладзімір Белавусавы – адна з нешматлікіх маладых сем’яў у Мікалаеве. Жывуць разам шэсць гадоў, выхоўваюць чатырохгадовага сынка Сашу і трохмесячную дачушку Машу.
Уладзімір працуе механізатарам на прыватным прадпрыемстве “Кубаметр”, а Вольга да дэкрэтнага водпуску працавала майстрам прафесійнага абучэння ў Ульскім ліцэі.
“Без гаспадаркі цяжкавата, бо пакуль працуе толькі адзін  Уладзімір, – кажа  Вольга. – Таму трымаем свіней, курэй, гусяў і качак. Калі разам, дык і не вельмі цяжка спраўляцца”. Белавусавы прызналіся, што ім падабаецца вёска і тутэйшыя людзі. Больш таго, у бліжэйшы час маладая сям’я збіраецца пераехаць з бацькоўскай кватэры ў сваю ўласную, якую нядаўна купілі.
Усёй сям’ёй Белавусавы любяць ездзіць да сваякоў ў Кардон і Дуброўна. Летам часта выбіраліся на каруселі і розныя забаўляльныя мерапрыемствы ў Віцебск, былі і ў дэльфінарыі ў Мінску. Самым каштоўным багаццем сваёй сям’і, сваім шчасцем Белавусавы лічаць дзяцей. Іх песцяць і любяць, для іх самыя прыгожыя цацкі і самыя лепшыя кніжкі.

Малады майстар лесу
У мясцовым лясніцтве майстрам лесу працуе Дзяніс Маруцька, мясцовы хлопец. Яго мы заспелі за работай на дзялянцы. Малады чалавек закончыў Полацкі лясны каледж і Бранскую сельскагаспадарчую акадэмію і ўжо амаль 10 год яго прафесійнае жыццё звязана з лесам.
Са сваёй брыгадай у сем чалавек Дзяніс займаецца лесанарыхтоўкамі, адводамі лесасек пад рубку, праводзіць штодзённы ўлік і адпраўку лесу, мае як майстар лесу шмат іншага клопату. Работа яму падабаецца і пакідаць родную вёску мужчына намеру не мае. А вольны час аддае рыбалцы.

З клопатам пра здароўе
З нядаўняга часу Мікалаеўская аптэка змяшчаецца ў будынку мясцовай бальніцы сястрынскага догляду. А працуе тут яе нязменная загадчыца Галіна Браніславаўна Маркава. “Мікалаева – вялікая вёска, таму аптэка тут неабходна”, – лічаць мясцовыя жыхары. “Працую ў аптэцы больш за трыццаць гадоў, – кажа Галіна Браніславаўна, – таму ведаю дакладна, што людзі часцей аптэку наведваць у асенне-зімовы перыяд”. Ну, а заадно з лякарствамі  жанчыны купляюць шампуні і крэмы, якіх багата ў Мікалаеўскай аптэцы.
Г. Б. Маркава заўсёды задавальняе заказы сваіх пакупнікоў: прывозіць і рэдкія дарагія таблеткі, і мазі, і розныя травяныя зборы. Галіне Браніславаўне вельмі хочацца, каб землякі былі здаровымі і менш хварэлі.

Паштальёны заўсёды ў дарозе
Жыхары Мікалаева вельмі задаволены, што мясцовае аддзяленне паштовай сувязі жыве і працуе. Сюды часта прыходзяць людзі, каб заплаціць за камунальныя паслугі, пакласці грошы на мабільнік, адправіць грашовы перавод ці атрымаць пасылку. Купляюць на пошце канверты, паштоўкі, латарэйныя білеты, тавары паўсядзённага попыту. “Даведзеныя планы выконваем, з’яўляемся рэнтабельным аддзяленнем паштовай сувязі, – расказала начальнік аддзялення М. С. Багрэц. – Стараемся  трымаць марку і па падпісцы на перыядычныя выданні. Напрыклад, раённай газеты зараз выпісваем 78 экзэмпляраў. Вельмі добра ў гэтым накірунку працуюць нашы паштальёны – Валянціна Віктараўна Сініцкая і Ала Уладзіміраўна Семянюга, яны ў нас заўсёды ў дарозе”.
На рабочым месцы мы засталі А. У. Семянюгу (на здымку).  Вось ужо дваццаць гадоў, як Ала Уладзіміраўна працуе паштавіком. Зараз жанчына абслугоўвае вёску Андрэева і частку Мікалаева. Яна разносіць газеты і пенсіі, прымае плацяжы, па заказу прыносіць розныя тавары. Па дабраце сваёй душэўнай часта забягае і ў аптэку – купіць для пенсіянераў з Андрэева розныя лякарствы.
Старонку падрыхтавалі Наталля ЧАРНІЧЭНКА і Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 96 ад 08.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *