В Шумилинской ПМК-70 соревновались молодые строители

Актуалии Экономика

Конкурс прафесійнага майстэрства
Кіраўніцтва Шумілінскай ПМК-70 робіць стаўку на маладых: 32% агульнай колькасці калектыву – моладзь. Малады чалавек непасрэдна па прадпрыемстве можа атрымаць прафесію муляра, тынкоўшчыка, цесляра, бетоншчыка ці слесара. Пасля абучэння выдаецца пасведчанне аб спецыяльнасці і прысвойваецца разрад. Так, сёлета атрымалі спецыяльнасць 10 чалавек. Прафесійнаму росту маладых спецыялістаў садзейнічаюць і конкурсы прафмайстэрства, якія рэгулярна праходзяць у ПМК-70.
Напярэдадні прафесійнага свята на новым кааператыўным доме, што будуецца ў цэнтры  Шуміліна, прайшоў традыцыйны конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых будаўнікоў. Арганізатарамі конкурсу выступілі аддзел па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам БРСМ, адміністрацыя і прафкам ПМК-70.
Сем маладых тынкоўшчыкаў спаборнічалі за званне лепшага ў прафесіі. За перамогу змагаліся чатыры хлопцы і тры дзяўчыны. “Павінны добра справіцца з усімі заданнямі, –  адзначыла кіраўнік брыгады аддзелачнікаў Антаніна Дарожкіна, –  У нашай брыгадзе ўсе талковыя, іншых не трымаем”.
Пачаўся конкурс з  практычнай часткі. І трэба сказаць, што канкурсанты не падвялі свайго брыгадзіра: з тынкоўкай сцяны справіліся практычна без хібаў. Журы адзначыла якасць  работы ўсіх канкурсантаў адзнакай “добра”.    Справіліся маладыя тынкоўшчыкі і з хуткасцю работы: за адведзены час выдалі добрыя аб’ёмы.  Больш за усіх адтынкаваў Аляксандр Карначонак. Прыемна адзначыць, што і самы малады ўдзельнік спаборніцтваў – Мікіта Крупскі – не згубіўся сярод сваіх больш вопытных сяброў.
Калі пачаўся тэарэтычны конкурс было бачна, што адказы на пытанні даваліся маладым рабочым не так лёгка. У гэтым конкурсе лепшым зноў стаў Аляксандр Карначонак.
Па выніках конкурсу першае месца ў Аляксандра Карначонка, другой стала Рыта Левічава, трэцім – Антон Шэдзько.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 61 ад 07.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *