Доска почёта Шумилинского района: Алла Лазуко

Актуалии Общество

“Я заўжды ўсім задаволена”
Лёгка быць добрым, спагадлівым, адкрытым? Магчыма, не заўжды і не кожнаму, затое як прыемна і радасна жыць, калі на душы заўсёды светла і цёпла. І гэтага цудадзейнага святла хапае не толькі для таго, каб асвяціць жыццёвы шлях свой, сваіх блізкіх, але і ўсіх тых, хто выпадкова трапляе ў фокус гэтага пражэктара. Пашчасціла і нам.
Пісаць пра Алу Валянцінаўну Лазуку, начальніка аддзялення паштовай сувязі Вялікія Ляжні, асабліва пачэсна, бо яе сумленная шматгадовая праца дапамагае ў тым ліку знаёмству і доўгаму надзейнаму сяброўству вяскоўцаў з раённай газетай: сёння ў невялікіх Вялікіх Ляжнях выпісваюць 50 раёнак. Хочацца расказаць пра яе прафесіяналізм, адданасць працы, шчырасць душы; хочацца, каб яе жыццёвая філасофія некаму дапамагла, стала прыкладам, арыенцірам.
На пошце жанчына працуе ўжо 25 год. Прызналася, што вучылася на швачку, але заўжды хацела працаваць “з людзьмі і паперамі”. У Вялікіх Ляжнях знайшла асабістае шчасце – з’явілася сям’я, нарадзіліся дзве дачушкі. “Мае Леначка і Людачка” – толькі так называе Ала Валянцінаўна ўжо дарослых дзяцей, выдаючы тым бяскрайнюю, як акіян, пяшчотную мацярынскую любоў. Муж Васіль працуе ў мясцовай гаспадарцы галоўным інжынерам,
– Чым ганарыцеся? – задаём мы традыцыйнае пытанне герою публікацыі.
– Ганаруся сваімі дочкамі. Яны ў мяне і самастойныя, і прабіўныя, і працуюць добра. Усяго, чаго хацелі, дасягнулі. Зараз са сваімі сем’ямі ў Шуміліне жывуць. Трое ўнукаў у мяне – таксама гонар і шчасце. Дома ўсё спакойна, гаспадарку з мужам вядзем, захапляюся вырошчваннем кветак. Але самае вялікае маё захапленне – гэта мая работа. Калі шчыра, я б тут дзень  і ноч сядзела. Мне падабаецца працаваць з людзьмі, дапамагаць ім усім, чым магу. Калі ж я да людзей з дабром – і яны мне ніколі не адмовяць, заўжды дапамогуць. І ўсё жыццё так. Я б нічога мяняць не пажадала.
– Пра што марыце? – працягваем гаворку.
– Мне хочацца адчуваць сябе патрэбнай людзям. А наогул, ведаеце, я нічога не “вымудраю”, не загадваю наперад. Я шчаслівая тым, што ёсць. Дзяўчаткі паступілі, адвучыліся, стварылі свае сем’і. Мы ўдваіх з мужам ладзім. А што яшчэ трэба? Я неяк заўжды ўсім задаволена, здаецца, у мяне нічога дрэннага і не бывае па жыцці. Усё спакойна і размерана.
Я ж за 25 год і на бальнічным ні разу не была. Аднойчы, памятаю, нагу зламала, дык на кастылях на работу хадзіла. А як прапусціш, як людзі без пошты? Тым больш і замяніць мяне няма кім.
Ала Валянцінаўна “прывучыла” вяскоўцаў не праходзіць міма  пошты. Яна заўжды прыгожая, усмешлівая, быццам, толькі цябе і чакала. Ёй удаецца не толькі спраўляцца з аказаннем паштовых паслуг, але і тавараабарот (а тавар тут прапануецца самы разнастайны) даводзіць да 70-ці мільёнаў рублёў штомесяц. Менавіта таму яе прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.
Людзі ідуць і за парадамі, бо жанчына ніколі не адмахнецца, яна сапраўды заўжды гатова дапамагаць – гэта вам скажа кожны, хто жыве ў Ляжнях, хто хоць раз з ёй сустракаўся. Пасля ўзаемін з такімі людзьмі, як Ала Валянцінаўна, заўжды і самому хочацца стаць лепшым, чым ты зараз ёсць. І за гэта ёй асобны дзякуй.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 97 ад 11.12.2015 г.



1 комментарий по теме “Доска почёта Шумилинского района: Алла Лазуко

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *