Вавинам вьет во дао находит в Шумилино всё новых и новых поклонников

Молодёжь Спорт, туризм

Пераадолець сябе і перамагчы
Вавінам в’ет во дао трывала ўварвалася ў шумілінскі спартыўны асяродак. Пра гэта яскрава сведчыць адкрытае першынство раёна па гэтым відзе спорту, якое перад Новым годам прайшло ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. Багата балельшчыкаў прыйшло ў спартыўную залу паглядзець на выступленні і падтрымаць юных спартсменаў.
14 снежня  неаднаразовы сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, шматразовы чэмпіён Беларусі Святлана Бараноўская – трэнер шумілінскіх барцоў – атрымала званне майстра спорту. Падчас першынства трэнер Святлана Бараноўская атрымала словы-віншаванні, кветкі і падарункі ад бацькоў яе выхаванцаў і калектыву Цэнтра дзяцей і моладзі.
У адкрытым першынстве раёна па вавінам в’ет во дао прынялі ўдзел каля трыццаці юных спартсменаў з Шуміліна і Віцебска.
Пачалося мерапрыемства з раздзела “тэхніка”. Спартсмены дэманстравалі свае ўменні ў адзіночным і парным заліках, са зброяй і без зброі. На дыван выходзілі як вопытныя, што станавіліся прызёрамі і пераможцамі абласных і рэспубліканскіх стартаў, так і навічкі.
Большая частка першынства – паядынкі. Тут ужо абсалютна іншы падыход, бо кожная памылка можа каштаваць накаўтам. Судзілі паядынкі кандыдаты ў майстры спорту, неаднаразовыя прызёры рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па вавінам в’ет во дао Аляксандр Масько, Дзмітрый Кукушкін і Сяргей Юдзянкоў.
Юныя спартсмены літаральна рваліся на дыван, каб паказаць перад сваякамі і знаёмымі ўсё тое, чаму навучыліся. Гэта, праўда, некаторых і падвяло: “перагарэлі” яшчэ да стартаў. Два раўнды па 90 секунд для адных сталі часам трыумфу, а для другіх – перамогай над сабой. Ні адзін з выхаванцаў Святланы Бараноўскай не панік і не спалохаўся свайго саперніка, нягледзячы на боль, змагаўся да апошняга. І гэта ўжо псіхалогія вавінам в’ет во дао, якую спасцігаюць юныя спартсмены.
Сапраўдным адкрыццём першынства стаў Багдан Ушал, які перамог у катэгорыі “паядынак”. “Раней Багдану не вельмі шанцавала, – расказвае трэнер. – У ягонай вагавой катэгорыі вялікая канкурэнцыя. А яму ж у першых сустрэчах адразу прызёр ці чэмпіён трапляўся. Але ён працаваў, стараўся – вось вынік. Сёння – ён сталы і даволі вопытны баец”. У “паядынку” Святлана Бараноўская адзначыла і другое месца Антона Малахава, які ў фінале саступіў віцебскаму спартсмену.
Нельга не ўзгадаць Ягора Васільева, які заваяваў тры першыя месцы (у тэхніцы без зброі ў адзіночным заліку, у парным комплексе з Яўгенам Данчанкам і ў паядынку). Гатова была перамагчы ў паядынках і Вольга Кляшчонак – адзіная дзяўчына спаборніцтваў, але ёй не знайшлося саперніка. У выніку Вольга “ўзяла” першае месца ў тэхніцы без зброі і другое месца ў тэхніцы са зброяй. Удала дэбютавалі на першынстве і зусім юныя Вячаслаў Шпулёў (першае месца ў катэгорыі «паядынак») і Дзяніс Глушакоў (першае месца ў тэхніцы, трэцяе – у паядынках).
Усе пераможцы і прызёры першынства атрымалі ад раённага Цэнтра дзяцей і моладзі дыпломы, медалі і салодкія пачастункі.
Надрукавана ў №1 ад 05.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *