Вопрос в редакцию : сколько платить за воду, если нет счётчика?

Актуалии Общество Экономика

Колькі плацім за ваду без лічыльніка?
У рэдакцыю даслала ліст наша даўняя чытачка З. В. Краўчанка, якая пражывае ў доме № 10 па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне. Зінаіда Васільеўна прасіла карэспандэнтаў раёнкі даць праз газету адказ: чаму ў снежні (за лістапад) была вялікая плата за ваду ў кватэры без лічыльніка. У прыватнасці, жанчына заплаціла 78 тысяч рублёў за ваду і 61 тысячу рублёў за каналізацыю.
З гэтым пытаннем мы звярнуліся да юрысконсульта УП ЖКГ Я. І. Дзяменцьева. “Згодна з рашэннем Шумілінскага райвыканкама ад 20 ліпеня 2015 года № 468 “Аб устанаўленні норм спажывання вады” зацверджаны новыя нарматывы водаспажывання фізічнымі асобамі: для грамадзян, пражываючых у дамах, абсталяваных водаправодам і каналізацыяй без гарачага водазабеспячэння, норма складае 180 літраў у суткі на аднаго пражываючага (5,4-5,58 куб. м у месяц), – расказаў Ягор Ігаравіч. – Але рашэнне праходзіла юрыдычную экспертызу, таму плата за ваду за жнівень-кастрычнік бралася па ранейшых тарыфах: 120 літраў у суткі на аднаго пражываючага (3,6-3,72 куб. м. за месяц). А ў снежні быў зроблены пераразлік за жнівень-кастрычнік і налічана плата па новым тарыфе за лістапад. Павелічэнне нормы водазабеспячэння напрамую звязана з павелічэннем нормы водаадвядзення (каналізацыі) – быў зроблены пераразлік і за гэтыя паслугі. Вось таму і атрымалася большая плата”.
Мы звярнуліся да бухгалтара па квартплаце В. С. Ястрабавай і папрасілі растлумачыць, як будзе налічвацца па Юбілейнай, 10 плата за ваду ў студзені (за снежань). “180 літраў памнажаем на 31 дзень месяца, атрымліваецца 5,58 куб. м.  вады на аднаго чалавека, – расказала Вольга Сяргееўна. – Потым 5,58 куб. м. памнажаем на існуючы тарыф 8685 руб. І атрымліваем плату за ваду – 48462,3 рублі. Гэтыя ж метры кубічныя перамнажаем на дзеючы тарыф па каналізацыі – на 6723 рублі і атрымліваем плату 37514,34 рублі.  Складваем гэтыя дзве лічбы і атрымліваецца агульная плата за ваду і каналізацыю – гэта амаль 86 тысяч рублёў”.
Мы папрасілі бухгалтара падлічыць, колькі за такую ж колькасць вады заплаціў бы спажывец, маючы лічыльнік. Не будзем прыводзіць дакладныя бухгалтарскія разлікі, напішам коратка: пры наяўнасці лічыльніка атрымалася б не 86 тысяч рублёў, а 30 тысяч, расказала В. С. Ястрабава. Значыць, кожны месяц можна было б эканоміць па 56 тысяч рублёў.
Па словах работнікаў УП ЖКГ, у райцэнтры засталося мала кватэр, дзе не ўстаноўлены лічыльнікі вады. Іх актыўна ўстанаўліваюць і ў гэтым годзе. Работа па ўстаноўцы каштуе 241 тысячу рублёў, а адзін лічыльнік (яны ёсць у наяўнасці ў камунгасе) – каля 300 тысяч рублёў.
І апошняе. Па каналізацыі. Справа ў тым, што ў жыроўках тых жыхароў кватэр, дзе не ўстаноўлены лічыльнікі вады, значыцца графа “каналізацыя”, а для спажыўцоў з лічыльнікамі гэтай графы няма. Гэта блытае людзей. “І ў першым, і другім выпадку бярэцца плата і за ваду, і за каналізацыю, – патлумачыў Я. І. Дзяменцьеў. – Толькі на кватэры без лічыльнікаў разлічваюць плату нашы бухгалтары, яны распісваюць канкрэтна: вада і каналізацыя. А са спажыўцоў з лічыльнікамі, якія самі кантралююць вылітыя літры, адразу бярэцца плата па тарыфу: і за ваду, і за каналізацыю. Напрыклад, адзін куб. м. вады па лічыльніку зараз каштуе 1508,2 руб, каналізацыя – 1007,0 руб, усяго – 2515,2 руб за метр кубічны”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №3 ад 12.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *