В Шумилино новый год начался с новоселья

Актуалии Экономика

Новы год пачаўся наваселлем
6 студзеня прайшло ўрачыстае адкрыццё новага адміністрацыйнага будынка Шумілінскага лясніцтва. Удзел у мерапрыемстве ўзялі кіраўнік раёна Аляксандр Снараў, генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Даніловіч, дырэктар ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” Ігар Папок, работнікі прадпрыемства, госці.
Былому  будынку Шумілінскага лясніцтва было ўжо каля 60-ці гадоў. У розныя часы ён выконваў розныя функцыі, і вядома, даўно не адпавядаў сучасным патрабаванням. Варта адзначыць, што гэта апошняе з  шасці лясніцтваў у нашым раёне, дзе да гэтага часу не была зроблена перабудова, якую даўно і з такім нецярпеннем чакалі ўсе работнікі. Годны адміністрацыйны будынак – гэта не толькі імідж прадпрыемства, але і адпаведныя ўмовы працы, якія натхняюць, даюць стымул для новых здзяйсненняў.
Падрадчык, у якасці якога выступіла Шумілінская ПМК-70,  узвёў будынак усяго за чатыры месяцы. І цяпер новае лясніцтва з’яўляеццца сапраўдным упрыгожаннем мікрараёна.
“Вельмі прыемна пачынаць год такімі падзеямі. Так, час няпросты, але знайшліся сілы, жаданне і ўменне рэалізаваць задуманае”, – заўважыў кіраўнік раёна А. І. Снараў. Аляксандр Іванавіч выказаў упэўненасць у тым, што калектыў лясгаса і надалей будзе выдатна спраўляцца з усімі пастаўленымі задачамі.
З нагоды такой важнай і радаснай падзеі абласное кіраўніцтва падарыла калектыву лясніцтва камп’ютар. “У сённяшні, магчыма, і не самы просты час умовы працы – гэта таксама немалаважны фактар. Скажу, што на гэтым будынку будаўніцтва адназначна не закончыцца, будуць вырашацца таксама  пытанні, якія стаяць у вытворчай сферы, у тэме жылля для маладых спецыялістаў і супрацоўнікаў лясгаса”, – гаварыў генеральны дырэктар Сяргей Даніловіч.
Сёння ў Шумілінскім лясніцтве працуе 27 чалавек. Ёсць надзейныя кадры, неабходная тэхніка для таго, каб рэалізоўваць усе задачы і планы, заўважыў ляснічы Андрэй Калдуноў. “У раёне сем тысяч двароў, якія ацяпляюцца дрывамі, – падлічыў ляснічы, – і ўсе гаспадары праходзяць праз лясніцтва. Бывае ў нас і кожны, хто ставіць навагоднюю ёлку. За сезон мы звычайна рэалізуем каля пяцісот зялёных прыгажунь”.
Новае лясніцтва радуе і сваім інтэр’ерам. Утульныя кабінеты абсталяваны новай мэбляй, ёсць камфортная актавая зала, усе зручнасці – створаны адпаведныя ўмовы для добрай працы.
Наогул, свята адкрыцця Шумілінскага лясніцтва прайшло гучна: з песнямі, феерверкам, з традыцыйным пераразаннем чырвонай стужкі, і нават, з Дзедам Марозам і Снягуркай – тут пастараліся работнікі культуры. Менавіта Дзед Мароз уручыў ляснічаму Андрэю Калдунову сімвалічны ключ ад новага будынка (на здымку).
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №3 ад 12.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *