Зямныя мары Пушкаровых

Сельское хозяйство Семья

Зямныя мары Пушкаровых
Сёння моладзь цяжка заахвоціць пераехаць жыць і працаваць у вёску: больш за два гады абавязковай адпрацоўкі мала хто вытрымлівае. А вось сям’я Таццяны і Рыгора Пушкаровых жыве ў Мішкавічах ужо дзесяць гадоў.
Жывуць і радуюцца: вёска прыгожая, людзі добрыя.  Ёсць работа па душы: Таццяну, па адукацыі настаўніцу пачатковых класаў, накіравалі пасля заканчэння ўніверсітэта працаваць сюды ў дзіцячы садок. Рыгор уладкаваўся працаваць механізатарам у СФГ “Раднік”. Сялянская (фермерская) гаспадарка выдзеліла маладой сям’і новы дом.  “Мы былі вельмі рады асобнаму жыллю, адразу ўзяліся рамантаваць, фарбаваць, клеіць, уцяпляць падлогу. Працавалі з ахвотай, стараліся – для сябе ж”, – расказалі Пушкаровы. Маладая сям’я прыехала ў Мішкавічы з маленькай Ульянкай, пазней нарадзілася Сонечка.
Таццяна родам з Полькавіч і спачатку на Рыгора, які жыў у суседняй вёсцы –  Крывым Сяле, не звяртала ўвагі. Нават некаторы час сустракалася з ягоным сябрам. Але паступова пачала прыглядацца да хлопца. “Перш за ўсё спадабаўся характар, – кажа Таццяна. – Рыгор вельмі адказны і добры. Не спешчаны, бо вырас у мнагадзетнай сям’і. Калі паабяцае, то абавязкова выканае, як бы цяжка гэта ні было. Вось гэтыя рысы і прыйшліся мне па душы”. Гаспадар сям’і таксама вельмі задаволены сваім выбарам: Таццяна клапатлівая жонка і гаспадыня, добрая матуля.
Пушкаровы з гордасцю прызнаюцца, што яны шчаслівыя разам. Калі з’явілася на свет першая дачушка, Таццяна яшчэ вучылася ў Аршанскім педагагічным каледжы. І першым яе памочнікам у доглядзе Ульянкі быў муж. Затым, калі Таццяна паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, нарадзілася Сонечка. І калі ёй было ўсяго два месяцы, Таццяна паехала на сесію. Разам з мужам і маленькай дачкой. Разам жылі ў сваякоў на кватэры. Таццяна рыхтавалася, хадзіла на залікі і экзамены, а Рыгор даглядаў Сонечку. Як цяжка з малымі – адчуў на сабе. Таму ніводнага разу не наракаў на Таццяну, нават калі тая нешта і не паспявала зрабіць па гаспадарцы.
Зараз, лічаць Пушкаровы, у іх вялікія дзеці: выдатніца Ульяна ходзіць у шосты клас, Соня – у першы. Дзяўчаткі растуць добрымі і паслухмянымі. “Я люблю сваю сям’ю: разам з Сонечкай мы гуляем, з мамай пячэм пірагі, – кажа Ульяна. –  Ну, а тата ў нас спартсмен: ён вельмі добра ходзіць на лыжах, нават першыя месцы займаў у раёне. І мы з Соняй хочам навучыцца хадзіць на лыжах гэтак жа добра, як тата”.
У сям’я Пушкаровых любяць разам працаваць на агародзе, хадзіць за грыбамі і ягадамі. Ганарацца, што разам пабудавалі дрывотню. Ну, а мары ў іх зямныя і рэальныя. “Хочацца, каб дзеці былі здаровымі і шчаслівымі, – кажа Таццяна. – Мару, каб у вёсцы і надалей была школа. Бо няма жадання перавучвацца, тым больш – пераязджаць на новае месца жыхарства”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 5 ад 19.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *