Пачым шчасце?

Духоўнае

Пачым шчасце?
Як жа хочацца быць шчаслівай. Не ведаю, ці бывае сапраўднае шчасце без мужчын. Напэўна, бывае (не спрабавала). Але ж менавіта з мужчынамі звязаны і самыя вялікія перашкоды для гэтага самага шчасця. Вось такое недасканалае жыццё: і з імі цяжка, і без іх – не тое, каб зусім невыносна, але неяк не хочацца.
Схадзіўшы ў загс, жанчына, закасаўшы рукавы, бярэцца за будаўніцтва сямейнага шчасця. Ёй наіўна падаецца, што залежыць усё толькі ад яе, канкрэтней, ад яе старанняў. Вось стане яна ідэальнай, самай лепшай, самай “правільнай” – і прыйдзе шчасце, і муж будзе кахаць да непрытомнасці, і дзеці такімі як трэба вырастуць. Вось яна і ўпрагаецца. Дома заўжды павінна быць чыста, бялізна абавязана быць вымытай і адпрасаванай, абед – заўжды на стале. Хоць камяні з неба, як кажуць. Манікюр, паход па магазінах для свайго задавальнення і любімая кніга ці фільм – усё гэта можа пацярпець, калі падлога нямытая.
У падсвядомасці жанчыны маячыць нешта пра тое, што мужчына павінен быць задаволены, што не варта яго раздражняць, а трэба добра карміць. Тады ён і грошы будзе зарабляць на сям’ю, і наогул, будзе такім, якога не сорамна прад’явіць родным і суседзям. Вось яна і гатуе, як падарваная, і давіцца сваім нявыказанымі прэтэнзіямі. А жаданага выніку няма. Адчування шчасця няма.
У імкненні быць зручнай для мужчыны жанчына траціць сябе самую. Яе самой не становіцца. Няма яе жаданняў, яе ўяўленняў, яе здзяйсненняў. Яна дабравольна ад сябе адмаўляецца, калі становіцца зручнай. Так, мужчыну камфортна ў бытавым плане, але не такі ён ужо прымітыўны, каб гэтага было дастаткова. Але акрамя камфорту зручная жанчына нічога не можа прапанаваць. Яна згубіла сябе. Яе больш няма. Яна шмат аддала, яна аддала ўсё, а нічога ўзамен не атрымала. Нічога, на што разлічвала. Як жа тут будзеш шчаслівай?
Мужчына і жанчына жывуць разам. Але як бы там ні было, яны пражываюць кожны сваё асобнае, індывідуальнае жыццё. Асобнае. І каб быць шчаслівай, жанчыне варта прыслухоўвацца да сябе, свайго сэрца, сваіх жаданняў. Каб быць зручнай, дастаткова слухаць меркаванне ўсіх вакол і з усіх сіл старацца ім адпавядаць. Пра такую звычайна скажуць: яна ж усё дзеля сям’і, і што яму (мужчыну) яшчэ трэба. Ёй паспачуваюць, яе пашкадуюць, але каму ад гэтага лягчэй?
Жанчыну шчаслівую часцей не пахваляць, назавуць эгаісткай, прыпішуць абыякавасць да блізкіх. А ёй што? Яна шчаслівая – і ёй пляваць, што пра яе падумаюць. Яна ўмее аддаваць і прымаць любоў, ведае, чаго яна хоча. І чаго не хоча. Яна ўмее сказаць “не”, умее адстаяць сябе, сваю тэрыторыю. А самае галоўнае, што так усім лепей. Шчаслівая маці выхавае шчаслівых дзяцей, непрадказальная жонка заўжды будзе трымаць у напружанні мужа, у самым лепшым сэнсе. Яна будзе развівацца, яна стане цікавай, яна, нарэшце, навучыцца атрымліваць задавальненне ад жыцця. Яна будзе шчаслівай і запоўніць гэтым шчасцем усю прастору вакол.
З гэтым можна не пагадзіцца. Але ж і паспрабаваць так жыць таксама можна. Асабліва, калі ранейшы план шчаслівага жыцця аказаўся неэфектыўным.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №7 ад 26.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *