Снег. Галалёд. Веласіпед

Бяспека Общество

“Самазабойцы” на дарозе
Два моцныя цыклоны са снегам і завірухай давялося перажыць у студзені. Нават машыны буксавалі, пешаходы ледзь прасоўваліся па снежнай “кашы”. А на вуліцах райцэнтра, як і летам, можна было ўбачыць веласіпедыстаў. Некаторыя не вытрымалі снежнага выпрабавання і кацілі веласіпеды побач, іншыя з цяжкасцю ехалі па заснежанай дарозе. Веласіпедыстаў з асцярогай аб’язджалі легкавушкі, аўтобусы, трактары – таго і глядзі могуць ўпасці на слізкай дарозе і трапіць пад колы.
Некаторыя вадзіцелі аўто нават скардзіліся на заўзятых аматараў велатранспарту дзяржаўтаінспектарам. Супрацоўнікі ДАІ, якія дзяжурылі ў час снегавых цыклонаў ва ўзмоцненым рэжыме, спынялі ўсіх веласіпедыстаў. “За дзень у поле зроку  траплялася па пяць-шэсць чалавек на веласіпедах, – кажа начальнік ДАІ М. У. Гаралевіч. – Мы тлумачылі, што згодна з п.153.4 Правілаў дарожнага руху веласіпедыстам і вадзіцелям мапеда забараняецца ехаць па дарозе ў час снегападу і (або) галалёдзіцы. Пры парушэнні пагражае штраф ад 1 да 3 БВ. А калі веласіпедыст ці мапедыст пры гэтым у стане алкагольнага ап’янення, то штраф ад 2 да 5 БВ.
Дарэчы, у мінулым годзе за парушэнне Правілаў дарожнага руху прыцягнута да адказнасці 138 веласіпедыстаў. Некаторыя былі аштрафаваны неаднойчы, а на жанчыну са Светласельскага  было складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў.
Мы заклікаем усіх жыхароў раёна на час зімы пакідаць свае веласіпеды дома.  Гэтым самым вы зробіце дарогі раёна больш бяспечнымі”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №7 ад 26.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *