В почёте ли лыжи на уроках физкультуры в школах Шумилинского района?

Здоровье Образование Спорт, туризм

Каб лыжы не сталі рарытэтам
Жанчына, якая на мінулым тыдні зайшла ў рэдакцыю, “зачапіла” лыжную тэму. “Як так, – разводзіла яна рукамі, – чаму дзеці ўрокі фізкультуры праводзяць у спартзале. На вуліцы такая цудоўная зіма, толькі і хадзіць на лыжах! Мы ж, бывала, і нарматывы па лыжах здавалі, і на спаборніцтвы ездзілі. Дачка вучыцца ў восьмым класе, дык ім у спартыўнай зале расказвалі, як трэба хадзіць на лыжах. Праўда, наступны ўрок выйшлі на лыжню. А можа, вучэбнай праграмай лыжы не прадугледжаны?”
З гэтым пытаннем мы звярнуліся ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
– Пры складанні гадавых планаў, – кажа намеснік начальніка аддзела А. У. Мазанкоў, –  кожны настаўнік фізічнай культуры абавязкова прадугледжвае лыжныя заняткі, вядома, пры адпаведных умовах надвор’я.
– З пачатку студзеня гэтыя  ўмовы надвор’я навідавоку. Чаму ж лыжныя заняткі становяцца такой рэдкасцю?
– Тут два складаемыя, – тлумачыць Андрэй Уладзіміравіч. – Лыжная база і ініцыятыва настаўніка фізічнага выхавання. Прычым, другі фактар часта выходзіць на першае месца.
Возьмем, да прыкладу, Слабадскую школу. Тут наогул не стаіць пытанне, катацца на лыжах ці не. Зіма і лыжы ў Слабадзе неаддзельныя адно ад другога. Кіраўнік фізічнага выхавання Уладзімір Кучко стабільна займаецца лыжамі, таму школа пастаянна мае годныя вынікі на ўсіх спаборніцтвах. Дарэчы, у Слабадской школе сёння ёсць 20 пар лыж. Хачу яшчэ пахваліць Мікіціхінскую школу (настаўнік  А. Я. Асташонак), а таксама раённую гімназію (настаўнік С. П. Вашадок).
Ёсць і такія школы, дзе насуперак адсутнасці базы настаўнікі фізкультуры знаходзяць магчымасць папулярызаваць лыжы. Гэта найперш А. У. Караленка з Язвінскай д/с-БШ, П. А. Чарнышоў з Кардонскай СШ, Ю. А. Лапацін з Навікоўскай БШ, Б. М. Ільясевіч з Мішневіцкай СШ.
– А што ж астатнія школы, у тым ліку шумілінскія?
– Скажам так: у многіх школах лыжная падрыхтоўка праводзіцца недастаткова.
– І як на гэта рэагуе аддзел адукацыі, спорту і турызму?
– Безумоўна, мы нацэльваем на сістэматычную абавязковую работу, каб пры кожнай школе пастаянна была лыжня, каб кожны школьнік упэўнена стаяў на лыжах. Лыжы – гэта не толькі выкананне вучэбнай праграмы, але найперш здаровы лад жыцця, гэта і падрыхтоўка да спартакіяд, такіх, як зімовае шматбор’е “Здароўе”, “Абаронца Айчыны”, спаборніцтвы па біятлоне “Снежны снайпер”.
Што датычыць Шумілінскай СШ №1 (а менавіта ў яе адрас наракала наведвальніца рэдакцыі), то мы добра памятаем, што ў 2014 годзе дэпутат Парламента Уладзімір Шыцько зрабіў школе шыкоўны падарунак, менавіта дзякуючы Уладзіміру Уладзіміравічу школа атрымала 65 мільёнаў рублёў і купіла 50 камплектаў лыж, 20 пар канькоў, 20 клюшак, іншы спартыўны інвентар. Так што гаварыць пра адсутнасць базы не прыходзіцца. Чаму ж школа працуе недастаткова? Пытанне адрасавалі настаўнікам фізкультуры школы.
Аляксандр Ходзюш:
– Я вяду шостыя-сёмыя класы. Першыя заняткі  па лыжах праводзім у спартзале. Расказваем пра тэхніку бяспекі пры хадзьбе на лыжах, пра тое, як трэба апранацца. Наогул, цяжка працаваць, класы вялікія. Таму займаемся па чарзе: на адным уроку хлопчыкі, на другім дзяўчынкі. Мне ж самому трэба раздаць дзецям лыжы, дапамагчы абуць бацінкі, больш дзесяці камплектаў не паспець. Калі б які лабарант выдаваў дзецям лыжы, а я сустракаў на стадыёне, было б хутчэй…
– Як вы выяўляеце здольных дзяцей, ці працуеце з імі дадаткова?
– Мы рэкамендуем такім дзецям трэнера па біятлоне Генадзя Салапаева, ён займаецца са здольнымі дзецьмі.
Пётр Рудоў:
– Варта адзначыць, што работа па лыжах у СШ №1 запушчана не сёння. Пачынаць усё трэба з базы. Лыжная база павінна быць на холадзе, а так адзін клас пакатаўся, занеслі лыжы ў цяпло, снег растаў, наступным дзецям трэба мокрыя бацінкі абуваць. Зараз выкарыстоўваем 20 пар лыж.  Недасканала падабраны размерны рад лыжаў, няма лыжаў з гумавым мацаваннем для пачаткоўцаў. Адным словам, працаваць ёсць над чым.
Па праўдзе сказаць, працаваць ёсць над чым усім, у тым ліку і бацькам. Лыжы і канькі, футбол і валейбол сёння многім дзецям замянілі гаджэты – камп’ютары, мабільнікі, планшэты. І менавіта іх, а не тыя ж лыжы бацькі купляюць у падарунак да дня нараджэння, да Новага года. Ды так і самім прасцей, а то купіш лыжы, тады сам ідзі, вучы, мерзні. А так ля тэлевізара цёпленька, утульненька. Хіба што калі-нікалі, павярнуўшыся ў бок дзіцячага пакою, кінем папрок: “Вось я ў твае гады – і на лыжах, і на санках, і ў паход…”
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *