Прыпынак – Крывое Сяло

Актуалии Сельское хозяйство

Жыццё ідзе сваім парадкам

Крывое Сяло цяжка праехаць выпадкова (а некалі ж тут праходзіла бойкая траса, якая звязвала Полацк і Віцебск і забяспечвала даволі бурлівае жыццё вёсцы) – туды трэба ехаць мэтанакіравана, як мы, калі вырашылі зрабіць там чарговы прыпынак. Сёння гэта адна з самых аддаленых вёсак Шуміліншчыны, дзе жыве ўсяго 280 чалавек, большасць з якіх працуе ў мясцовай гаспадарцы “Прыдзвінскі”. Сказаць, што зараз вёска перажывае свае лепшыя часы, нельга: людзей становіцца ўсё менш, ёсць перабоі з выплатай зарплаты ў гаспадарцы. Але жыццё ідзе сваім парадкам, гаворыць старшыня сельскага Савета Т. А. Дзятлава. Робіцца ўсё, што магчыма.
Крывое Сяло – адзін з самых маланаселеных аграгарадкоў у раёне (для параўнання: у Слабадзе – 644 жыхары, у Мікіцісе – 1061, у Мішневічах – 533). Але,  нягледзячы на гэта, інфраструктура населенага пункта здольная задаволіць асноўныя запыты вяскоўцаў. Тут працуюць дзіцячы садок, два магазіны, ФАП, аддзяленні Беларусбанка і паштовай сувязі, бібліятэка, сельскі клуб, ёсць царква.
За мінулы год у аграгарадку нарадзілася 10 дзетак, сёлета пакуль ніхто бусла не чакае. Тут на кантролі ўсе сацыяльна нестабільныя сем’і (за мінулы год праз грамадскі пункт аховы правапарадку прайшлі 135 чалавек), на ўліку чатыры сям’і, дзе гадуюцца 11 дзяцей. Старшыня сельсавета не без суму адзначыла, што ні ў Крывым Сяле, ні наогул на тэрыторыі сельсавета няма сярэдняй школы.
Мясцовая гаспадарка ў сённяшніх няпростых умовах стараецца хоць нечым падтрымаць сваіх работнікаў: давалі ў кошт зарплаты цялят на вырошчванне, курэй. Але моладзь не вельмі ахвочая да вядзення гаспадаркі, заўважыла Таццяна Анатольеўна. Нягледзячы ні на якія цяжкасці, ні гаспадарку, ні агарод трымаць не хочуць. Дарэчы, у вёсцы налічыцца 14 кароў (ды і па ўсім сельсавеце іх усяго 38).
Блізкае суседства з Бешанковічамі (да іх усяго 11 кіламетраў, а да Шуміліна – 30) адкрывае перад крывасельцамі магчымасць ездзіць за пакупкамі туды. Ну, гэта, вядома, калі ёсць магчымасць пераправіцца праз Заходнюю Дзвіну.
У сельсавет людзі звяртаюцца з разнастайнымі просьбамі – нарыхтоўка дроў, высечка аварыйных дрэў, добраўпарадкаванне дарог і іншымі. Летась па звароце быў добраўпарадкаваны пляж ля возера Міткавічы, адрамантавана дарога да месца адпачынку. Гэтую работу сельсавет выканаў сумесна з ЖКГ.

На пошце
Мясцовае паштовае аддзяленне абслугоўвае Новае Сяло, Курылаўшчыну, Бокішава і Сінякова. А якраз у дзень нашага візіту тут звольнілася паштальёнка, што сур’ёзна збянтэжыла загадчыцу пошты А. П. Русакову. Сапраўды, знайсці новага паштальёна ў вёсцы не так і проста, а работы шмат – хаця б пенсію даставіць, разнесці газеты.
Ала Пятроўна расказала, што выпісана 40 экзэмпляраў газеты  “Герой працы”, за што мы ўдзячныя нашым падпісчыкам, а таксама заўжды гатовы знайсці і новых сяброў.
На пошце пастаянна ёсць людзі, якія ідуць сюды не толькі за паслугамі сувязі, але і за разнастайнымі таварамі. Тавараабарот за месяц тут складае 20 мільёнаў рублёў.

У садку чакаюць папаўнення
Крывасельскі дзіцячы садок невялікі, яго наведваюць усяго 14 дзетак. Група тут рознаўзроставая.
“У будынак былой пачатковай школы мы перайшлі два гады таму, – кажа загадчык дзіцячага сада І. В. Пруднікава. – Тут цёпла і ўтульна, створаны ўсе ўмовы для выхавання дзяцей”. Іна Віктараўна хваліла выхавальніцу садка Ларысу Васільеўну Каваленка (на здымку), якая ўмела чаргуе адукацыйную і гульнявую дзейнасць дзяцей і заўсёды добра рыхтуе шасцігодак да школы.  У дзіцячым садку працуе гурток “Умелыя рукі” і клуб “Крылаты дазор”.
Работнікі дзіцячага садка прыемна адзначаюць, што ў  мінулыя тры гады ў вёсцы нараджаліся дзеткі. Напрыклад, на наступны год садок з задавальненнем прыме яшчэ 5 хлопчыкаў і дзяўчынак.

І просяць у Бога здароўя
Свята-Міхайлаўская царква, як нам расказалі ў Крывым Сяле, была пабудавана ў 1905 годзе. Але пасля Вялікай Айчыннай вайны купалы знялі, званіцу разбурылі. І ў гэтым будынку пачала працаваць школа. Але нядаўна школу закрылі.  Два гады таму царкву зноў аднавілі. Мясцовыя людзі, як расказаў іерэй Фёдар Пучынскі, “адстаялі царкву”, не дазволілі разабраць гэты стары будынак. На святы ў царкву збіраецца больш за трыццаць прыхаджан.
“Рамонт у царкве рабілі сваімі сіламі, – кажа старшыня прыхода І. І. Літвінава. – На гэта прыхаджане сабралі 7 мільёнаў рублёў. Мянялі падлогу, фарбавалі столь. З сякерай і пілой у руках дапамагалі мясцовыя браты Аляксандр і Мікалай Аўчыннікавы. Насустрач прыхаджанам пайшла і мясцовая гаспадарка – ахвяравала ДВП і фарбу, і сельвыканкам – падарыў карнізы і цюль. У нашай царкве зроблены алтар, прыстасаванні да яго нам прысылалі родныя і знаёмыя з розных гарадоў Беларусі і Расіі.  У царкве многа ікон, якія перадалі жыхары Крывога Сяла і блізляжачых вёсак. У планах – устанавіць на царкве купал і званы. На гэта і збіраем грошы”.

Выпадкова – і на ўсё жыццё
“Сям’я Таццяны і Дзмітрыя Бязрукавых – маладая і талковая, – расказала старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава. – Жывуць дружна, гадуюць дзетак. Працавітыя і шчырыя”.  Пасля такой характарыстыкі мы не змаглі  не завітаць да маладой сям’і.
Дзмітрый мясцовы, з Крывога Сяла.  Працуе ў ААТ “Прыдзвінскі” механізатарам, ён вядомы ў раёне камбайнер – летась намалаціў тысячу тон зерня.  А Таццяна пасля заканчэння каледжа ў Слуцку, дзе вывучылася на майстра-сырароба, была накіравана на працу ў Шумілінскі цэх ААТ “Малако”. Дзмітрый кажа, што пазнаёміўся з Таццянай  у райцэнтры выпадкова, але, спадзяецца, што жыць будуць разам усё жыццё.
ААТ “Прыдзвінскі” выдзеліла маладой сям’і асобны дом. Рамантавалі самастойна, збіралі грошы на мэблю. Зараз у доме ёсць усё неабходнае, тут светла і прасторна.
Таццяна і Дзмітрый Бязрукавы жывуць разам амаль сем гадоў. Нарадзілі дзвюх дачушак. Паліне зараз шэсць гадкоў, а Каці – тры. Маладыя мама і тата не нарадуюцца на сваіх дзяўчатак, якія растуць добрымі і паслухмянымі. Выхаваннем займаюцца разам. Вечарамі, калі гаспадыня гатуе вячэру, дзяўчаткі “атакуюць татку”. Разам з ім малююць, гуляюць, чытаюць казкі, вучаць вершы. А да Новага года з макароны змайстравалі  прыгожую ёлку.
Бязрукавы разам адзначаюць святы, збіраюцца вечарамі за кубкам гарбаты і ядуць смачныя тарты, якія выпякае Таццяна. А зімой любімы занятак для ўсёй сям’і – гэта катацца на лыжах і санках.

Чытаюць пенсіянеры

– Моладзь зараз чытаць не любіць, – выказаўся пастаянны чытач Крывасельскай бібліятэкі У. С. Зелянко,  які звычайна, прыйшоў за кнігамі і перыёдыкай. – Вось тры кнігі бяру, некалькі газет і часопісаў – гэта мне на тыдзень.
Сапраўды так, – пацвердзіла загадчыца бібліятэкі Галіна Аўчыннікава. – У мяне зарэгістравана 250 чалавек, але пастаянных чытачоў толькі 4-5 чалавек, сярод якіх і Уладзімір Сцяпанавіч.
Старонку падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №9 ад 02.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *