В президиуме Шумилинского райсовета: вопросы подростковой преступности

Актуалии Общество Президент

Падлеткавую злачыннасць удаецца стрымліваць
На апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў было разгледжана пытанне “Аб ходзе выканання пастановы прэзідыума Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў ад 27.10.2014 г. №18 «Аб рэалізацыі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2003 года № 200-3 «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» на тэрыторыі раёна».
Сваё выступленне намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч пачала з лічбаў і фактаў: на тэрыторыі Шумілінскага раёна не дапушчаны рост колькасці злачынстваў з удзелам непаўналетніх. За 12 месяцаў 2015 года зарэгістраваны 4 злачынствы з удзелам непаўналетніх (у 2014 г. таксама 4). Удзельная вага такой злачыннасці за 12 месяцаў на Шуміліншчыне склала 2,3 %, абласны паказчык – 3,8 %.
Па стане на 1 студзеня 2016 года на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС стаіць 15 непаўналетніх. Калі браць па сферах занятасці, то карціна наступная: 11 падлеткаў з’яўляюцца вучнямі ўстаноў адукацыі раёна, адзін праходзіць практыку ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве, трое з’яўляюцца навучэнцамі ліцэяў.
Як удаецца стрымліваць рост, што спрацоўвае, над чым трэба працаваць больш прадметна і больш прадумана? Людміла Аляксееўна паспрабавала адказаць на гэтыя пытанні. Перш за ўсё ў раёне пабудавана пэўная сістэма работы, адпрацаваны канкрэтны алгарытм міжведамаснага ўзаемадзеяння ў пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх.
І тут, трэба прызнаць, намаганні толькі адной структуры недастатковыя і неэфектыўныя. А вось калі ў справу ўключаюцца ўсе адказныя і зацікаўленыя ў станоўчым выніку ўстановы: праваахоўныя органы, адукацыя, сям’я – толькі тады можна чакаць аддачы.
Чаму і калі падлетак ідзе на злачынства і правапарушэнне? Адказы ўсім вядомыя: калі хоча заявіць пра сябе, як пра асобу, а няма кантролю і няма чым заняцца. Калі няма інтарэсаў і бацькі даўно згубілі аўтарытэт. Таму вельмі вялікая ўвага, па словах Л. А. Грузневіч, удзяляецца занятасці падлеткаў, якія стаяць на розных відах уліку ці жывуць у сем’ях сацыяльна небяспечных, у вольны ад вучобы час. На дапамогу прыходзяць розныя акцыі і дзяржаўныя праграмы накшталт “Клопат-2015”, раённыя спартыўныя і інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы.
Як расказала Людміла Аляксееўна, на зімовых канікулах інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС правяла маніторынг арганізацыі работы гурткоў, іх наведвання непаўналетнімі. Парушэнняў не выяўлена. Усе вучні школ, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі, задзейнічаны ў гуртковай і секцыйнай дзейнасці. Непаўналетнія, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, наведвалі 77 гурткоў, аматарскіх аб’яднанняў, секцый.
Прыносіць свой плён і работа раённай камісіі па справах непаўналетніх. За 2015 год яна правяла 27 пасяджэнняў, на якіх разгледжана 65 адміністрацыйных пратаколаў у адносінах да непаўналетніх. Зноў жа, іх значна менш у параўнанні з мінулым годам (2014 г. – 119 пратаколаў), што сведчыць пра правядзенне мэтанакіраванай прафілактычнай работы.
На пасяджэннях саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку сельскіх выканаўчых камітэтаў было разгледжана 249 выпадкаў ухілення бацькоў ад выканання сваіх абавязкаў, што сведчыць пра актывізацыю работы ў дадзеным накірунку, калі  на месцах факты сямейнай неблаганадзейнасці не ўтойваюцца.
Штомесяц актуалізуецца і абнаўляецца банк дадзеных пра непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, своечасова ўносяцца змяненні ва ўліковыя дадзеныя, строга аналізуецца абгрунтаванасць усіх выпадкаў прызнання і зняцця непаўналетніх з уліку. За 2015 год 142 дзіцяці з 81 сям’і атрымалі статус тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, знята з уліку 93 дзіцяці з 53 сямей. 11 дзяцей былі за мінулы год змешчаны ў прытулак, трое – у Віцебскі спецыялізаваны дом дзіцяці.
Асобна Л. А. Грузневіч спынілася на выніковасці штотыднёвых раённых рэйдаў раённых структур. Разам з тым, падкрэсліла неабходнасць практыкаваць прафілактычныя рэйды мясцовых узроўняў: з удзелам прадстаўнікоў мясцовых улад, школ, медыцынскіх устаноў, сельгасгаспадарак. “Горш не будзе”, пагадзіліся ўдзельнікі пасяджэння.
Адным словам, зроблена нямала. Аднак трэба прызнаць і той факт, што ёсць рэзервы для павышэння эфектыўнасці работы, прыняцця аператыўных мер па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Суб’ектам прафілактыкі раёна не трэба расслабляцца, а працягваць выкарыстоўваць у рабоце сацыяльна-арыентаваны падыход у папярэджанні безнагляднасці, правапарушэнняў непаўналетніх.
У падагульняючым слове старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла пасяджэнне прэзідыума, адзначыла, што пастанова прэзідыума раённага Савета дэпутатаў ад 27.10.2014 г. №18 «Аб рэалізацыі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2003 года № 200-3 «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэняў непаўналетніх» на тэрыторыі раёна» знята з кантролю ў сувязі з яе выкананнем.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №9 ад 02.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *