Творческое начало Года культуры в Витебской области

Президент

Творчы пачатак Года культуры
На мінулым тыдні ў абласной філармоніі быў дадзены старт Году культуры на Віцебшчыне. Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў, што ў вобласці значныя ўкладанні ў развіццё культуры, яны не спыняліся нават у самыя складаныя перыяды. Невыпадкова Віцебск называюць культурнай сталіцай краіны: штогод у вобласці праводзяцца шматлікія міжнародныя, рэспубліканскія і рэгіянальныя фестывалі, конкурсы, фальклорныя святы, якія карыстаюцца павагай і аўтарытэтам у свеце. Гэтыя традыцыі маюць глыбокія карані ў гісторыі горада і рэгіёна.
“Прыемна, што ў вобласці ёсць патэнцыял у асобах маладых талентаў, якія працягваюць слаўныя традыцыі віцебскай культуры”, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч, уручаючы прэміі абласнога Савета дэпутатаў (па 15 і 20 базавых велічынь) 16 выхаванцам музычных каледжаў і дзіцячых школ мастацтваў Віцебшчыны. Нягледзячы на юны ўзрост, на рахунку лаўрэатаў – шматлікія перамогі ў міжнародных і рэспубліканскіх музычных конкурсах. Прыемна адзначыць, што сярод лаўрэатаў прэміі – выхаванка Шумілінскай ДШМ Марыя Скорынава.
Урачыстую цырымонію адкрыцця Года культуры суправаджаў канцэрт сімфанічнага аркестра, які быў створаны ў Віцебску каля чатырох год таму.
*     *     *
Пасля святочнай цырымоніі прайшло пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, якое правёў начальнік упраўлення Аляксандр Кліцуноў. У рабоце калегіі браў удзел намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў.
Пра работу галіны культуры Віцебскай вобласці і задачы на 2016 год расказала намеснік начальніка ўпраўлення Ларыса Аленская. Сёлетні год для работнікаў культуры асаблівы – гэта год напружанай працы. Год культуры будзе адзначаны разнастайнымі і шматлікімі мерапрыемствамі. Галоўнай падзеяй Года культуры стане XXV Міжнародны фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, пройдуць юбілеі многіх устаноў культуры вобласці і дзеячаў мастацтва, чыё жыццё і творчасць звязана з Падзвіннем.
З дакладам пра вынікі работы кадраў ідэалагічнай вертыкалі і сродкаў масавай інфармацыі выступіў намеснік начальніка ўпраўлення Пётр Гнуценка, які прааналізаваў узровень ідэалагічнай работы і СМІ, вызначыў задачы на 2016 год.
Пра вынікі правядзення Года моладзі расказала загадчык сектара па справах моладзі Ірына Сафейчанка.
“Сітуацыя ў эканоміцы складваецца вельмі няпростая. Звужаецца экспартны рынак, без жорсткай эканоміі і беражлівасці нельга працаваць далей. Таму ідэолагам трэба ісці да людзей і тлумачыць сітуацыю, не імкнуцца яе ўпрыгожыць. Людзі зразумеюць і падтрымаюць нас, калі будуць ведаць праўду, будуць ведаць праблемы, шляхі выхаду з іх. Толькі ў такім выпадку яны будуць адчуваць упэўненасць у будучым, упэўненасць у развіцці кожнага прадпрыемства,  кожнага раёна”, – сказаў Уладзімір Цярэнцьеў, падсумоўваючы вынікі абмеркавання.
На калегіі адбылося ўручэнне прэмій працоўным калектывам, асобным працаўнікам па выніках работы ў 2015 годзе у галіне культуры, а таксама ў ідэалагічнай рабоце. Таксама былі ўручаны граматы і дыпломы абкама прафсаюза работнікаў культуры за лепшую арганізацыю прафсаюзнай работы ва ўстановах культуры.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *