Шумилинский район: История одной деревни

Край шумілінскі

Фёдор Шевцов с жительницами деревни Баёвка

Гадоў перажытых  не сцерці…
(Працяг. Пачатак у №№18, 19)
Сёння ў вёсцы Баёўка чатыры вуліцы. У недалёкім часе, скажам, цяперашняя вуліца Дварышчанская была асобнай вёскай Дворышча. Але часцей згадваюць старажылы менавіта вёску Крыжы (зараз  вуліца Крыжоўская)— ці не з яе тут і пачыналася засяленне людзей. У Баёўцы да ссялення хутароў жыло, па ўсім відаць, чатыры гаспадары — карэнныя баёўцы: Якубоўскія, дзве сям’і Бараноўскіх, Шкулавы. І сядзібы мелі ладныя, надзелы зямлі, таму не цясніліся, не прыціскаліся хаты адна да адной, як было пазней, у пасляваенны час. Да вайны яшчэ справілі пярэбары з вёсачкі-хутара Пузырова Сцяпанавы (ссяліліся, як называлі з  цэнтральнай вуліцы, “на тую вуліцу”, раўналежна іхняй), засталася ва ўспамінах ўжо вёсачка Цішкова, за фермай, у Дворышча прыехалі жыць Сокалавы… Ну, а пасля вайны і наогул “пасыпаліся” сюды сем’і: Тукаевы, Кібісавы, Маліноўскія, Буткевічы…
На пачатку 60-х гадоў у Баёўцы (ва ўсіх чатырох пасяленнях) было амаль 50 двароў. Розныя былі гаспадары: жылістыя і гультаі, куркулі і шчодрыя людзі, майстравыя і няўмекі, спевакі і безгалосыя, п’янтосы і непітушчыя. Многія мужчыны курылі, у жанчын такой моды яшчэ не было, хіба “прасочвалася” яна ў буйныя гарады. Згадваюць сённяшнія курцы, не менш заядлыя, чым іх бацькі і дзяды, як у хаце іхняй вечна стаяў удушлівы смог ад махры. Цяпер, праўда, няма такой павальнай завядзёнкі курыць у ложку, наогул у хаце…
Е. А. Сцяпанаў сцвярджае, што на яго памяці (яму 83-і год) сама Баёўка складалася з кучкі хутароў, а вось вёска Крыжы ўжо была. Жылі тут “Талстовы, Санька” — Цемнікава Аляксандра, якая шыла сукенкі, кофты, была адмысловай краўчыхай. Жыла адна, бліжэй да канца Крыжоў, у бок льнозавода. Тут даўно жылі Лялюгі — Іван і Ефрасіння. Гаспадар рана памёр, і жанчына адна ставіла на ногі трох сыноў (адзін з іх, Анатоль, памёр). Тут жылі Макавецкія, браты і сёстры Казаковы, Быкава Пелагея, Шаўцовы. А вёску адкрываў Мацвей Гурноў, які ці то з’ехаў, ці памёр, а на гэтым месцы калгас паставіў цагляны дом, дзе і цяпер жывуць. Ён і Талстоў былі на ўсю аколіцу пчаляры. Да Талстовых яшчэ ўсе вазілі вэндзіць кумпякі і каўбасы. У іх была свая лазенька, і вяліў дымам ён з розумам, рабіў як сабе. Ні разу не праспаў, не счарніў скаромніну, не сапсаваў. Цераз дарогу некалі стаяла стайня (коней у вёсцы было шмат), затым яна струхлела, у адной бакоўцы і трымалі вупраж, розны інвентар.
Далей стаяла хата Рыгора Іванова, побач жыў будзёнавец, герой Грамадзянскай вайны Мікіта Тарасавіч Шпакаў. Пра яго і ў кнізе “Памяць. Шумілінскі раён” расказана. Праўда, далёка не ўсё. У дзіцячай памяці У. І. Шкулава ён паўстае невысокім, каранастым чалавекам на схіле гадоў, з бародкай “а-ля Калінін”. У яго быў неаспрэчны аўтарытэт — і ў дарослых, і ў дзяцей. Праўда, дзеці паважалі дзеда Мікіту за сваё: ён даваў хлапцам, бывала, закурыць.  Курыў ён “Север” і “Беламор”, садзіўся ў цянёчку так, каб быў ладны ахоп вуліцы, каб і людзі яго бачылі, і ён людзей. Падыдуць да яго мужыкі, сядуць, пабалакаюць. Каля  ног у яго стаяла сметніца, туды акуркі і кідаліся. Дзеці ж высочвалі і кідаліся да гэтай сметніцы, як вераб’і. Ён спачатку ганьбіў “смаркачоў”, а тады выцягваў з пачка папяросу. Дзяўчатам ён запомніўся іншым: з хітрынкай у вачах, гаваркі, ён, аднак, пра свае геройствы ў Грамадзянскую вайну ніколі не расказваў. Рабіў свістулькі. Часцей з ліпы, адрэжа сцізорыкам кавалак галінкі, завострыць адзін канец пад губы, пад свісток, і пачынае пастукваць тронкам па кары, каб хутчэй адскочыла.
Не любіў Мікіта Тарасавіч нядбайства. Асабліва калі ў гаспадара былі не падмазаны колы вазка ці фурманкі. Тады ён выходзіў на дарогу і крычаў: “Вяртайся назад! Не паедзеш, пакуль не змажаш каламаззю!..”.
Жылі па нейкім часе ў Крыжах і цыганы. Хацінка ў іх была нізкая і ўбогая. Помніць У. І. Шкулаў, як хадзілі і цыганяты ў школу, а пасля сям’я з’ехала. На гэтым месцы засяліліся Кібісавы, пазней адзін з сыноў, Віктар, аддзяліўся і пераехаў у саму Баёўку, паставіў хату цераз дарогу ад Маліноўскіх. З ім, дарэчы, здарыўся адзін непрыемны выпадак. Вяртаўся са службы і сустрэў у Шумі-ліне аднапалчаніна. Той быў з Лескавіч. Выпілі і пайшлі па дамах. А мароз тады стаяў люты — можа, за трыццаць градусаў. Вось гэты Віктар Кібісаў, прытаміўшыся, і сеў адпачыць на камень. Якраз ва ўрочышчы Антосеў хутар. Жыў тут некалі Антось Ігнатовіч. Дык вось сеў і прыснуў. Нехта знайшоў, ды было позна: адмерзлі пальцы ног. Маці ўсё бегала па вёсцы, шукала гусінага тлушчу. Можа і знайшла, усё адно пальцы давялося ампутаваць…
Сёння з карэнных крыжоўцаў адна хіба баба Фруза (Ефрасіння Бараноўская) ды Любоў Шаўцова, сям’я якой пераехала з вёскі Лазукі, ад Крыжоў рукой падаць, і жывыя. У астатнім — людзі прыезджыя: ссяляліся бліжэй да люду, да такога аселішча, як Шуміліна.
Мікалай МАРОЗ.
(Працяг будзе).
Надрукавана ў №20 ад 18.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *