АДУКАЦЫЙНЫЯ ЎСТАНОВЫ ШУМІЛІНСКАГА РАЁНА ТРЫМАЮЦЬ ЭКЗАМЕН НА ГАТОЎНАСЦЬ ДА НОВАГА НАВУЧАЛЬНАГА ГОДА

Актуалии Край шумілінскі Образование

АДУКАЦЫЙНЫЯ ЎСТАНОВЫ ШУМІЛІНСКАГА РАЁНА ТРЫМАЮЦЬ ЭКЗАМЕН НА ГАТОЎНАСЦЬ ДА НОВАГА НАВУЧАЛЬНАГА ГОДА

Раённая камісія па праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года да канца гэтага тыдня завершыць сваю работу. А газета працягвае (пачатак глядзіце ў №61 ад 12 жніўня) пісаць рэпартаж, як кажуць, з месца падзей і дзяліцца сваімі ўражаннямі ад убачанага.
Уражанняў багата. Прычым, калі гаварыць непасрэдна пра падрыхтоўку да новага навучальнага года, то ўражанні ў пераважнай большасці добрыя. У якасці яркай ілюстрацыі хочацца “напісаць маслам” Слабадскую школу. Той, хто бываў у Слабадзе і стаяў на ўзгорку ля Дома культуры, бачыў, які цудоўны від адкрываецца на школу (паглядзіце на здымак), як удала яна ўпісваецца ў мясцовы азёрны краявід. Гэтае ўражанне не блякне і пры бліжэйшым і нават самым старанным аглядзе. Тут усё, як хацелася б у ідэале. Так, школе пашчасціла ў свой час на аграгарадкоўскія грошы, прычым грошы больш салідныя, чым ў іншых. Таму тут і знешні выгляд з прыгожым дахам, пластыкавымі вокнамі, вулічным спартыўным гарадком, дарожкамі і лавачкамі, і  ўнутраная дыхтоўнасць з цудоўнай спартыўнай залай. Гэта база, але не толькі і не столькі пра гэта размова, і нават не пра паклееныя і пафарбаваныя школьныя кабінеты (гэта зроблена літаральна ва ўсіх установах). У Слабадской школе ўражвае дасканаласць кожнага куточка, вялікае мноства кветак як звонку, так і ўнутры (сакавітых, свежых, быццам на вуліцы і не было плюс 32), тут вельмі багата насценнай прадукцыі – сучаснай, добра аформленай, дзе прадстаўлена работа школы па ўсіх накірунках. Адным словам, малайцы. І камісія так сказала, нават прадстаўнікі санітарнай службы і энергетыкі не зрабілі па гэтай школе ніякіх заўваг, а такое бывае рэдка. І толькі ў адным не дацягвае Слабада: дзетак малавата. Дырэктар школы А. М. Пузікава паведаміла, што 1 верасня парог школы пераступіць 71 вучань. Плюс у дзіцячым садку 23. Але гэта і да ста не дацягвае, з усімі выцякаючымі для штату наступствамі.
А што ўжо гаварыць беднай Сіроцінскай школе. Былы раённы цэнтр Сіроціна сёння адпраўляе ў школу толькі 13 дзяцей і 8 – у дзіцячы сад. Можа, таму нейкай разгубленасцю і сустрэла камісію школа, і ўрачыстая святочная перадвераснёўская атмасфера тут не адчувалася.
Затое Мішневічы (і школа, і дзіцячы сад) парадавалі. Тут вельмі моцныя калектывы, здольныя паспяхова вырашаць многія пытанні, у тым ліку і гаспадарчыя. Здавалася б, што можа зрабіць жаночы інтэлігенты калектыў з працякаючым дахам. А загадчыца Мішневіцкага садка Т. П. Рабычына знайшла рашэнне і рамонтнікаў знайшла. “А мужыкі рукамі разводзілі”, – заўважыў на гэта старшыня раённай камісіі А. М. Зайцаў.
Вось толькі дзетак у двухпавярховым будынку ўсяго 20.
У Мішневіцкай СШ таксама не “наскрабуць” сотню вучняў. Як не лічылі , але і разам з суравенскімі атрымалася 91. А ўмовы для вучобы выдатныя. Тут таксама прайшоўся са сваімі шчодрасцямі аграгарадок, калектыў жа з усіх сіл стараецца памножыць гэтыя даброты. Чысціня і прыгажосць у школьных кабінетах, на тэрыторыі, дагледжаны агарод, напоўнены зімовымі нарыхтоўкамі склеп. А яшчэ дырэктар школы В. С. Курчанава пахвалілася, што школа зарабіла 18 мільёнаў і за гэтыя грошы купіла прыгожыя крэслы для сталовай. Што тут скажаш? Камісія сказала “выдатна”.
А вось спартыўную залу школе самой “не выцягнуць”, тут патрэбны салідныя грошы.
А пакуль што нямала бюджэтных сродкаў ідзе на іншыя патрэбы. Па ацэнцы  в. а. начальніка групы цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання аддзела адукацыі Аляксандр Гаўрылава, усяго на рамонтныя работы ўстаноў аддзела адукацыі патрачана амаль 500 мільёнаў рублёў. Так, у Добрынскім дзіцячым садзе-пачатковай школе паставілі новы ацяпляльны кацёл, замянілі трубы, рамонт пацягнуў на 33 мільёны з гакам. Дырэктар установы Н. Г. Бегунова дзякавала гаспадарчай групе за работу, а камісія дзякавала ёй і калектыву за выдатную падрыхтоўку да 1 верасня і за квітнеючы аазіс, які знайшоў пастаянную прапіску на школьнай тэрыторыі. Адно засмучае – мала дзетак.
Такая ж праблема і ў Лаўжанскім дзіцячым садзе-пачатковай школе, сёння тут 31 вучань і 6 выхаванцаў у дзіцячым садзе. Школа ўжо прымерала на сябе статус базавай і ад гэтага ёй сумна.
Льнозаводскі дзіцячы сад-пачатковая школа. 6 вучняў і 4 дашкольнікі. 8 работнікаў. Да 1 верасня ўсё пафарбавана. Тэрыторыя блішчыць, агародчык узорна-паказальны.
Дабейскі дзіцячы сад. 6 дзетак, 7 работнікаў. Для дзетак ёсць усе ўмовы. Тэрыторыя дагледжана, а дзякуючы бацькам, гэтым летам тут з’явілася “брыганціна”.
Ляжнёўскі дзіцячы сад. 6 дзетак, 10 работнікаў. Тэрыторыя цудоўная.  У гэтым годзе тут паставілі 56 метраў новай агароджы (за ўласныя грошы заказалі ў мясцовага прадпрымальніка). А побач з квітнеючымі клумбамі нават і фантанчык змайстравалі.
Навікоўская базавая школа. 37 вучняў, 20 работнікаў. Прышкольная тэрыторыя каля пяці гектараў, паўтара гектара ворыва. Адной капусты сотак трыццаць, морквы плантацыя, цыбулі выцягнулі паўтоны. “Гэта робіць нас фінансава незалежнымі” , – усміхаецца дырэктар школы  А. П. Далімаеў. Школа з году ў год забяспечвае гароднінай гарадскія дзіцячыя сады. Прадае райспажыўтаварыству, вязе прадукцыю на кірмашы ў Шуміліна і Віцебск.
А вось райспажыўтаварыства свае абавязкі перад насельніцтвам не выконвае, паскардзіліся настаўнікі, магазін не працуе, за дванаццаць дзён жніўня (мы былі ў Навіках якраз 12 жніўня – аўт.) толькі адзін раз прыехала аўталаўка.
Крывасельскі дзіцячы сад. 12 выхаванцаў, 10 работнікаў. Як і ў Навіках, ад аграгарадка тут застаўся нядрэнны рамонт. Сёлета за бюджэтныя грошы адрамантавалі і кацельню.
Чаму робім акцэнт на колькасці дзяцей і работнікаў? Каб паказаць, што гэтыя навучальныя ўстановы набылі статус неперспектыўных, паказаць, якія выдаткі нясе дзяржава па іх утрыманні? Гэта адзін бок медаля. А што з другога?  Нават самая маленькая школа выконвае ролю культурна-адукацыйнага цэнтра, яна вучыць і выхоўвае не толькі дзяцей. І калі яе закрыць, што будзе з будынкам, з тэрыторыяй, з населеным пунктам?
У Амбросавічах і Язвіне створаны вучэбна-педагагічныя комплексы, гэта значыць аб’яднаны школы і сады. Але як не складвай, дзяцей усё адно мала. У Амбросавічах 53 вучні і 11 выхаванцаў дзіцячага сада, У Язвіне 33 школьнікі і 14 дзетсадаўцаў. Да Язвіна аграгарадкі не дайшлі, таму ўстановы выглядаюць сціпла, тым не менш тут добра падрыхтаваліся на навучальнага года. Зрабілі пасільны рамонт, вырасцілі выдатны ўраджай гародніны – хопіць сабе і на продаж. А ў дзіцячым садку паставілі новую агароджу (Свеласельскі сельскі Савет выдзеліў)
Аб’яднанне са школай чакае і Башнёўскія дзіцячы сад. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні раённай камісіі в. а. абавязкі начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч падчас праверкі гэтых устаноў. Гэта перспектыва не надта ўзрадавала дырэктара школы В. П. Зянькова, які ўвесь час  удасканальвае і без таго адметную тэрыторыю з рэдкімі дрэвамі, прафесійнымі дызайнерскімі ландшафтнымі рашэннямі. “Такое ёсць толькі ў Англіі і ў Башнёўскай школе”, – жартуе дырэктар, паказваючы камісіі  новую ландшафтную кампазіцыю.
Аліна ПЯТРОВА.
(Заканчэнне будзе)
Надрукавана ў №62 ад 15.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *