АПК района работает по программе «Витагро»

Сельское хозяйство Экономика

Па праграме “Вітагра”
Распрацавана і зацверджана Праграма развіцця сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады “Вітагра”.
У аграпрамысловым комплексе вырашаны далёка не ўсе праблемы. Толькі добрыя эканамічныя паказчыкі, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, акупнасць інвестыцый дазволяць дабіцца добрых вынікаў гаспадарання. Асноўныя мэты Праграмы – вывядзенне аграрнай галіны Віцебскай вобласці на прынцыпы самафінансавання. Гэта патрабуе ад прадпрыемстваў АПК інтэнсіўнага развіцця.
У галіне жывёлагадоўлі галоўным з’яўляецца забеспячэнне ўнутранага рынку прадуктамі харчавання, а таксама нарошчванне іх экспартных паставак. З гэтай мэтай у вобласці намячаецца за 2011-2015 гады пабудаваць 102 фермы і правесці рэканструкцыю і мадэрнізацыю 111 малочнатаварных фермаў. Стаіць задача атрымаць у 2015 годзе ад каровы ў сельскагаспадарчых арганізацыях 6487 кілаграмаў малака.
У раслінаводстве  – ўвага развіццю селекцыі і насенняводства зерневых і зернебабовых культур, што гарантуе да 2015 года атрымаць у вобласці 2,5 мільёна тон зерня. Калі ў нашым раёне ў 2012 годзе  на плошчы 17,4 тысячы гектараў пастаўлена задача атрымаць 73,1 тысячы тон зерневых і зернебабовых, то ў 2013 годзе – 75 тысяч тон. Накірунак на інтэнсіфікацыю ўзяты і па вырошчванні бульбы, рапсу, лёну, кукурузы, шматгадовых траў.
Каб атрымліваць важкія ўраджаі, трэба мець сучасныя пасяўныя агрэгаты, сеялкі, трактары. У Праграме зроблены разлік патрэбнасці тэхнікі на бліжэйшыя пяць гадоў. Напрыклад, наш раён атрымае сёлета 17 зернеўборачных камбайнаў, 9 – кормаўборачных, 8 пагрузчыкаў, 4 камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты. Паступяць у гаспадаркі і новыя трактары, касілкі, прычэпы, аўтамабілі, прэс-падборшчыкі.
Праграма “Вітагра” тычыцца і развіцця сацыяльнай сферы – у вобласці будуць пераўтвораны  37 сельскіх населеных пунктаў у добраўпарадкаваныя пасёлкі з развіццём жыллёва-камунальнай і культурна-бытавой інфраструктуры.
Для выканання прадугледжаных у Праграме мерапрыемстваў сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскагаспадарчых арганізацый вобласці ў 2011-2015 гадах неабходна 32,9 трыльёна рублёў (у цэнах 2010 года).
Падрыхтавала Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №20 ад 18.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *