Станция Шумилино – новое оборудование повысит безопасность движения на железной дороге

Актуалии Экономика

Старое і аджылае адпраўляем на звалку
Час дыктуе свае законы, свае патрабаванні. Яны закліканы служыць паляпшэнню дабрабыту чалавека, бяспецы яго жыцця. Як вось на чыгуначным транспарце. Начальнік  станцыі Шуміліна А. У. Атрошчанка падзяліўся навінкамі: да іх завезлі і пачалі мантаж сучаснага чэшскага абсталявання. Яно знайшло “прыпіску” на плошчах былога магазіна, што месціўся ў сценах вакзала. Па-новаму будзе мець выгляд і сама дыспетчарская, дзе замест грувасткага і “дзедаўскага” пульта кіравання (яму, дарэчы, неўзабаве будзе 40 гадоў) прыйдзе камп’ютар.
Укараненне новага абсталявання на маршруце следавання Віцебск-Полацк пачалі са станцыі Княжыца, увялі яго ў работу ў Старым Сяле, заканчваюць мантаж на станцыі Язвіна. Пасля таго, як закончаць работы ў Шуміліне, мадэрнізацыя прыйдзе і на іншыя станцыі ў накірунку Полацка.
— Усё робіцца для бяспекі руху, — тлумачыць А. У. Атрошчанка. — Імпартнае абсталяванне каштуе вялікіх грошай, але кіраўніцтва чыгункі свядома пайшло на гэта. Тут важна не тое, ці хутка яно акупіцца, галоўнае, каб дамагчыся максімальнай бяспекі на чыгунцы. Праз нашу станцыю за змену праходзіць 30 пасажырскіх і таварных цягнікоў. І паток павялічваецца…
Дададзім: усе службовыя перамовы дыспетчары станцыі Шуміліна вядуць сёння з Мінскам, з цэнтрам кіравання. Між тым, гады два назад служба была “завязана” на абласным цэнтры. Гэта акалічнасць патрабуе ад дыспетчарскай службы выключнай уважлівасці і дысцыпліны. З прыходам жа мадэрнай тэхнікі прыбудзе клопатаў механіку С. У. Сокалаву. Хаця, як патлумачыў Сяргей Уладзіміравіч, гэта прыемныя клопаты: навінка дазволіць  бездакорна і безаварыйна кіраваць цягнікамі.
Паралельна з мантажом абсталявання вядзецца замена чыгуначных рэек. Замест старых, даўжынёй 25 метраў, прыйшлі рэйкі, якія без стыкаў доўжацца на кіламетр і нават больш. Гэта навінка дазволіць зменшыць колькасць розных скрыначак, іншага абсталявання на саміх пуцях, палегчыць работу пуцейцаў. Акрамя гэтага, больш плаўным будзе ход самога цягніка, а значыць, прыбудзе камфорту пасажырам.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №12 ад 15.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *