Итоги Дня работы с населением подвели в Мишневичском сельсовете

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Трэба падцягнуць сельскагаспадарчыя аб’екты

На мінулым тыдні былі падведзены вынікі Дня работы з насельніцтвам у Мішневіцкім сельсавеце. Дарэчы, мерапрыемствы занялі амаль цэлы тыдзень, на працягу якога спецыяльныя групы правялі сходы жыхароў населеных пунктаў, даведаліся пра праблемы і просьбы вяскоўцаў, давялі патрабаванні раённых уладаў і асобных службаў па навядзенні парадку на падворках і на вуліцах вёсак, правялі прафілактычную работу па пажарнай бяспецы і правапарадку, іншых пытаннях. Было праведзена пашыранае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку сельсавета.
У апошні дзень  прайшлі асабістыя прыёмы грамадзян кіраўніцтвам райвыканкама, адбыўся аб’езд вытворчых і сацыяльных аб’ектаў аграгарадка Мішневічы і падвядзенне вынікаў работы.
На прыём да старшыні райвыканкама А. І. Снарава прыйшла жыхарка Мішневіч і папрасіла вырашыць пытанне з кормам для двух асабістых рагуль. Маўляў, раней частку корму бралі на ферме, дзе жанчына працавала разам з мужам, а цяпер саўгасны сянаж не даюць, а назапашанага сена не хопіць. Кіраўнік раёна папрасіў дырэктара КУСГП “Мішневічы” дапамагчы гаспадыні, але адразу папярэдзіў, што дармавога корму не будзе – трэба заплаціць за фураж.
Падчас аб’езду ўзорным парадкам сустрэў пажарны аварыйна-выратавальны пост раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Адбылася сур’ёзная размова пра неабходнасць узмацнення прафілактычнай работы, бо сельсавет апошнія гады захоўвае ганебнае лідарства і па колькасці пажараў, і па гібелі людзей у іх.
Таксама парадак назіраўся на тэрыторыі Мішневіцкага лясніцтва, дзіцячага садка, урачэбнай амбулаторыі. Зрухі да лепшага адбыліся і на фермах, якія наведалі падчас аб’езду яго ўдзельнікі: прыбрана, замацаваны яловыя галінкі, корму дастаткова, жывёла расстаўлена ў адпаведнасці з заатэхнічнымі і ветэрынарнымі нормамі, ёсць шыльды з указаннем рацыёну і нормы канцэнтратаў для кожнай каровы.
Істотныя заўвагі былі выказаны кіраўніком раёна ў адрас інжынернай службы райсельгасхарчу і гаспадаркі: на мехдвары няма тэхнікі, яна стаіць па дамах механізатараў, адсутнічаюць нармальныя ўмовы для работы і адпачынку механізатараў.
Менавіта гэтыя недахопы адзначыў падчас падвядзення вынікаў А. І. Снараў, запатрабаваўшы падцягнуць да ўзроўню астатніх арганізацый і прадпрыемстваў сельскагаспадарчыя вытворчыя аб’екты. З парадку на фермах, мехдварах і дысцыпліны пачынаецца вытворчасць. Без гэтага немагчыма забяспечыць не тое што развіццё прадпрыемства, а і наогул яго захаванне, падкрэсліў кіраўнік раёна.
Старшыня сельвыканкама Г. У. Зязюлька падала характарыстыку савета: сельсавет няпросты – адзін з буйнейшых у раёне па плошчы,  адзін з самых маланаселеных. Тут штогод значна скарачаецца насельніцтва, асабліва працаздольнае, асноўная прычына – міграцыя. Няма працоўных месцаў, няма прыстойных заробкаў, шмат непрацуючых грамадзян ці тых, хто выязджае на працу ў іншыя рэгіёны Беларусі, у Расію. А з другога боку, Мішневіцкі і Казьянскі край – адзін з самых прыгожых і багатых на прыродныя дары. Магчыма, у гэтым багацці і крыецца патэнцыял для развіцця тэрыторыі, але патрэбны інвестары.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава дадала, што акрамя аб’ектыўных цяжкасцяў, у сельсавеце ёсць недапрацоўкі: шмат пустуючых і лядашчых дамоў, якія зносяцца нізкімі тэмпамі, шмат сацыякультурных і вытворчых аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. Ірына Мікалаеўна адзначыла, што ў савеце захоўваецца спакойная абстаноўка, людзі з разуменнем ставяцца да аб’ектыўных эканамічных цяжкасцяў. У ходзе сходаў і прыёму грамадзяне ўзнялі 14 пытанняў, з якіх 5 удалося вырашыць аператыўна. Шэраг пытанняў пакуль застаўся. Так, неабходна рашыць пытанне з медыцынскім і аптэчным абслугоўваннем жыхароў аддаленых вёсак. Некалькі пытанняў тычыліся рамонту дарог і высечкі аварыйных дрэў і хмызняку. Шмат крытыкі было выказана ў адрас райспажыўтаварыства па асартыменце і кошце тавараў, па аўтамагазінах, якія прыходзяць у канцавыя кропкі без неабходных тавараў. Гэтыя пытанні адрасаваны адпаведным арганізацыям і пастаўлены на кантроль.
У сакавіку работа ў такой жа форме будзе весціся з жыхарамі вёсак у Дабейскім сельсавеце.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №15 ад 23.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *