Проект “Отцы и дети”: семья Костюков из Шумилино

Семья

“Вучылі жыць па праўдзе, не прымаць хамства і насілля…”
У гэтай сям’і адметная думка, у нечым, магчыма, і небясспрэчная. Тут не баяцца, што з публікацыяй неяк пахіснецца іх аўтарытэт і імідж ідэальнай сям’і, хаця такой у жыцці не бывае. Усё гэта падкупляе, схіляе да шчырай і нязмушанай гаворкі.
Размову вядзём пра сям’ю Касцюкоў з Шуміліна. Гаспадар, Іван Адольфавіч, чалавек паважны і стрыманы, здаецца, такі ніколі не павысіць голасу не толькі на дзяцей, а і ўвогуле ў жыцці. Вера Мікалаеўна, гаспадыня — іншая: энергічная, у нечым імпульсіўная, гаваркая. Ён жа — такое ўражанне — гаварыць дужа і не любіць. Хутчэй за ўсё, такія розныя па натуры і тэмпераменце людзі дапаўняюць адно аднаго, у такіх і сем’і трывалыя, надзейныя.
З гаворкі, якая доўжылася дзве гадзіны, вынікла: Іван Адольфавіч — апора. Ва ўсім у сям’і — і ў выхаванні, і тады, калі нешта не склейвалася. Вера Мікалаеўна прызналася: бывала, наспявала непаразуменне ці нечы капрыз (і такое было), і тады ў рашаючы бой уступаў Іван Адольфавіч. Ён размаўляў з адным, другім, трэцім, шукаў важкія аргументы, каб не збочыць з абранай сцяжыны, каб “зляпіць” тое, што хочацца. Наогул, у яго неацэнны дар пераконваць. Гэта, мусіць, ад настаўніка, можа, нават ад таго далёкага юнака з 70-х, які раптам настаўнікам захацеў стаць. “Раптам”, бо спачатку “гарэў” лётным вучылішчам, хацелася пакарыць неба, а пасля “прызямліўся”. Дапамог выпадак: у Гродзенскі педінстытут паступалі дзве яго аднакласніцы. А чаму фізмат? Бо “прыкіпеў” да матэматыкі з пачатковых класаў. Хаця не менш любіў і гісторыю.
Да слова кажучы, меншы ў сям’і, Ілья, рашыў усё-такі спраўдзіць бацькавы юначыя мары. Хаця не пра гэта думаў, калі падаваў дакументы на гістарычны ў БДУ. Прызнаўся: у сярэдніх класах гісторыя “кульгала”, прасіў матулю, каб дапамагала. Затым прыйшоў час, калі адчуў: гісторыя заваблівае і палоніць. Сёння, з вышыні студэнта-першакурсніка, ён прызнаецца: “Кожны дапытлівы чалавек — сам па сабе гісторык. Калі, вядома, цікавіцца тым, адкуль што бярэцца”.  Ён шмат чытаў, і тых кніг, якія засталіся  ў старэйшага, Дзмітрыя. З тым, першым у сям’і, працавала больш матуля. На той час Іван Адольфавіч быў дырэктарам Полцеўскай васьмігодкі, яна працавала тут, у сваёй роднай вёсцы, выкладчыцай хіміі і біялогіі. Ёй хацелася бачыць свайго першынца чалавекам адукаваным і начытаным. Брала ў бібліятэцы кнігі, сама шмат чытала і прывучала да гэтага сына.
А пасля нарадзілася дачка Каця, і Вера Мікалаеўна заўважыла, што Дзіма не можа, бегаючы, дагнаць яе, хаця старэйшы амаль на тры гады. Тады да яе і прыйшло сумненне: а мо яна памыляецца, усё ж — хлапчук, яму трэба быць фізічна загартаваным. І ўзяліся бегаць па стадыёне (на той час сям’я пераехала ў Шуміліна). Маці з сынам — па шэсць кругоў. Вось так — праз любоў да кнігі і праз  спорт — гартаваўся старэйшы, а разам з ім трымала сябе ў тонусе і сама Вера Мікалаеўна. Не быў староннім сузіральнікам і Іван Адольфавіч: дзеці з ім на прагулках, чытаюць вершы, забаўляюцца.
Кацярыну з малых гадоў матуля ўзялася загартоўваць. Начыталася пра гэта кніжак, выбрала сваю сістэму. Басанож па расе, халодная вада, плаванне ў сажалцы побач з домам у Полцеве, куды прыязджалі, а пазней і заплывы ў самой Дзвіне.  Плаванне было за татам. Вера Мікалаеўна да глыбокай восені пакідала спаць маленькую Кацю ў халодным калідоры. Убачыла аднойчы гэта медсястра і жахнулася: не шкадуеце ж дзіця! Але гаспадыня была няўмольнай: вясной зноў вярнулася да сваёй сістэмы. Хопіць таго, што папесціла Дзімку бабуля! І вось вам плён намаганняў: Каця ў першы раз захварэла ў адзінаццаць гадоў.
Членам сям’і, вобразна кажучы, стаў для Касцюкоў веласіпед. Спачатку яго купілі Івану Адольфавічу — да юбілею, потым набыла веласіпед Вера Мікалаеўна, затым прыйшоў ён і да дзяцей. Ездзіла Каця, неўзабаве кампанію склаў і меншы, Ілья. Раней узнікаў і азарт, маглі пайсці ў заклад — хто хутчэй прыедзе ў Полцева (а да вёскі амаль 19 кіламетраў). Перамог Ілья, які асільваў дарогу за гадзіну. Матуля магла круціць педалі раней і больш жвава, сёння — гады, трэба трохі асцерагчыся. Ды і няма галоўнага “раздражняльніка” — ён студэнт, ён у Мінску. І яны едуць удвух з мужам, як кажуць, па-старыкоўску. Бо трэба, бо ўцягнуліся, бо веласіпед для іх так і застаўся добрым і надзейным сябрам. Тым жа членам сям’і.
Іван Адольфавіч даўно адарваўся ад радзімай Гродзеншчыны. Як сарваўся пасля школы, то бывае  там наездамі. Нічога не папішаш — так склалася жыццё. Але пра радзіму ніколі не забывае, прыязджае да бацькоў. І на могілкі да продкаў ідзе, не забываецца на старыя клады, на каталіцкія могілкі, дзе знайшлі апошні прытулак яго дзяды і прадзеды. Ягоны далёкі род, па ўсім відаць, быў са шляхты, прадзед меў сваю брычку ці нават карэту, былі, магчыма, і выязныя коні. Можа, калі і “хварэлі” трохі на фанабэрыю, але Вера Мікалаеўна ўсё ж адзначае ў раду Касцюкоў перш за ўсё інтэлігентнасць. Нягледзячы на тое, што мужавы бацькі былі калгаснікамі.
Дзмітрый спакойны, негаваркі. Як і тата, які і рашыў, што старэйшы пойдзе па яго сцяжыне. Не настаўнікам — у міліцыю. Неяк на канікулах, калі ў юнака яшчэ не выспела рашэнне, кім быць, бацька павёз яго ў Мінск у Акадэмію МУС. Каб паглядзеў, каб пераканаўся: лепшага юнаку і не трэба. Той згадзіўся, хаця трэба было падцягнуць англійскую мову. Cам Дзіма сядзеў крукам (а рэпеціравала з ім Ала Аляксееўна Смірнова) і здаў ўступны экзамен на выдатна. Сёння ён — старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. Згадваючы сваё дзяцінства, прызнаецца: “Нас з Кацяй ніхто не пытаўся — хочам ці не, пасвілі кароў, збіралі траву свінням, для нас поле, для нас сена, гэта вечнае “трэба”. Мы былі пад дыктатам”. Мама парыруе: “І нас ніхто не пытаўся. У бацькоў быў гектар зямлі, усе цягнуліся на нітку. Калі б на сённяшні розум…”
Ілью пашанцавала: прыйшла дэмакратыя. Ён і па характары недзе паміж двума старэйшымі. Разважлівы, памяркоўны, у яго ёсць грамадзянская пазіцыя. А гэта важна. Мінск павінен яшчэ больш надаць не толькі сталасці, а і адметнасці ў яго жыццёвым крэда. Сваё яно і ў Кацярыны. Быць карыснай сваёй сям’і, людзям, краіне. Не склалася ў яе стаць выкладчыцай замежных моў — не паступіла. “Яно і добра, — дзеліцца яна. — Затое стала той, кім стала. Сказала тату: хачу быць такой, як ты, хачу пайсці ў міліцыю. Ён пярэчыў, а я настаяла: “Тата, дай паспрабаваць. Закончыла каледж, а пасля ўніверсітэт. І не каюся…”
— Чалавек павінен жыць па праўдзе, — падводзіць рысу ў гаворцы Іван Адольфавіч. — Не павінен прымаць хамства і насілля. У кожнага свая праўда, але ісціна адна. Кожны з нас мае права на сваю думку. І я даваў дзецям выгаварыцца, хаця самім часта было няўтульна ад такіх прызнанняў…
Да гэтых жыццёвых пастулатаў Іван Адольфавіч і Вера Мікалаеўна ішлі доўга. Нават да таго яшчэ, як стаць адной сям’ёй. Усяго было за тыя больш як трыццаць гадоў, што разам. Іван Адольфавіч даўно і, відаць, беспаваротна курыць. Аднойчы з Дзімам пайшлі аб заклад: калі па заканчэнні Акадэміі юнак не закурыць — кіне і ён сам. Юнак не закурыў, і бацька папрасіў вярнуць слова афіцэра, якое некалі даў сыну. Памылялася ў нечым і Вера Мікалаеўна. Без памылак не пражывеш, галоўнае, што дзеці выраслі такімі, якімі хацелася бацькам: патрыётамі Радзімы, людзьмі, для якіх сумленне і гонар — не проста словы.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №21 ад 22.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *