Инна Синкевич предлагает птицей-символом Шумилино назвать жаворонка полевого

Актуалии Общество Экология

«Разам дзеля прыроды і птушак»
Сёлета Шумілінскае раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) адзначае дзесяцігадовы юбілей. Важкая дата, калі можна падвесці вынікі таго, што было зроблена арганізацыяй за час існавання. Пра гэта, а таксама пра сённяшні дзень і планы на будучае размаўляем  са старшынёй савета  раённага аддзялення ГА АПБ Інай Уладзіміраўнай СІНКЕВІЧ.
– Іна Уладзіміраўна, успомніце, як на Шуміліншчыне з’явілася экалагічная грамадская арганізацыя?
– Знакавым стаў семінар па праекце “Назіранне за рэкамі”, які прайшоў вясною 2006 года ў Башнёўскай школе. Прэзентавалі праект знакаміты арнітолаг і на той час старшыня арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Уладзімір Іваноўскі,  актывісты арганізацыі  Наталля Парэчына і Руслан Шайкін. Менавіта гэтыя людзі змаглі зацікавіць назіраннямі за птушкамі не толькі настаўнікаў біялогіі, а і простых людзей,  школьнікаў. У 2006 годзе ў пяці  школах раёна ўтварыліся клубы “Крылаты дазор”.  На момант рэгістрацыі аддзяленне налічвала  22 дарослых сяброў і 127 дзяцей, з якіх 105 былі ў клубах “Крылаты дазор”.
– Адной з першых масавых акцый раённага аддзялення былі “Салаўіныя вечары з АПБ”. Раскажыце пра іх падрабязней.
– Сапраўды, мы нават не маглі разлічваць, што акцыя стане такой папулярнай у насельніцтва. У маі 2007 года слухалі і падлічвалі салаўёў 250 чалавек у 18 населеных пунктах раёна. За вечар было налічана каля адной тысячы салаўёў. Па выніках падліку Шуміліна адно з першых у Беларусі атрымала сертыфікат “Салаўінага гарадка”. Не менш масавымі былі “Салаўіныя вечары з АПБ” і ў 2008 годзе. Сёлета плануем іх аднавіць.
– Зараз ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, назіраецца новая  тэндэнцыя: населены пункт выбірае сваю птушку-сімвал. Гэта  прыцягвае ў рэгіён экатурыстаў, аматараў прыроды і фатографаў дзікай прыроды. Ці атрымае Шуміліна сваю птушку-сімвал?
–  У Беларусі  сваю птушку-сімвал выбралі Слуцк (салаўя) і Міёры (жураўля). Спадзяюся, што на справаздачнай канферэнцыі раённага аддзялення АПБ, якая пройдзе 2 красавіка, будзе абраны спіс птушак, якія могуць стаць  сімваламі  Шуміліна. Арнітолагі з АПБ прапанавалі нам наступных птушак:  жаўрук палявы,  сеўка залацістая, сокал-дрымлюк, арол-маркут і гогаль звычайны. Асабіста я за  палявога жаўрука. Справа ў тым, што ў Шуміліне традыцыйна ладзіцца фальклорнае экалагічнае свята “Саракі прыйшлі – вясну прынеслі”. Ну, а сімвал вясны – жаўрук.
Кожны жыхар нашага раёна можа выказацца наконт птушкі-сімвала, вашы прапановы чакаюць у Цэнтры дзяцей і моладзі, у раённым аддзяленні АПБ.
– Якія яшчэ праекты і  найбольш важкія мерапрыемствы ажыццяўляла аддзяленне?
– Дзякуючы праектам “Назіранне за рэкамі”, “Зялёныя школы” і  “Дзікі квадрат”, у многіх школах раёна  з’явіліся добрая даведачная літаратура, лабараторыі для аналізу вады, біноклі, якія прадаставіла АПБ.
Жыхары нашага раёна прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскіх кампаніях “Маркі выратуюць альбатросаў”, “Беларусь супраць выстралаў вясной”.
Традыцыйнымі сталі ў нас зімовыя і восеньскія падлікі птушак, кампанія “Жывая вясна”, акцыя “Птушкі на кармушцы”, “Тыдзень птушак”. Штогод мы актыўна ўдзельнічаем ва ўсіх мерапрыемствах у рамках кампаніі “Птушка года”.
З 2006 па 2011 гады на базе Обальскай СШ ладзіліся адукацыйныя летнікі для школьнікаў і семінары для педагогаў. Запомнілася двухдзённая экспедыцыя школьнікаў на чале з Уладзімірам Іваноўскім і Аркадзем Скуратовічам на Обальскае балота, сплаў па рацэ Обаль для педагогаў пад дэвізам “За птушкамі – на катамаранах”.
Сябры раённага аддзялення двойчы прынялі ўдзел у валанцёрскіх лагерах на тэрыторыі Рамсарскага ўгоддзя “Балота “Ельня”.
Дзякуючы актывістам аддзялення, у рамках мясцовага праекта “Векавыя дрэвы Шуміліншчыны” пяць унікальных дрэў атрымалі статус батанічнага помніка прыроды.
Раённая арганізацыя АПБ пачала ўшчыльную супрацоўнічаць з раённай ветэранскай арганізацыяй, для ветэранаў ладзіліся круглыя экалагічныя сталы, экскурсіі на Обальскае балота, у Лескавічы. Як вынік, 19 ветэранаў сталі сябрамі АПБ.
Важна тое, што за час існавання раённага аддзялення сябрамі арганізацыі былі каля ста дарослых і больш чым дзвесце школьнікаў. І цяпер для кожнага з іх экалагічная свядомасць, праблемы экалогіі – не проста словы.
– Якія планы на будучыню, якія новыя праекты ад АПБ чакаюцца ў нашым раёне?
– З гэтага года ў раёне стартавала праграма АПБ “Захавальнікі тэрыторый, важных для птушак (ТВП)” Зразумела, што Казьянскі заказнік, які знаходзіцца на тэрыторыі  Мішневіцкага  сельсавета, надзвычай важны для птушак. Каардынатар сеткі захавальнікаў ТВП Вольга Лукшыц  удзельнічала ў сходзе вяскоўцаў у аграгарадку Мішневічы. Мясцовыя жыхары з разуменнем аднесліся да экалагічнай ініцыятывы, некаторыя з іх гатовы стаць захавальнікамі. У бліжэйшы час для жыхароў Казьяншчыны будзе арганізаваны семінар. Як паказвае практыка ў іншых раёнах, з кожным новым семінарам павялічваецца колькасць жадаючых удзельнічаць у праекце.
– Дзякуй за размову. І дазвольце павіншаваць вас з тым, што Шумілінскае раённае аддзяленне АПБ па выніках работы за 2015 год заняло  другое месца ў рэспубліцы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №21 ад 15.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *