Выездное совещание в Шумилинском районе: вопросы сельхозпроизводства и благоустройства тесно связаны

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Каб навесці парадак, вялікіх намаганняў не трэба
У панядзелак 21 сакавіка адбыўся семінар-нарада з кіраўнікамі і спецыялістамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна па пытаннях жывёлагадоўлі і падрыхтоўкі да пасяўной, якую правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Снараў. У рабоце нарады бралі ўдзел першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама У. А. Машэра, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, прадпрыемстваў раёна.

Удзельнікі нарады наведалі шэраг вытворчых аб’ектаў КУСГП “Мішневічы”, “Сіроцінскі”, ААТ “Прыазёрны мір”.
Пачаўся семінар на ферме Заўсыска КУСГП “Мішневічы”, якая сустрэла чысцінёй і парадкам. Удзельнікам семінара былі прадэманстраваны  арганізацыя работы з дойным статкам, утрыманне цёлак, прафілакторый-плёначнік для нованароджаных цялят.
У. А. Машэра звярнуў увагу спецыялістаў жывёлагадоўлі на патрабаванні аб абавязковым выпойванні цялят малодзівам праз дрэнчар у першыя часы пасля нараджэння, выкарыстанне стартавага камбікорму, утрыманне цялят у індывідуальных клетках на саламянай падсцілцы – гэта стымулюе імунную сістэму, стрымлівае інфекцыі і павышае захаванасць маладняку.
Мехдвор гаспадаркі сустрэў зачыненымі варотамі, новай агароджай, выстраенай пад лінейку тэхнікай, пабудаваным у арачніку памяшканнем для дыспетчарскай. Усё зроблена ў кароткі тэрмін.
Кіраўнік раёна заўважыў, што на падрыхтоўку тэхнікі з бюджэту раёна выдаткавалі 700 мільёнаў рублёў, грошы атрымалі ўсе гаспадаркі, цяпер іх трэба выкарыстаць максімальна эфектыўна і паказаць вынікі. Аляксандр Іванавіч запатрабаваў неадкладна завяршыць рамонт пасяўных агрэгатаў і трактароў, асабліва энерганасычаных. Ужо на наступным тыдні метэаролагі абяцаюць устойлівыя “плюсавыя” тэмпературы, а значыць пачнецца падкормка азімых з дапамогай агрэгатаў “Раса” і “Дзвіна”, ворыва глебы, іншыя веснавыя работы.
На ферме Мосарава КУСГП “Сіроцінскі” ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з падрыхтоўкай да пашавага ўтрымання малочнага статку: былі паказаны перасоўныя даільныя ўстаноўкі, паілкі, домік для пастухоў.
Завяршыўся семінар у ААТ “Прыазёрны мір”. Але тут было істотна больш заўваг: на ферме Непароты прадстаўнік абласнога камітэта выказаў заўвагі па вядзенні дакументацыі, па ўтрыманні цялят у цёмным памяшканні, указаў на іншыя недахопы.
На мехдвары ў Амбросавічах заўвагі выказаў старшыня райвыканкама, які адзначыў істотную работу па арганізацыі цэнтральнай майстэрні, але двух месяцаў не хапіла, каб давесці да ладу будынак дыспетчарскай, устанавіць агароджу вакол мехдвара.
На пасяджэнні ў мясцовым Доме культуры з аналізам работы сельскагаспадарчай галіны выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В. Ц. Мянькоў. Васіль Цімафеевіч адзначыў як станоўчую работу асобных гаспадарак раёна па захаванні пагалоўя жывёлы, вытворчасці малака, павелічэння пагалоўя, так і недахопы ў рабоце. Недастатковыя меры прымаюцца па захаванні жывёлы, некаторыя гаспадаркі павялічылі забой, толькі 27,9% малака прададзена сортам “экстра”, ва ўсіх недахоп бялковых кармоў. Трэба ўсе намаганні прыкласці на паляпшэнне якасці малака – прадаючы яго першым сортам, гаспадаркі губляюць больш за мільён рублёў на кожнай тоне.
Каб выправіць становішча, у гаспадарках ужо падсеяна 2 тысячы га шматгадовых траў, плануецца пасеяць 5 тысяч га. Для лепшай захаванасці кармоў будуць пабудаваны 5 сянажных траншэй.
Выступленне У. А. Машэры было ў асноўным пабудавана на крытычных заўвагах і недахопах, якія ёсць у гаспадарках раёна ў жывёлагадоўлі, у падрыхтоўцы да веснавых палявых работ.
Як было адзначана пры падвядзенні вынікаў семінара, паказалі, што трэба рабіць. Хто хацеў убачыць, той убачыў. Галоўнае, каб стала больш парадку і дысцыпліны – гэта залог вытворчасці прадукцыі, а значыць фінансавага дабрабыту гаспадарак.
*     *     *
Адначасова былі падведзены вынікі Дня работы з насельніцтвам у Дабейскім сельсавеце. Удзельнікі аб’езда акрамя вытворчых аб’ектаў наведалі сацыяльныя аб’екты ў аграгарадку Амбросавічы: краму, ДАЦ “Дружба”, дзіцячы сад-сярэднюю школу і сацыяльна-культурны комплекс.
Вялікае ўражанне ўдзельнікі нарады атрымалі ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Дружба” УП “Віцебскаблгаз”. Многія тут былі ўпершыню і з цікаўнасцю аглядалі шматлікія скульптуры, кампазіцыі, зробленыя для афармлення тэрыторыі газавікамі Віцебшчыны. Начальнік Шумілінскага раёна газазабеспячэння С. А. Дзмітрыенка, які праводзіў экскурсію, расказаў, што тэрыторыю лагера плошчай 18,5 га даглядаюць усяго некалькі чалавек. Добраўпарадкаванне тэрыторыі аздараўленчага цэнтра ідзе пастаянна, штогод дадаюцца новыя элементы дэкаратыўнага і ландшафтнага афармлення.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава заўважыла, што гэты аб’ект з’яўляецца эталонам добраўпарадкавання, штогод займае прызавыя месцы ў рэспубліканскім конкурсе. Прычым усе работы, уключаючы вырошчванне расады кветак, якая штогод высаджваецца ў лагеры, каля адміністрацыйных і вытворчых аб’ектаў газавай службы, робяцца сіламі калектыву. Гэта ўзор таго, як трэба адзін раз навесці парадак і прыгажосць, а потым падтрымліваць яго з невялікімі намаганнямі.
У зале Амбросавіцкага Дома культуры адбылося падвядзенне вынікаў работы з насельніцтвам. Старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Г. У. Зязюлька расказала пра выкананне крытычных заўваг і зваротаў грамадзян падчас Дня інфармавання ў Мішневіцкім сельсавеце: большасць пытанняў былі вырашаны аператыўна, на кантроль было вынесена шэсць пытанняў, з якіх тры ўжо вырашаны, астатнія патрабуюць пэўнага часу.
Пра Дзень работы з насельніцтвам ў Дабейскім сельсавеце паведаміў выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама А. В. Аляксеенка. Тыповы сельсавет плошчай 14624 га, у якім налічваецца 29 населеных пунктаў, 609 двароў, 1247 чалавек жыхароў, больш за палову ўсіх жыхароў  пражывае ў чатырох вёсках. Сустрэчы з вяскоўцамі прайшлі ва ўсіх вёсках, быў праведзены Дзень прафілактыкі з правапарушальнікамі і прыхільнікамі “зялёнага змея”. На вясковых сходах жыхарамі сельсавета было зададзена 18 пытанняў, 7 з якіх ужо вырашаны, 11 застаюцца на кантролі. Былі заслуханы кіраўнікі УП ЖКГ І. К. Штуро і ААТ “Прыазёрны мір” В. В. Багатка, якія паведамілі пра тэрміны выканання кантрольных пытанняў.
Было вызначана, што наступны Дзень работы з насельніцтвам пройдзе ў Каўлякоўскім сельсавеце.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №24 ад 25.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *