“Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы…” — у памяць пра Ніла Гілевіча

Духоўнае

“Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы…”
29 сакавіка на 85-ым годзе пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.
У літаратуры Ніл Гілевіч правёў 70 гадоў – першыя яго вершы з’явіліся ў друку ў 1946-м.
Любоў да роднага краю – вызначальная характарыстыка паэзіі Гілевіча. Яго паэзія спеўная, агульназразумелая, якую не трэба расшыфроўваць. Радкі Гілевіча – і хрэстаматыйныя:
Мы – тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы – дзеці роднае сям’і,
I – дзеці Маці-Беларусі,
I – дзеці Матухны-Зямлі.
І ўжо народныя:
Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы,
Калышыце, люляйце свой напеў векавы,
А я лягу-прылягу край гасцінца старога
На духмяным пракосе недаспелай травы.
Да Ніла Гілевіча ніхто не звяртаўся да такога жанру, як раман у вершах. Яго паэма. “Родныя дзеці” – унікальны раман для беларускай літаратуры. Віртуознае валоданне словам, эрудыцыя, тонкае адчуванне стылю дапамагалі Гілевічу ствараць такія рознапланавыя рэчы: ад вершаванага рамана да народных песняў і магутнай публіцыстыкі.
Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча (1951), а таксама філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). Кандыдат філалагічных навук, прафесар. У 1958-1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты “Звязда”. З 1960 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980-1989 – першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З чэрвеня 1990 – старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985—1996). Уваходзіў у Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР.
У 1980 годзе Нілу Гілевічу прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1991– званне “Народны паэт БССР”.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, іншымі ўзнагародамі.
Дзякуй, Ніл Гілевіч, за вершы, за роднае беларускае слова. Светлая табе памяць.
I жэнiцца i родзiць вёска слаба.
Гiсторык з часам знойдзе веку штрых:
У кожнай хаце – толькi дзед ды баба,
У кожным класе – толькi сем малых.
А помнiцца: на школьны пляц-падворак
З адной сям’i нас бегла семярых…
Цi зразумее будучы гiсторык,
Як мне ўпiваўся ў сэрца “веку штрых”?
Рэдакцыя “Герой працы”.
Надрукавана ў №26 ад 01.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *