Справаздачны канцэрт “Гудуць званы” прадставіла галіна культуры Шумілінскага раёна

Актуалии

Культура трымала справаздачу
У Год культуры ў Віцебскай вобласці праходзіць агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці. Справаздачны канцэрт “Гудуць званы” прадставіла 31 сакавіка на суд абласнога журы галіна культуры нашага раёна.
У Шуміліна ў гэты дзень завіталі не толькі члены журы з  Віцебска, але і прадстаўнікі аддзела культуры Бешанковіцкага райвыканкама – паглядзець на калег, нешта пераняць.

Глядзець было што. На сцэне паказалі сваё майстэрства калектывы дзіцячай школы мастацтваў – народны аркестр народных інструментаў, хор выкладчыкаў, ансамбль барабаншчыц, сямейны ансамбль “Чароўныя музыкі”, дзіцячая вакальная група.
Раённы цэнтр культуры на сцэне прадстаўлялі народны фальклорны калектыў “Гульбічы”, народны тэатр мініяцюр “Буфф”, салісты групы “Шанс”, танцавальны калектыў.
Яркія насычаныя фарбы ў агульны каларыт канцэрта дадалі народны вакальны ансамбль “Гарэзнікі” з Обалі і танцавальны калектыў Лаўжанскага цэнтра культуры.
Журы на чале з Галінай Баркевіч, начальнікам аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, паставіла высокую адзнаку шумілінцам. Адзначана ўдалая рэжысура канцэрта, цэласнасць праграмы, якой спрыяла выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў Дома рамёстваў, арганізаваная ў фае Цэнтра культуры.
З канцэртных нумароў журы вылучыла фальклорны калектыў “Гульбічы”, хор выкладчыкаў  і аркестр народных інструментаў ДШМ, пахваліла за тое, што на шумілінскай сцэне з’явілася сучасная харэаграфія.
Дырэктар Шумілінскага цэнтра культуры Марына Прохарава расказала, што 19 мая ў летнім амфітэатры Віцебска адбудзецца канцэрт, у якім прымуць удзел лепшыя артысты вобласці, у тым ліку і з Шуміліна. Хто дакладна будзе ўдастоены гэтага гонару, стане вядома крыху пазней.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №27 ад 05.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *