Вопросы питания детей рассмотрены на заседании совета отдела образования

Актуалии Здоровье Образование

Чыстыя талеркі – лепшы камплімент повару
Ніхто не стане спрачацца з тым, што накарміць дзяцей – гэта базавая функцыя дарослых, клопат, важнасць якога немагчыма пераацаніць. Гэта добра разумеюць у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таму пытанне харчавання дзяцей знаходзіцца на пастаянным кантролі, перыядычна разглядаецца на савеце аддзела.  31 сакавіка, падчас планавага савета, галоўны спецыяліст аддзела Л. Г. Сямёнава падрабязна прааналізавала работу ўстаноў адукацыі па арганізацыі якаснага харчавання школьнікаў і выхаванцаў.
У гэтым навучальным годзе харчаваннем ахоплена 99,4% дзяцей. Да слова, усе вясковыя дзеці маюць магчымасць атрымліваць гарачы абед. Толькі дзве шумілінскія школы, а таксама Обальская і Мікіціхінская ў гэтай справе супрацоўнічаюць з райспажыўтаварыствам, ва ўсіх астатніх установах адукацыі харчаванне дзетак – гэта клопат аддзела.
Вядзецца пастаянная работа па матэрыяльна-тэхнічным умацаванні харчаблокаў. Напрыклад, летась на цякучы рамонт было затрачана 20 мільёнаў з бюджэту раёна і 11 мільёнаў рублёў пазабюджэтных сродкаў і сродкаў папячыцельскага савета. Посуд і неабходны інвентар аднаўляецца па меры неабходнасці за кошт сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці саміх школ і садкоў. Напрыклад, у мінулым годзе на гэта было патрачана 60 мільёнаў рублёў. Любоў Генадзьеўна адзначыла здавальняючы стан посуду і кухоннага інвентару. Тым не менш для некаторых устаноў пытанні аднаўлення і мадэрнізацыі абсталявання сёння актуальныя: ёсць неабходнасць у халадзільным абсталяванні, пасудамыечных машынах і інш.
У імкненні смачна і карысна накарміць дзяцей робіцца ўсё магчымае, каб зрабіць харчаванне больш танным. Пытанне набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з імклівым ростам цэн на прадукты. Але гэта, у сваю чаргу, нікога не пазбаўляе ад неабходнасці захоўваць тыя ж натуральныя нормы, вытрымліваць іншыя патрабаванні. Аддзелам заключаны дагаворы з такімі прадпрыемствамі, як Міёрскі мясакамбінат, “Малако”, “Вітконпрадукт”, “Каліна” і іншымі на прамыя пастаўкі прадукцыі, галоўным пастаўшчыком застаецца шумілінскае райспажыўтаварыства. Ды і самі ўстановы адукацыі не спяць у шапку, напрыклад, у гэтым навучальным годзе імі было нарыхтавана 42 тоны бульбы, 24 тоны гародніны. Поўнасцю сельскагаспадарчай прадукцыяй сябе забяспечылі Навікоўская, Мішкаўская, Слабадская, Льнозаводская школы, Крывасельскі дзіцячы сад і многія іншыя ўстановы. Некаторым садам  удалося дамовіцца з сельгаспрадпрыемствамі на бясплатную пастаўку малака. Усё гэта дазваляе карміць дзяцей больш паўнацэнна. Як слушна заўважыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова, не кожнае дзіця можа дома добра пад’есці, гэта таксама трэба мець на ўвазе.
Станоўча Любоў Генадзьеўна адзначыла дзейнасць па арганізацыі  харчавання ў СШ №2, дзе праведзена работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблока, абнаўленні інтэр’еру абедзеннай залы, а дырэктар гэтай школы Д. І. Кахтэнка шчыльна кантралюе гэты працэс. Наогул, нядаўна праведзены аддзелам маніторынг выкрыў некаторыя праблемы ў арганізацыі харчавання, якія былі агучаны падчас савета і атрымалі канкрэтныя тэрміны для выпраўлення сітуацыі. Калі гаварыць у цэлым, то недапрацоўкі тычацца не заўжды адказнага падыходу да бракеражу (праверка адпаведнасці якасці стравы вызначаным стандартам, а бракеражныя камісіі створаны ва ўсіх установах); адхіленняў ад неабходнага двухтыднёвага меню, якое гарантуе разнастайнасць рацыёну харчавання; паставак прадуктаў адпаведнай якасці і згодна з заяўкамі. Што тычыцца апошняга, то ў многіх кіраўнікоў устаноў адукацыі шмат пытанняў узнікла да райспажыўтаварыства як асноўнага пастаўшчыка. А ў Обальскай школе наогул стаіць пытанне пра замену повара, работа якога не вытрымлівае ніякай крытыкі.
Дарэчы, і дырэктар школы, і загадчыца садка нясуць поўную адказнасць за арганізацыю харчавання дзяцей у сваёй установе. У сувязі з гэтым асабліва важна мець на школьнай кухні сапраўдных прафесіяналаў, людзей, якія любяць сваю справу і разумеюць усю ўскладзеную на іх адказнасць. І сярод 47 повараў, якія працуюць у школах і садках нашага раёна, шмат такіх, якія не падвядуць ні сябе, ні кіраўніка, ні – галоўнае – дзетак. І асноўны крытэрый тут – чыстыя талеркі.
На савеце былі абмеркаваны і іншыя надзённыя пытанні сістэмы адукацыі, па ўсіх былі прыняты рашэнні.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №27 ад 05.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *