“Вспахали, посеяли, обмолотили – и никаких проблем. Плюсы и минусы передачи огородов в севооборот сельхозпредприятий

Актуалии Сельское хозяйство

«Узаралі, пасадзілі, абмалацілі – і ніякіх праблем!»

Директор ОАО "Ловжанское" А. В. Алексеенко

Два гады ўжо ідзе ў раёне работа па ўключэнню прыватных зерневых ўчасткаў  у агульны севазварот гаспадарак. Асабліва паспяхова рашаецца гэта пытанне ў Лаўжанскім сельсавеце. Пра сакрэты эфектыўнай работы ў гэтым накірунку вядзем гутарку са старшынёй Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко і дырэктарам ААТ “Лаўжанскае” А. В. Аляксеенкам.
– Скажыце, калі ласка, колькі гектараў былых прысядзібных участкаў уведзены  ў агульны севазварот?

Председатель Ловжанского сельисполкома С. П. Кийко

С. П. Кійко: – Калі два гады таму ў севазварот гаспадаркі было ўключана толькі каля дваццаці гектараў, то летась гэта лічба вырасла амаль да пяцідзесяці гектараў. 104 сем’ям восенню аддалі 77 тон высушанага зерня.
– Як ўдалося пераканаць людзей у карысці такой справы?
С. П. Кійко: – Галоўнае – размаўляць з людзьмі, расказваць, тлумачыць усе нюансы. І кіраўніцтва саўгаса, і работнікі сельвыканкама, і старэйшыны вёсак пераконвалі, што гэта будзе палёгка перш за ўсё прыватным гаспадарам. Людзям пажылога ўзросту цяжка ўпраўляцца з канём, а трактару ці камбайну нязручна круціцца на невялічкіх агародах. У рэшце рэшт вяскоўцы самі падлічылі выгоды: трэба ўзараць агарод, пасеяць, пратруціць, потым выпісаць камбайн. За ўсё трэба заплаціць, пабегаць, дык ці не лепш аддаць свае соткі ў агульны севазварот?
А. В. Аляксеенка: – Гэта праўда. Калі шчыра, дык некаторых не прыйшлося нават ні пераконваць, ні ўпрошваць. Многія вяскоўцы маюць родзічаў ва Ушацкім ці Докшыцкім раёнах, дзе такая справа стала прывычнай з’явай. Вядома, пра цану таксама цікавіліся. І калі дазналіся, што не накладна, прыйшлі з заявамі і суседзяў яшчэ з сабой прывялі.
– А колькі каштуе ўзараць, апрацаваць, абмалаціць і высушыць зерне, скажам, з адной соткі?
А. В. Аляксеенка: – У пераважнай большасці вяскоўцы сеяць ячмень. Па падліках эканамістаў гаспадаркі гатовае зерне з адной соткі ў мінулым годзе каштавала каля пяці тысяч рублёў. Гэта нядорага, калі ўлічыць тое, што ўсе агранамічныя работы былі праведзены па тэхналогіі. Людзі засталіся задаволенымі.
– Усе аднолькава плацяць ці ёсць для кагосьці льготы?
С. П. Кійко: – Льготы прадугледжаны для тых сем’яў, дзе ў гаспадарцы працуюць два чалавекі, яны плацяць палову кошту. Такая ж льгота і для былых калгаснікаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Для сем’яў, дзе ў гаспадарцы працуе адзін чалавек, аплата зніжана да 25%.
– А ці былі нараканні з боку вяскоўцаў у мінулым годзе, калі ўраджайнасць зерневых зусім не парадавала?
С. П. Кійко: – Не, людзі не скардзіліся і ніхто не пажадаў забраць свой участак з агульнага севазвароту. Па-першае, усе загадзя ведалі, што зерне будзе выдавацца па сярэдняй ураджайнасці ў гаспадарцы. Па-другое, людзі параўналі, якая ўраджайнасць на прыватных агародах у тых, хто не пайшоў у “абшчыну”. З-за спякотнага лета ў некаторых зерне “згарэла”, у іншых заглушыла пустазеллем.
–  Лаўжанскі сельсавет вялікі. Напэўна ж, недзе людзі не спяшаліся, прыглядваліся, а недзе на “ура” ўспрынялі агульны севазварот?
С. П. Кійко: – Вядома. Больш ахвотна даверылі саўгасу свае соткі жыхары Мікіціхі. Летась тут каля 70% агародаў былі ўведзены ў агульны севазварот. Вельмі актыўна пайшлі ў Будобалі, Цаўях і Мазурыне.
А. В. Аляксеенка: – А яшчэ ў Гаравых. Некаторыя нават напісалі па дзве заявы ў гаспадарку – ад мужа і жонкі. Тлумачым людзям, што можам прыняць у севазварот толькі паўгектара ад аднаго падворка. Калі будзем даваць па 50 сотак кожнаму члену сям’і, то і гаспадарцы недзе будзе сеяць.
– Сёлета справа па ўключэнню ў агульны севазварот прыватных зерневых участкаў працягваецца?
С. П. Кійко: – Вядома. Многія ўжо напісалі заявы, іх прыносяць амаль кожны дзень. Вяскоўцы з Захарава, Спаскага і іншых вёсак жадаюць далучыць свае агароды да агульнага севазвароту. А ўвогуле больш за дзвесце прыватных агародаў будзе ўключана ў севазварот, а гэта больш за дзевяноста гектараў.
А. В. Аляксеенка: – Больш таго, заявы прыносяць нават і тыя, хто раней увогуле не меў агарода. Але спачатку такіх людзей мы накіроўваем у сельсавет, каб напісалі заяву аб выдзяленні ім зямлі пад агародніцтва, каб заплацілі падаткі. Пасля гэтага ўключаем і іх прыватныя соткі ў агульны севазварот.
А што кажуць самі людзі?
Уладзімір Фёдаравіч Буракоў, в. Цаўі:
– Узаралі, пасадзілі, абмалацілі – і ніякіх праблем! У мінулым годзе з гаспадаркі прывезлі 850 кг зерня, за вырошчванне заплаціў 233 тысячы. А сеяў яшчэ ўчастак каля дома, дык ячмень прапаў – сабралі менш, чым пасадзілі.
Валянціна Сцяпанаўна Волкава, в. Мазурына:
– Для нашай сям’і агульны севазварот справа новая, сёлета падалі заяву. Чаму? Суседзі, іншыя вяскоўцы расказалі, што гэта і зручна.
Раіса Ермалаеўна Лазукова, а.г. Мікіціха:
– Наш агарод у агульным севазвароце ўжо трэці год. Скажу адно – вельмі зручна. Не трэба чакаць і хвалявацца, пакуль камбайн прыедзе. Удзячны гаспадарцы, што аказвае нам такую важкую паслугу.
Аліна Антонаўна Храпавіцкая, в. Будобаль:
– Раней абмалочвалі прыватныя агароды ў апошнюю чаргу, пасля саўгаснага. А цяпер галава не баліць. Усё за нас зробяць, не трэба гнуцца з сярпамі, не трэба касіць зерневыя і складваць у стажкі – рукі аслабаніліся. З гаспадаркі прывязуць зерне – чыстае і высушанае.
Надрукавана ў №27 ад 12.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *