Совещание с выездом в «Лежни» провели специалисты шумилинского райсельхозпрода

Главное Новости Сельское хозяйство

У «Ляжнях» змаглі – і іншым па сілах

Не выпадкова для правядзення раённай сельскагаспадарчай нарады спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама выбралі ААТ «Ляжні». У галіне жывёлагадоўлі гэтая гаспадарка ў мінулым годзе працавала роўна і стабільна. Маюць нядрэнныя вынікі па надоях, прывагах, узнаўленні статку і сёння.

Удзельнікі нарады на ферме Ляжні-3.

Удзел у нарадзе прыняў старшыня райвыканкама Віктар Гутараў. Віктар Сяргеевіч адзначыў, што ў «Ляжнях», як і ў іншых сельгасарганізацыях, ёсць нямала праблем. Тым не менш тут змаглі арганізаваць работу так, што дояць сем літраў на карову, а не два, як, напрыклад, у «Прыдзвінскім».
Пра тэхналогію работы ў галіне жывёлагадоўлі расказаў дырэктар ААТ Ляжні Аляксандр Папіна, які акцэнтаваў увагу на тое, што добрых вынікаў магчыма да-біцца толькі ў згуртаванай і зла-джанай рабоце. А яна ў гаспадарцы ёсць: адзінай камандай працуюць намеснік кіраўніка Валянціна Яцко, галоўны заатэхнік Наталля Васілеўская, галоўны ветурач Аляксандр Прохараў, брыгадзіры фермаў, якія непасрэдна на месцах адказваюць за тэхналогію і дысцыпліну. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, галоўныя заатэхнікі і ветурачы, якія ўдзельнічалі ў нарадзе, упэўніліся, што ўмовы для работы тут звычайныя: і пад’езды да фермы не вельмі добрыя, і памяшканні далёка не новыя, і сучасных даільных залаў няма. Нягледзячы на гэта, некаторыя даяркі абышлі па надоях тых, хто працуе на сучасным абсталяванні.
У чым сакрэт, разбіраліся на нарадзе на прыкладзе фермы Ляжні-3, дзе ўсталяваны звычайныя перасоўныя даільныя ўстаноўкі. Прасачылі кожны тэхнала-гічны ланцужок, пачынаючы ад нараджэння цяля і яго выпойвання малодзівам, і заканчваючы жывёлай перадзлучнога ўзросту.
У прафілакторыі для цялят, які разлічаны на 28 месцаў, чыста і суха. Кожнае цяля знаходзіцца ў асобнай клетцы і атрымлівае патрэбны рацыён. Праз тры тыдні жывёлу пераводзяць на дарошчванне, вялікая ўвага жывёле ўдзяляецца ў злучным і перадзлучным узростах. Цяляты ў кожным узросце атрымліваюць спецыяльны камбікорм – на гэтым у гаспадарцы не эканомяць, бо ўпэўнены, што толькі са здаровага цяля атрымаецца малочная карова. У групах некаторых даярак ёсць каровы, якія далі за мінулы год па чатыры тысячы кг малака. У цэлым жа па ферме Ляжні-3 надой на карову летась склаў 3500 кілаграмаў. Сёлета калектыў нацэлены на чатырохтысячны вынік. Усе падставы для гэтага ёсць: калектыў, добрыя кармы, жаданне працаваць яшчэ лепш, бо ад гэтага залежыць заробак усіх і кожнага паасобку. Акрамя таго, забяспечанасць гаспадаркі цёлкамі лепшая ў раёне – 118% да плана.
Удзельнікі нарады пабывалі ў лабараторыі гаспадаркі, дзе правяраецца гатунак малака, яго шчыльнасць, іншыя параметры. З фермаў адпраўляюць прадукцыю на вытворчы цэх ААТ «Малако» з адпаведнымі суправаджальнымі дакументамі. Маючы іх, спецыялісты гаспадаркі могуць смела адстойваць свае правы. Ды і мясцовыя даяркі ўпэўнены, што з фермаў, дзе яны працуюць, малако ідзе якаснае. Так, за мінулы год было здадзена 97% гатунку «экстра». Далёка не кожная гаспадарка раёна можа пахваліцца такім вынікам. Спецыялісты райсельгасхарчу настойліва рэкамендавалі кіраўнікам усіх гаспадарак зрабіць лабараторыі і штодзённа правяраць якасць малака на кожнай ферме.
Нарада прадоўжылася ў Ляжнёўскім сельскім клубе, дзе начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ягор Чарняўскі і яго намеснік Наталля Дубіневіч гаварылі пра вынікі мінулага года ў рабоце жывёлаводаў, аналізавалі памылкі і пралікі, крытыкавалі гаспадаркі раёна, якія мінусуюць па надоях малака. Начальнік райветстанцыі Ларыса Ціханенка і начальнік племстанцыі Алена Пяшко засяродзілі ўвагу спецыялістаў на важнасці арганізацыі штодзённых прагулак жывёлы, яе лячэнні, выкарыстанні дрэнчараў для выпайкі цялят, на своечасовым выдзяленні кароў і цёлак у ахвоце.
Вынікі нарады падвёў кіраўнік раёна. Віктар Гутараў указаў, што на працягу двух месяцаў у сельгасарганізацыях варта эфектыўна папрацаваць па асемяненні, каб да канца года атрымаць прыплод. Было рэкамендавана ва ўсіх гаспадарках выкарыстоўваць корма-змяшальнікі, карыстацца паслугамі спецыялістаў абласнога племпрадпрыемства для вызначэння цяжарнасці кароў, у абавязковым парадку выганяць кароў на прагулкі і строга прытрымлівацца тэхналогіі кармлення і даення.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №9 ад 04.02.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *