Принимать хлеб в Шумилино помогают студенты

Актуалии Экономика

Студэнтаў аб’яднала жніво
4800 тон зерня – такі дзяржзаказ даведзены нашаму раёну ў гэтым годзе. 1400 тон жыта трэба здаць на Віцебскі КХП, 200 тон ячменю – на Полацкі КХП.  3200 тон харчовай пшаніцы будзе захоўвацца на Шумілінскім вытворчым участку “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”.
У пачатку тыдня мы завіталі на камбінат, каб пацікавіцца, як ідзе прыём зерня новага ўраджаю. “Поўнасцю здалі запланаваныя тоны азімай пшаніцы  “Ульскі”, “Прыазёрны мір”, “Мішневічы” і “Ляжні”, –   расказаў начальнік участка Уладзімір Мальгін. –  А “Прыдзвінскі” дык і перавыканаў план тон на дзвесце. Думаю, да канца гэтага тыдня справяцца з даведзеным заданнем і астатнія гаспадаркі.
Пасля гэтага будзем прымаць зерне у кошт даўгоў, якія нам запазычылі многія сельгаспрадпрыемствы. Мяркую, што назбіраецца больш як дзве тысячы тон зерня”.
На час жніва на вытворчы ўчастак часова ўзялі працаваць дзесяць чалавек, сярод іх ёсць і навучэнцы розных вучэбных устаноў рэспублікі. Студэнтаў з Шуміліна аб’яднала жніво. Напрыклад, уладкавалася лабаранткай Анастасія Ганчарова, якая вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на менеджара-эканаміста.
Падчас нашай размовы  пад’ехаў поўны МАЗ з зернем. Анастасія ўзялася за прывычную справу: браць пробы зерня, якое потым даследуецца ў лабараторыі. Затым машына накіравалася на вагавую. Тут вадзіцеля прыветліва сустрэла вагаўшчыца, студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Анастасія Мароз, будучы палітолаг-менеджар. Яна ўзважвае груз, запісвае лічбы ў журнал, выдае даведку вадзіцелю аб здадзеных тонах.
Зараз на вытворчы ўчастак камбіната хлебапрадуктаў кожны дзень паступае па 400-500 тон зерня. Штодзень з Полацкага КХП прыязджаюць па дзве-тры машыны, каб выконваюць заяўкі па прывозу зерня з розных гаспадарак раёна. Прадаставіў машыну і шумілінскі лясгас. КУСГП “Сіроцінскі”,  ААТ “Прыазёрны мір” і “Прыдзвінскі” прывозілі зерне на ўласным транспарце.
«У гэтым годзе зерне ідзе чыстае і сухое, яго практычна не трэба дасушваць,  – расказала Вольга Някрасава. –   Засмучае толькі адно: па якасці зерне горшае, чым летась. У мілым годзе яно ішло трэцім класам, а ў гэтым  – у асноўным чацвёртым.  Сказаліся неспрыяльныя ўмовы надвор’я».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 63 ад 14.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *