В Башнях знают, что у Валентины Ореховой растут прекрасные помидоры

Мир увлечений Сельское хозяйство

Лепшыя памідоры – у Сцяпанаўны
Кожны, хто хоць аднойчы вырасціў памідоры на сваім агародзе, больш не захоча купляць іх у магазіне, упэўнена жыхарка а.-г. Башні В. С. Арэхава. Валянціну Сцяпанаўну,  якая ўсё жыццё адпрацавала будаўніком у Наваполацку і вось ужо 16 гадоў жыве ў Башнях, лічаць выдатным агароднікам у Башнях. Вяскоўцы ведаюць: самыя лепшыя памідоры і перцы растуць у Сцяпанаўны.
Мы папрасілі гаспадыню падзяліцца сакрэтамі вырошчвання гародніны. Расада ў яе ў асобных баначках: па два калівы перцаў, па аднаму – памідораў. “Глядзець, як расце расада – адна асалода, – кажа В. С. Арэхава. – Калі пікіравала, спецыяльны расадны грунт перамешвала з попелам і з зямлёй, што на агародзе нарылі краты. У тэлеперадачы для агароднікаў казалі, што калі зямля са свайго агарода, то для памідораў меншы стрэс – яны хутчэй прыжываюцца. Расаду стаўлю на падаконнікі і на стол, што стаіць ля акна. Абавязкова падкормліваю аксідатам торфу – тады каліва расце моцнае.  Што тычыцца гатункаў, то ў мяне некалькі пастаянных надзейных сартоў памідораў, правераных часам, якія не дазваляюць застацца без ураджаю. Перавагу аддаю сярэдняраннім гатункам: “чаўнок”, “дубок”, “орбіт”, “пярсей”. Сярод любімых –  “верліока”, “благавест” і “еўпатар”, гэтыя гатункі памідор шчыра ўсыпаны пладамі. Саджаю яшчэ “дэ бараа” і “спартак”. У парнік змяшчаецца каля васьмі дзясяткаў саджанцаў. Сярод вулічных сартоў раю паспрабаваць “апулію” і “кміціц”.
Як правіла, у першай дэкадзе мая В. С. Арэхава высаджвае свае памідоры  і перцы ў парнік. Адлегласць паміж саджанцамі – 40-50 сантыметраў. У астатнім, лічыць Валянціна Сцяпанаўна, догляд за памідорамі стандартны, усім вядомы: праполка, паліў, абрэзка пасынкаў. Праўда, у жанчыны ўсё ж ёсць свой маленькі сакрэт: супраць фітафторы яна змагаецца з дапамогай крапівы. Настойвае яе ў бачку тыдзень-другі, а потым апырсквае лісты і плады. “Колькасць крапівы неабмежаваная, гэта ж не хімічныя прэпараты, – кажа Валянціна Сцяпанаўна. – Не пужайцеся, калі на пладах пасля апырсквання з’явяцца цёмныя плямы – гэта ад крапівы. Але плямы лёгка адмываюцца”. Што датычыцца гатункаў перцаў, то самы любімы ў В. С. Арэхавай – “лімонны цуд”.
Рэцэпт таматнага соку ад В. С. Арэхавай: “Вельмі спелыя памідоры перакруціць на мясарубку. Адціснуць макуху на марлю. Сок закіпяціць. На пяць літраў соку дадаць 1 сталовую лыжку солі і 3 сталовыя лыжкі цукру. Разліць сок па слоіках і закруціць”.
Людміла КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №29 ад 12.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *