Леангина и Андрей Булах из Кордона держат корову, коня, свиней, гусей…

Общество Сельское хозяйство Экономика

Каўбасы і тушонка ў яе дамашнія
Увішная і спрытная ў рабоце, добрая гаспадыня і маці – так ахарактарызавалі ў аграгарадку Кардон мясцовую жыхарку Леангіну Мікалаеўну Булах. Сям’я трымае вялікую гаспадаку: карову, каня, свіней, па статку гусей і курэй. Вядома ж, нязменным памочнікам з’яўляецца муж Андрэй Уладзіміравіч, які працуе механізатарам у КУСГП “Ульскі”.
Спраўляцца з усёй гэтай жыўнасцю дапамагаюць трое дзяцей – яны прывычныя да працы змалку. І цяпер, будучы дарослымі, спяшаюцца на выхадныя да бацькоў, каб дапамагчы.  “Трымаць такую гаспадарку – гэта хутчэй маё рашэнне, – усміхаецца Леангіна Мікалаеўна. –  Прывыкла ўсё жыццё трымаць жыўнасць, па іншаму не магу. Да таго ж, карова – вялікая падтрымка ў матэрыяльным плане, бо кожную дзесяцідзёнку плацяць грошы за здадзенае малако. Конь у гаспадарцы ўвогуле незамянімы: і агарод апрацаваць, і сена прывезці, і дровы”.
Жанчына расказала, што на мяса вырошчвае не толькі свіней, але і птушку. “Вельмі смачнае гусінае мяса, выгадна трымаць і курэй-бройлераў, – расказала Л. М. Булах. –  Да таго ж, пародзістыя птушкі  – высокапрадукцыйныя (за лета вырастаюць да чатырох кілаграмаў, а то і больш), непераборлівыя ў ежы. Выгадаваў дзесяць такіх курэй – атрымаў мяса амаль як з паловы гадавалага парася”.
Леангіна Мікалаеўна кожны год напярэдадні Каляд рэжа кабанчыка і некалькі птушак, соліць сала з мясам, робіць тушонку і каўбасы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №29 ад 12.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *