В Шумилино прошло совещание районной комиссии по чрезвычайным ситуациям

Актуалии Президент Экология

Пакуль не зазелянее трава
У чацвер, 7 красавіка, прайшло пазачарговае пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, абумоўленае крытычнай пажаранебяспечнай сітуацыяй, якая склалася на той момант у раёне. Пасяджэнне правёў старшыня камісіі Алег Быкаў. Удзел у рабоце ўзяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
“Палыхаюць літаральна ўсе сельсаветы за выключэннем хіба толькі Каўлякоўшчыны”, – абазначыў надзвычайнасць сітуацыі Алег Пятровіч, пачынаючы гаворку. А таму натуральна прыняць рашэнні, якія па-трабуюць самага аператыўнага вырашэння, выявіць недахопы і пралікі, якія не даюць зберагчы нашы палі і ўрочышчы ад агню.
Намеснік начальніка РАНС Рыгор Жук адзначыў, што падраздзяленне працуе ва ўзмоцненым рэжыме ўжо з 24 сакавіка. За гэты час каля 100 разоў выратавальнікі выязджалі на пажары, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты тры чалавекі на агульную суму 4 мільёны 410 тысяч рублёў. Работнікі адзела па надзвычайных сітуацыях выступаюць у школах і калектывах з прафілактычнымі гутаркамі, вядуць тлумачальныя размовы з насельніцтвам. Таксама імі створаны тры патрульныя групы, якія штодня здзяйсняюць патруляванне па населеных пунктах раёна (было праведзена больш за 20 такіх рэйдаў).
Але, на жаль, не усе суб’екты прафілактыкі ў поўнай меры выконваюць свае абавязкі па прафілактыцы пажараў – на гэта асаблівую ўвагу звярнула Ірына Мікалаеўна. Яна, у сваю чаргу, унесла шэраг канкрэтных прапаноў па стабілізацыі сітуацыі  ў раёне, каб не падвяргаліся небяспецы ні жыцці людзей, ні маёмасць, ні экасістэма.
Было дадзена распараджэнне правесці тлумачальныя гутаркі з гаспадарамі кожнага домаўладання, з кожным рыбаловам, з усімі, хто задзейнічаны ў вясенне-палявых работах і з вучнямі школ. Людзі павінны разумець усю небяспечнасць сітуацыі – гэта прымусіць іх быць больш абачлівымі.
Усе суб’екты прафілактыкі павінны ў поўнай меры выкарыстоўваць сваё права па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці тых грамадзян, якія сваімі нядбайнымі паводзінамі абвастраюць сітуацыю. І тычыцца гэта не толькі вясновых палаў, але і добраўпарадкавання, і падтрымання ў належным санітарным стане сваіх домаўладанняў. Зразумела, што адсутнасць парадку, засмечанасць могуць справакаваць пажар. Прагучала прапанова расказваць пра такія выпадкі і ў раённай газеце. Як слушна заўважыла І. М. Новікава, для таго, каб навесці парадак ля свайго дома, грошы не патрэбны, а таму ніякія адгаворкі ў разлік прымацца не павінны.
Вядома, што надвор’е зняла градус напалу, і сёння сітуацыя ўжо не выглядае такой крытычнай. Але ўсе агучаныя патрабаванні застаюцца актуальнымі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №29 ад 12.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *