На сессии Шумилинского районного Совета депутатов рассмотрены вопросы экологии и порядка

Актуалии Президент

На павестцы дня – экалогія і парадак
Надзвычай актыўным было абмеркаванне пытанняў, вынесеных на разгляд чарговай 22-ой сесіі раённага Савета дэпутатаў 26 склікання. Гэта ў адзін  голас адзначылі старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў і старшыня абласнога камітэта  прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Р. В. Вінакураў, якія ўдзельнічалі ў рабоце сесіі. Сесію правяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Удзел у абмеркаванні пытанняў прыняў кіраўнік раёна У. П. Куранны.
Характарыстыку экалагічнаму становішчу раёна даў старшыня раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г. М. Кісялевіч, ён прапанаваў канкрэтныя меры па яго паляпшэнні. Экалагічную сітуацыю ў раёне Генадзь Мікалаевіч назваў стабільнай, ён адзначыў станоўчыя тэндэнцыі. Найперш варта гаварыць пра стан водных рэсурсаў, бо гэта асноўны складальнік добрай экалогіі. У нашым раёне 78 рэк і ручаёў, 87 азёраў, сярод якіх месцамі масавага адпачынку вызначаны азёры Лескавічы, Шумілінскае, Будавесць і Мошна.
У раёне дзейнічае 21 суб’ект гаспадарання, што здзяйсняюць спецыяльнае водакарыстанне, адпаведны дазвол з іх маюць – 16, у сувязі з чым інспекцыяй прымаюцца меры пакарання. Адзначыў Генадзь Мікалаевіч і тое, што неахвотна прымаюцца меры па тампанажу нядзеючых артэзіянскіх свідравін.  Таксама не захоўваюцца патрабаванні па ўтрыманні зон санітарнай аховы крыніц водазабеспячэння: распрацавана ўсяго 8 праектаў (6,5% ад агульнай колькасці). Выяўляюцца парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства пры скіданні сцёкавых вод. Асноўныя забруджвальнікі тут – УП ЖКГ, Обальскі керамічны завод, вытворчы цэх ААТ “Малако” і ўсе  сельскагаспадарчыя арганізацыі.
Асноўнымі забруджвальнікамі паверхневых і падземных вод з’яўляюцца буйныя жывёлагадоўчыя комплексы. Іх у раёне два: жывёлагадоўчы комплекс па гадоўлі і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы ААТ “Лаўжанскае”, падсобная гаспадарка “Добрынская” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”. На абодвух не захоўваюцца праектныя сістэмы збору, транспарціроўкі і ачысткі гнаявых сцёкаў, здараюцца аварыйныя выкіды. На “Лаўжанскім”, дзе існуе сур’ёзная праблема з гноевыдаленнем, у 2008 годзе было пачата  будаўніцтва аб’екта “Біялагічнае збудаванне па апрацоўцы гнаявых сцёкаў”. У мінулым годзе гэтае будаўніцтва было адноўлена, асвоена 962 мільёны рублёў. Сёлета са сродкаў фонду аховы прыроды для працягвання работ выдаткавана 700 мільёнаў.
Варта заўважыць, што ўсе жывёлагадоўчыя фермы, што знаходзіліся ў прыбярэжных палосах вадаёмаў, знесены, пабудавана 10 гнаясховішчаў, арганізавана рэгулярная адвозка. Аднак гэта не здымае праблемы наогул.
Асноўны ўплыў на забруджванне паветра ў раёне аказваюць УП ЖКГ, ОКЗ, ДРБУ-204 і Шумілінскі льнозавод. Прымаюцца пастаянныя меры  па зніжэнні выкідаў забруджвальных рэчаў у атмасферу.
Гаворачы пра экалогію, Г. М. Кісялевіч шмат увагі аддаў праблеме адыходаў. Больш за 50% адыходаў сёння перапрацоўваецца (дрэваапрацоўка, асфальтабетон, льнотраста), выдзяляюцца і выкарыстоўваюцца другасныя матэрыяльныя рэсурсы (макулатура, паолімеры, шкло, шыны). Асноўная колькасць адыходаў вывозіцца на спецыяльныя палігоны. Ні санітарным, ні тэхнічным нормам не адпавядае палігон у Шуміліне. У сувязі з чым Г. М. Кісялевіч звярнуўся за дапамогай да галоўнага эколага вобласці. Той абяцаў паспрыяць, каб будаўніцтва новага палігона было ўключана ў самыя бліжэйшыя планы. Мяркуецца, што новы палігон павінен з’явіцца ў раёне былой вёскі Казаногава. Толькі за 2011 і частку бягучага года за ўтрыманне ў дрэнным стане палігонаў, што знаходзяцца на балансе ЖКГ, да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 9 чалавек на суму ў амаль 5 мільёнаў рублёў. Г. М. Кісялевіч пашкадаваў, што мы яшчэ не ўмеем зарабляць на адыходах грошы, як даўно і з поспехам гэта робяць у цывілізаваных краінах. Планы па здачы другаснай сыравіны не выконваюцца. Да прыкладу, полімеры і тэкстыль нашым раёнам не здаюцца ўвогуле. Застаюцца адкрытымі праблемы недахопу кантэйнераў (усяго каля 30% з іх прызначаны для  раздзельнага збору смецця), ліквідацыі несанкцыянаваных звалак.
Для дзейснага ўкаранення раздзельнага збору адыходаў патрэбна фінансаванне для закупу спецыяльнай тэхнікі і абсталявання, запуск станцыі сарціроўкі адыходаў, набыццё тэхнікі для іх прасавання.
Шмат гаварыў Г. М. Кісялевіч і пра добраўпарадкаванне ў Шумілінскім раёне, адзначаў станоўчае, выкрываў недахопы. Даў зразумець сваю пазіцыю ў гэтым накірунку і кіраўнік раёна У. П. Куранны. Ён незадаволены нізкай актыўнасцю насельніцтва і службаў у навядзенні парадку. А канкрэтна – тэрыторыя чыгуначнага вакзала, гарадскі стадыён, месцы масавага адпачынку і многія іншыя сёння не могуць радаваць ні ўлады, ні канкрэтна жыхароў раёна. Абурае Уладзіміра Пятровіча і нізкая аператыўнасць службаў пры выкананні канкрэтных яго даручэнняў.
Другім на павестцы дня стаяла пытанне “Аб стане водазабеспячэння насельніцтва”. А паколькі тэмы гэтая і папярэдняя цесна ўзаемазвязаны, то і разглядалі іх дэпутаты заадно. Інфармацыю паведаміў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Селязнёў. Васіль Сцяпанавіч адзначыў, што работа па забеспячэнні жыхароў раёна вадой вядзецца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Звярнула на сябе ўвагу тое, што 63% водаправодных сетак зношаны, а 40% працягласці асобных участкаў водаправода маюць 100% знос. Не вырашана пытанне фінансавання на ўтрыманне грамадскіх калодзежаў, больш паловы з якіх патрабуюць рамонту і ачысткі.
Насельніцтва раёна карыстаецца пітной вадой праз водаправоды з артэзіянскіх свідравін і  вадой з 1238 калодзежаў, што дазваляе атрымліваць у асноўным якасную ваду. Выключэннем з’яўляецца павышанае ўтрыманне жалеза ў артэзіянскіх водах, што патрабуе будаўніцтва станцый абезжалезвання. Па праграме  “Чыстая вада” такая нядаўна была пабудавана ў Мікіцісе, у 2014 годзе плануецца рэканструкцыя станцыі ў Обалі.
Наогул станцыі абезжалезвання неабходныя ва ўсіх населеных пунктах, у Обалі трэба  будаваць новую свідравіну.
З-за таго, што не праводзяцца планавыя рамонты водаправодных сетак, ЖКГ працуе літаральна ў аварыйным рэжыме. Толькі ў райцэнтры можна налічыць 6 месцаў, дзе з зайздроснай рэгулярнасцю здараюцца парывы.
У абмеркаванні ўдзельнічалі дэпутаты і кіраўнікі адказных службаў. Дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро заявіў, што прадпрыемства плануе арганізаваць брыгаду па рамонту шахтных калодзежаў, што дазволіць не толькі аператыўна рамантаваць тыя, якія знаходзяцца на балансе, але і аказваць платныя паслугі насельніцтву. А паслуга гэтая, як заўважыла І. М. Новікава, надзвычай запатрабаваная. Не адмаўляў Іван Казіміравіч віны прадпрыемства і ў вялікіх стратах (“Бывае, што цячэ вада па некалькі дзён”), несанцкыянаваных заборах вады і інш. Для таго, каб рэалізаваць усе неабходныя мерапрыемствы, звязаныя з забеспячэннем людзей вадой, ЖКГ неабходна больш за мільярд рублёў.
Р. В. Вінакураў адзначыў, што сёння ў Шумілінскім раёне праводзіцца сапраўды сур’ёзная работа па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкавання населеных пунктаў. Гэта работа адзначаецца на ўзроўні вобласці. Руслан Васільевіч – наш зямляк, ён паспрыяў таму, каб на будаўніцтва ў Шуміліне ліўневай каналізацыі вобласцю было выдаткавана 500 млн. рублёў.
На сесіі таксама была абмеркавана работа, што праводзіцца ў раёне, па барацьбе са злачыннасцю і мерах, што прымаюцца па папярэджанні правапарушэнняў. Інфармацыю па тэме выклаў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Выступілі пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў і намеснік начальніка РАУС І. А. Шаціла.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *