Шумилинский лесхоз посадит почти 50 тысяч елей по финской технологии

Экология Экономика

Па фінскай тэхналогіі
Амаль 50 тысяч маладых елачак па новай тэхналогіі высадзяць сёлета работнікі Шумілінскага лясгаса.

“У лясным масіве Шумілінскага лясніцтва адвялі 20 гектараў для маленькіх елачак, –  расказаў інжынер па лесааднаўленні лясгаса Д. П. Раманенка. –  Саджанцы, вырашчаныя з закрытай каранёвай сістэмай, высаджваем у лес упершыню. Спадзяемся, прыжывуцца добра. Калегі з іншых лясгасаў, якія раней пачалі займацца фінскай тэхналогіяй, сцвярджаюць, што саджанцы больш моцныя і патрэба ў доглядзе за імі меншая”.
Насенне дрэў у спецыяльныя кантэйнеры высяваюць у Шчучынскім рэспубліканскім насенняводчым цэнтры. Маленькія саджанцы прывозяць у Шуміліна і вырошчваюць два гады.
Як расказаў дырэктар Шумілінскага лясгаса І. Я. Папок, у цяпліцах прадпрыемства расце больш за сто тысяч саджанцаў. У асноўным гэта елкі – 83,5 тысячы аднагадовых елачак будуць высаджваць у лясы толькі ў наступным годзе.
Дбаюць тут і пра будучыя пасадкі – на днях прывязуць са Шчучына  яшчэ больш за сто тысяч штук маленькіх елачак. На думку спецыялістаў лясгаса, за вырошчваннем саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай будучыня. З гэтага года ў  кожнай вобласці рэспублікі будуць створаны лініі па сяўбе і вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. У прыватнасці, на Віцебшчыне такая лінія будзе пабудавана ў Глыбокім.
Ёсць у цяпліцах лясгаса і пасадачны матэрыял дэкаратыўных кустоў і дрэў: туі розных парод, вербы, спірэі, ядлоўцы. Па словах работнікаў лясгаса, іх з ахвотай купляюць жыхары раёна, добра разыходзяцца яны падчас кірмашоў у Віцебску.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *