Искренний разговор о судьбе Обольского керамического завода провёл с коллективом предприятия председатель райисполкома В. П. Куренной

Актуалии Президент Экономика

Обольский керамический завод

“Не скардзіцца, а працаваць закасаўшы рукавы”
Обальскі керамічны завод трапіў у бяду, выйсце з якой шукаюць не першы год. Спачатку былі надзеі на “заморскіх” інвестараў, але тыя прыязджалі, аглядалі і знікалі бясследна. Між тым прадпрыемства засмоктвалі праблемы  — і фінансавыя, і матэрыяльна-тэхнічныя. Невыносным цяжарам усклаліся на плечы даўгі. Яны, як гіры, цягнулі завод уніз. Сёння многія крытыкуюць рашэнне, прынятае ў той час, калі ОКЗ быў, калі хочаце, у зеніце славы. Абальчанам “прывязалі” расонскі філіял. Абавязалі яго выцягнуць з “балота”, а ўвязлі ў балота ўдвух. Тым не менш просіцца думка, што і кіраўніцтва завода гадоў пятнаццаць назад (быў той жа зеніт славы), меўшы гадавы чысты прыбытак у 4 мільярды (тады гэта былі грашышчы), не падумала пра рэканструкцыю першага цэха.
Словам, сёння маем тое, што маем.  Вядома, такая сітуацыя не можа не хваляваць завадчан. Зняць напружанне меўся прыезд у мінулы чацвер на завод інфармацыйнай групы райвыканкама на чале са старшынёй  райвыканкама У. П. Куранным.
Уладзімір Пятровіч разумеў, што дыялог будзе нялёгкім, напружаным, таму выклікаў аўдыторыю на шчырую і дзелавую гаворку. Без эмоцый і надрыву. Так, заводу цяжка, аднак улады робяць усё, каб  дапамагчы. Дамагліся адтэрміноўкі доўгу за прыродны газ (а даўгі завода за прыродны газ дасягаюць сёння 27 мільярдаў рублёў), дазволілі разлічвацца для пачатку хаця б за спажыты газ за бягучы перыяд, адрэгулявалі рынкі збыту обальскай цэглы. Цэгла ідзе, як кажуць, злёту — кожны дзень адгружаецца яе 250 тысяч на 800 мільёнаў рублёў. У. П. Куранны пераканаўча параіў не скардзіцца на сваю долю,  лепш працаваць закасаўшы рукавы. Заработак сёння на заводзе нізкі, аднак ён залежыць ад аб’ёмаў выпушчанай прадукцыі.
“Завод адназначна будзе працаваць, — запэўніў У. П. Куранны. — Вось толькі ўмацуем яго кіраўніцтва…”.
Да размовы 17 мая  калектыў завода разглядаў некалькі варыянтаў, якія павінны былі выратаваць сітуацыю з беспрацоўем. Аднак ні адзін з іх завадчане не прынялі. “Можа, і правільна зрабілі, — гаворыць кіраўнік раёна. – Вы патрыёты свайго прадпрыемства, вы ўсяляк хочаце захаваць сваё дзецішча. І мы дапаможам яго захаваць. Толькі трэба менш скардзіцца…”.  Магчыма,  возьме ОКЗ на парукі віцебскі  завод “Кераміка” (для гэтага трэба самім акцыянавацца), магчыма, прыйдуць іншыя варыянты, але завод трэба захаваць. Зрабіць з часам так, каб вярнуліся з расійскіх ваяжоў тыя прафесіяналы, якія выехалі на заработкі ў Расію.
У. П. Куранны адказаў на вусныя і пісьмовыя пытанні,  якія датычыліся работы прадпрыемства, даў даручэнні па вырашэнні праблем завадчан камунальна-бытавога характару.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №40 ад 22.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *