Больше 2500 тонн сыров 10 сортов выпускает за год Шумилинский цех Полоцкого молочного комбината

2023 – Год мира и созидания Экономика

За мінулы год у Шуміліне вырабілі 2585 тон сыроў

Шумілінскі вытворчы цэх ААТ «Малако» з 1 чэрвеня 2022 года вядзе работу ў новым статусе: Шумілінскі вытворчы цэх Полацкага малочнага камбіната.

Перад рэарганізацыяй нека-торыя сыраробы былі ў роспачы, бо баяліся застацца без работы. «Але ж ніякага скарачэння і не планавалася, – патлумачыла намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Полацкага малочнага камбіната Алеся Дамарад. – Наадварот, мы адкрылі сем новых працоўных месцаў: калі ў 2021 годзе ў шумілінскім цэху працаваў 141 чалавек, то на канец мінулага года – 148. Кваліфікаваныя работнікі цэха – гэта нашы асноўныя працоўныя рукі, разумныя галовы, на якіх трымаецца вытворчасць. Наша кіраўніцтва цэніць чалавека працы».

За пастаўку сыравіны ў Шумілінскі цэх адказваюць лагісты з галаўнога прадпрыемства ў Полацку. Яны аналізуюць і кантралююць сітуацыю, куды і з якога рэгіёна лепш завезці малако. Штодзень у цэх паступае каля ста тон малака. Паколькі свайго, з сельгаспрадпрыемстваў Шуміліншчыны, не хапае, завозяць з Полацкага, Гарадоцкага, Мёрскага, Ушацкага, Лёзненскага, Чашніцкага, Аршанскага раёнаў. Чым лепшае малако, тым прадукцыя атрымліваецца больш якаснай. Таму перавагу аддаюць экстракласу і вышэйшаму гатунку.

У цэху вырабляюць больш за дзесяць гатункаў розных сыроў, але больш за ўсё – «расійскага» і «пашахонскага».Пасля рэарганізацыі ўдалося ўтрымаць ранейшыя пазіцыі па вытворчасці. Спецыялісты Полацкага малочнага камбіната і шумілінскія сыраробы працуюць над адной мэтай – пашырэннем вытворчасці, паляпшэннем якасці прадукцыі. «За мінулы год у Шуміліне вырабілі 2585 тон сыроў, а за студзень – 240 тон, – працягвае размову Алеся Аляксандраўна. – Пакупнікоў задавальняе наш тавар. Дырэктар Полацкага малочнага камбіната Мікалай Мацкевіч кіруецца прынцыпам: спачатку забяспечыць прадукцыяй беларускія гандлёвыя сеткі, а потым ужо – расійскія. Практычна 90 працэнтаў шумілін-скіх сыроў спажываюць беларусы. Мы наладзілі цесныя сувязі з гандлёвымі сеткамі нашай рэспублікі «Веста», «Дабраном», «Еўраопт», «Грын», «Дыёніс». Аптовым пакупнікам падабаецца цана і якасць.

У планах на гэты год – асвоіць некалькі гатункаў новых сыроў, назву якіх пакуль трымаюць у сакрэце, правесці мадэрнізацыю часткі цэха. Размова ідзе пра тыя ўчасткі, дзе яшчэ засталася ручная праца. Чакаюцца змены ў рабоце кацельні: заканчваюцца праектныя работы, і ў хуткім часе прыступяць да рамонту, расказала Алеся Дамарад.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *