УКС: «Жывём за услуги, у государства не берём»

Актуалии Экономика

Калі адысці ад усякіх прыватных дэталяў, чалавеку для жыцця патрэбна ежа, духоўны стрыжань і жыллё. Прычым жыллё з камфортам, зручнае  і ўзведзенае на дзесяткі гадоў. Менавіта на грунтоўнае рашэнне такой нялёгкай задачы нацэлены намаганні сотняў будаўнічых прадпрыемстваў, праектных інстытутаў і арганізацый, закліканых наглядаць за парадкам, за якасцю будаўніцтва. А што кантроль патрэбен, лішні раз пацвярджаюць безліч прэтэнзій жыльцоў да якасці будаўніцтва, частыя адхіленні ад праектнай дакументацыі.
Восем гадоў назад у раёне стварылі гаспадарча-разліковую арганізацыю КУП “Шумілінскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва”.  Кіруе  калектывам Я. Р. Кобзун. Як наладжаны тэхнічны нагляд за капітальным будаўніцтвам у раёне, ці ва ўсім знімаецца напружванне з якасцю жылля, што ўзводзіцца. — на гэтыя і іншыя пытанні і вырашылі знайсці адказы ў Яўгена Рыгоравіча.
— Яўген Рыгоравіч, але ж упраўленне капітальнага будаўніцтва існавала і да гэтага. Што змянілася?
— Мы перайшлі на самаакупнасць, а значыць, дбаем перш за ўсё пра якасць сваіх паслуг. Інакш падрадчык ці заказчык абыдзе нас увагай, будзе дамаўляцца на тэхнагляд з нашымі калегамі з Віцебска, Гарадка.
— А такое не здаралася?
— Не, стараемся трымаць марку.  Жылля будуюць за апошнія гады больш, прычым самая заклапочаная гаворка вядзецца пра тое, каб яно было дзяшовым. Вядома, у падрадчыка ці субпадрадчыка свае “апетыты”, нятанныя паслугі ў праектантаў, даражэе будаўнічы матэрыял, і задачу таннага жылля выканаць нялёгка. Без згоды з нашай арганізацыяй  адхіленняў ад праекта не павінна быць. Але жыццё ставіць праблемы і перашкоды, і даводзіцца ісці часам на кампрамісы. Хаця ўступаем рэдка, адстойваем інтарэсы свайго жыльца.
— Колькі ж аб’ектаў вы кантралюеце?
— За год прыпадае 50, а то і 60 аб’ектаў. Пераважна — капітальны рамонт жылля і ўзвядзенне жыллёва-будаўнічых кааператываў. Дарэчы, з ЖБК  у нас самы галаўны боль. Калі ў так званым Верхнім горадзе кааператывы фарміравалі без праблем, то ў мікрараёне школы № 2 — больш складана. Тым не менш, на наступны год там запланавана пабудаваць яшчэ тры шматпавярхоўкі. Няпроста ідзе “нараджэнне” ЖБК у Обалі. Запланавалі дом на 32 кватэры, заказалі дакументацыю. Яна гатова, і праектанты падганяюць: аплачвайце за паслугу. А гэта 51 мільён рублёў. Дзе браць грошы? Банк не выдае нам крэдыты, бо кааператыва яшчэ не сабралі: засталіся “вакантнымі” 12 кватэр. З праектнага інстытута пагражаюць нам гаспадарчым судом. І такіх няўвязак нашай службе падкідваюць нямала. Выязджалі не раз у мястэчка  Обаль, збіралі тых, хто на чарзе на жыллё, але воз скранаецца вельмі марудна. Тут, на наш погляд, павінна быць больш наступальнай пазіцыя мясцовай улады.
— Яўген Рыгоравіч, нягледзячы на палітыку падзешаўлення жылля, дом у раёне СШ № 2 больш дарагі, чым яго папярэднік  — ЖБК № 10. Чаму?
— Каб жыллё было больш танным, трэба будаваць з танных матэрыялаў. Пакуль што так не заўсёды выпадае. На Брыкеце  ЖБК, які неўзабаве здаецца, з чырвонай цэглы і сілікатных блокаў. Цэгла — з Обальскага кера-мічнага завода. Мясцовы будматэрыял, далёка ехаць не трэба, але не зусім танны. Затое кожную пастаўленую партыю будаўнікі адбіраюць як след. Калі што не па стандарту, адсылалі назад у Обаль. Дом атрымаўся прыгожы, ён надае мікрараёну прывабнасць і больш мадэрны выгляд. Дарэчы, дом здаецца з поўным аздабленнем кватэр, без так званых адмаўленчых работ. І наогул уведзена правіла перад тым, як лічыць дом здадзеным, браць распіскі з жыльцоў аб адсутнасці прэтэнзій да будаўнікоў.
— Калі па ЖБК вы заказчыкі і цалкам кантралюеце будаўніцтва, то ці заўсёды заключаюць з вамі дамовы на тэхнагляд па капітальных рамонтах?
— У нас у штаце інжынеры–практыкі, у будаўніцтве яны, даруйце, сабаку з’елі, ёсць у нас увесь рыштунак для таго, каб замерыць, вылічыць. Таму часцей за ўсё дамовы з намі заключаюць. Больш як паўгода цягнулі з прыёмкай дома № 26 па вуліцы Ленінскай. Фірма была аўтарытэтнай, але пад канец сваёй дзейнасці талковыя спецыялісты выехалі, набралі выпадковых. Было і такое, што бракаробы разбіралі аб’ект…
— Раскажыце, калі ласка, пра тое, ці шмат клопатаў з тэхнаглядам новай фермы СВК “Баравінка”?
— Шмат. Здадзены і прыняў жывёлу першы пускавы комплекс першай чаргі, ідзе заканчэнне работ над другім комплексам. Каб здаць яго гаспадарцы, засталося работ на 6,9 мільярда. Пакуль што прыватная фірма “СаюзІнвестБуд” з Мінска графік не вытрымлівае. Мы заклапочаны, таму паслалі афіцыйную паперу кіраўніцтву фірмы ад імя старшыні райвыканкама з просьбай наладзіць трохзменную работу. Здаваць аб’ект трэба ўжо ў ліпені.
— Арганізацыя ваша прыбытковая?
— Жывём за паслугі, ні капейкі ад дзяржавы не бяром. Леташні прыбытак, напрыклад, пайшоў на аднаўленне бартавога ўазіка — затрацілі на гэта 20 мільёнаў рублёў. Цяпер у нас тры машыны — мы павінны быць мабільныя. Мы павінны сачыць за будаўнічымі навінкамі, тэхналогіямі, пастаянна абнаўляць камп’ютарныя праграмы. Так што свабодных грошай практычна не бывае. Як і свабоднага часу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *