Представляем новый проект «Мая справа» — о развитии малого бизнеса в Шумилинском районе, об инициативных и предприимчивых людях.

Актуалии Экономика

Маламу бізнэсу – вялікую ўвагу
“На 1 студзеня бягучага года ў раёне былі зарэгістраваны 202 індывідуальныя прадпрымальнікі, у тым ліку 138 – у Шуміліне, 20 – у Обалі, астатнія – у Мішкавічах, Башнях, Мішневічах, Мікіцісе, Сураўнях, Пабедзе, іншых вёсках раёна, –  расказаў начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Шумілінскім раёне А. В. Ільінец. — За студзень-люты бягучага года зарэгістраваліся яшчэ восем індывідуальных прадпрымальнікаў, двое з іх пачалі працаваць».
Вялікі ўклад у даходную частку бюджэту ўносяць прадпрыемствы  недзяржаўнай формы ўласнасці. Напрыклад, “Славянскі прадукт” за мінулы год заплаціў падаткаў больш за восем мільярдаў. “А гэта складае 26,9% ад агульнай сумы падаткаў”, – падлічыў Аляксей Васільевіч. У ліку асноўных бюджэтаўтвараючых арганізацый – “Вежа”, “Шумілінагандальбуд”, “Савстрой”, “Кансультанат”, “Цеплаправодныя тэхналогіі”.
Свая справа і ў рамеснікаў. Іх у раёне нямнога –  зарэгістравана ўсяго сем, у тым ліку тры ў Шуміліне, два – у Мікіцісе, па аднаму – у Обалі і Дабеі. Рамеснікі займаюцца лазапляценнем і саломапляценнем, вырабамі з гліны, ручным вязаннем.
Развіваецца ў раёне і аграэкатурызм: усяго за гэту справу ўзяліся чатыры чалавекі – з Чэрчыц, Шуміліна, Ерашова і Заобалі. Яны таксама выплачваюць падаткі ў раённы бюджэт.
«АДНО АКНО»
Як паведаміла загадчыца сектара прававога забеспячэння і па рабоце са зваротамі грамадзян па заяўленчаму прынцыпу “адно акно” райвыканкама Алена Аляксандраўна Тупікава, з пачатку года ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў у Шумілінскім райвыканкаме зарэгістравалася 11 чалавек. У асноўным людзі збіраюцца займацца рознічным гандлем. Некалькі чалавек маюць на мэце разгарнуць справу па аўтамабільных перавозках грузаў. За мінулы год зарэгістравалася 43 ІП.
Што тычыцца стварэння прыватных прадпрыемстваў, іх з пачатку года зарэгістравана 4 (адно з іх – па дрэваапрацоўцы). За ўвесь мінулы год “нарадзілася” 12 прыватных прадпрыемстваў.
Прыём грамадзян і прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадарання ў райвыканкаме па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі  суб’ектаў гаспадарання ажыццяўляе загадчыца сектара прававога забеспячэння і па рабоце са зваротамі грамадзян па заяўленчаму прынцыпу “адно акно” райвыканкама Алена Аляксандраўна Тупікава (2-гі паверх, каб. 221 панядзелак – пятніца з 8-00 да 13-00 і з 14-00 да 17-00).
Надрукавана ў №23 ад 29.03.2011 г.

Калі асабістае ва ўнісон з дзяржаўным
У мінулым камсамольскі важак і начальнік аўтагаспадаркі ПМК-70, Фёдар Бараноўскі вырашыў адкрыць сваю справу. Для гэтага ён меў неабходныя веды, адукацыю (па спецыяльнасці інжынер-механік), ініцыятыву, а галоўнае – жаданне.
“Захацелася жывой самастойнай справы, – тлумачыць свой выбар Ф. М. Бараноўскі. – Тут вялікае поле дзейнасці для самарэалізацыі. Жыццё прымушала варушыцца, быць пастаянна ў пошуку, займацца маркетынгавай і рэкламнай дзейнасцю”.
Фёдар Міхайлавіч – дырэктар гандлёва-вытворчага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Аўтамаш Сучасныя Сістэмы”, якое займаецца ўстаноўкай прыбораў кантролю расходу паліва і кантролем за работай тэхнікі. Устанаўліваюць і сучасныя GPS-навігатары, якія дазваляюць кантраляваць прабег аўта-транспарту, яго маршрут, хуткасць і нават час прастою. Прыватнае прадпрыемства працуе па ўсёй Віцебскай вобласці, за тры гады работы паспелі паставіць больш за тысячу прыбораў кантролю. З прадпрыемствам актыўна супрацоўнічаюць арганізацыі Віцебскага і Полацкага раёнаў, а на Шуміліншчыне прыборы ўліку паліва заказвалі ў камунгасе, ААТ “Прыазёрны мір”, прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Між іншым, такія прыборы дазваляюць скараціць спажыванне паліва ў сярэднім на чвэрць, а ў асобных выпадках – амаль напалову. Так што прадпрыемства Ф. М. Бараноўскага вельмі запатрабаванае. Увогуле Фёдар Міхайлавіч чалавек прадпрымальны і ініцыятыўны, ён мае талент арыентавацца ў няпростых рыначных адносінах, пралічыць усё да дробязяў, прааналізаваць і параўнаць дзейнасць свайго прадпрыемства з іншымі, узяць нешта перадавое на ўзброенне.
“Стараемся крочыць у нагу з часам. Дапамагаем прадпрыемствам у выкананні Дырэктывы № 3 – берагчы і эканоміць. З аўтатранспарту, на якім ўстаноўлены нашы прыборы, немагчыма ўкрасці паліва, – з упэўненасцю сцвярджае субяседнік. –  Такія прыборы дапамагаюць беражліва адносіцца да дзяржаўнай і прыватнай маёмасці, а яшчэ граматна і рацыянальна арганізоўваць работу. Так што мы гатовы супрацоўнічаць з любымі прадпрыемствамі раёна і вобласці”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №23 ад 29.03.2011 г.

Багатая гаспадарка Бацко
Сярод вяскоўцаў, багатых на падсобную гаспадарку, кіраўнік СВК “Ляжні” В. В. Яцко назвала сям’ю Алены Леанідаўны і Алега Уладзіміравіча Бацко.
Гаспадар расчыняе дзверы хлявоў і не без гордасці гаворыць: “Вось нашыя пяць кароў. Чатыры гады трымалі тры, а мінулагодняй восенню купілі яшчэ дзве. А дапамагла ў гэтым раённая газета: далі аб’яву, а праз некалькі дзён і прадаўцы знайшліся”.
Алег Уладзіміравіч падыходзіць да наступнага хлеўчука – тут стаяць два кані. А яшчэ ў гаспадарцы Бацко – дзесяць авечак. Для такога вялікага статку купілі электрапастух. Ну, а з сенам дапамагае мясцовая гаспадарка, не адмаўляюць і ў тэхніцы. У саміх Бацко ёсць дзве ўласныя конскія касілкі і граблі.
“Самі мы родам з Полацкага раёна, а ў Ляжнях жывём пяць гадоў, – гаворыць Алена Леанідаўна. – Жыццё вымушае трымаць такую вялікую гаспадарку, трэба ставіць на ногі дзяцей. З мужам падлічылі, што са здачы малака дзяржаве атрымаем неблагую капейку. Ды яшчэ цялят здадзім у калгас”.
Дарэчы, зараз сям’я Бацко здае дзяржаве каля сарака літраў малака за дзень, а ў летні перыяд – больш за 60 літраў. Упраўляцца з такой вялікай гаспадаркай дапамагаюць тры сыны  – Аляксей, Уладзімір і Аляксандр.
Алег Уладзіміравіч працуе жывёлаводам у ААТ “Ляжні”. Алена Леанідаўна – дамашняя гаспадыня. Толькі кароў ёй трэба падаіць тры разы на дзень. “Варта берагчы рукі гаспадыні, – клапатліва гаворыць Алег Уладзіміравіч. – Нагрузка вялікая, паспрабуй выдаіць рукамі столькі малака, таму ў першачарговых планах – пакупка даільнага апарата. А яшчэ трэба набыць да лета касілку на гумавым хаду”.
Дарэчы, сям’я Бацко думае ўзяць льготны крэдыт на пакупку касілкі, але сумняваюцца, ці выдадуць, бо ў жывёлавода невялікая зарплата.
З гэтым пытаннем мы звярнуліся да спецыяліста па крэдытаванні фізічных асоб ад-дзялення ААТ “Белаграпрамбанк” А. Ц. Парашчука.
“Выдаём льготныя крэдыты пад 5% на пакупку сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і абсталявання, – патлумачыў Аляксандр Цімафеевіч. – У гэтым спісе значацца і конскія касілкі беларускай вытворчасці. Каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю, трэба прыехаць да нас або патэлефанаваць 4-16-58”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №23 ад 29.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *